Абраная прэзідэнтка Беларусі адзначыла, што ў свабодным грамадстве няма страху і гэта дае сілы «мяняць жыццё да лепшага».
«Дэмакратыя – гэта не толькі права, але і агульнае абавязанне для ўсіх. Мы поўныя рашучасці стварыць новую Беларусь, заснаваную на справядлівасці, чалавечай годнасці і вяршэнстве закону. Я заклікаю свет падтрымаць народ Беларусі ў нашым змаганні за свабоду», – напісала Святлана Ціханоўская ў сваім уліковым запісе ў сацсетцы X.
Міжнародны дзень дэмакратыі адзначаецца 15 верасня і, паводле ААН, ёсць «добраю нагодаю звярнуць увагу на стан дэмакратыі ў свеце».
«Ідэалы свабоды, павага да правоў чалавека і прынцып правядзення несфальсіфікаваных выбараў на грунце ўсеагульнага выбарчага права – важныя элементы дэмакратыі. У сваю чаргу, дэмакратыя забяспечвае натуральныя ўмовы для абароны і эфектыўнай рэалізацыі правоў чалавека», – падкрэсліваюць у ААН.
Офіс Ціханоўскай сёння апублікаваў меркаванні сваёй каманды пра тое, навошта дэмакратыя беларусам.
Абраная прэзідэнтка ўпэўненая, што дэмакратыя дасць «доўгачаканую свабоду, у якой нарэшце не будзе страху». «А там, дзе няма страху, ёсць сілы мяняць жыццё да лепшага – сваё і сваёй краіны», – адзначыла лідарка.
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка мяркуе, што дэмакратыя верне беларусам пачуццё ўласнай годнасці і прымусіць уладу паважаць людзей, «чаго ў нас не было шмат гадоў».

Як лічыць дарадца ў пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі, «дэмакратыя дасць магчымасць поўнасцю рэалізоўвацца патэнцыялу найбольш працавітай нацыі Еўропы: каб і медсястра ў Лідзе, і сантэхнік у Віцебску маглі па-сапраўднаму жыць, а не выжываць».
«Дэмакратыя паставіць у парадак дня краіны права і свабоды кожнага з дзевяці мільёнаў грамадзянаў Беларусі, а не аднаго чалавека, адной сям'і, аднаго клану», – упэўнены дарадца ў парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.
Старэйшы палітычны дарадца Аляксандр Дабравольскі падкрэсліў, што «ў дэмакратыях улада служыць людзям, а ў дыктатурах – людзі служаць уладзе» і што беларускаму народу «не патрэбны гаспадар, бо народ – сам гаспадар сваёй краіны».
«У 2020 годзе шмат хто з нас упершыню паглядзеў на сябе ў люстэрка і ўлюбіўся, не спалохаўся – ні сябе, ні суседзяў. Цяпер, на жаль, такі час, калі гэтае люстэрка ад нас схавалі і кажуць, што яно было крывое. Толькі пры дэмакратыі мы зноў перастанем баяцца паглядзець адно на аднаго і зможам прызнацца ў любові – вось навошта ўсё», – растлумачыў дарадца ў прававых пытаннях Леанід Марозаў.
«Дэмакратыя неабходная, каб не было вайны», – заявіла віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Станіслава Гліннік.
Сёлета Міжнародны дзень дэмакратыі прысвечаны штучнаму інтэлекту і яго даступнасці для ўсіх. У пасланні з нагоды даты кіраўнік Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў Антонью Гутэрыш адзначыў, што штучны інтэлект мае патэнцыял для пашырэння маштабаў грамадскага ўдзелу, роўнасці і бяспекі, аднак папярэдзіў, што калі не прымаць аніякіх захадаў, то гэта можа прывесці да «сур'ёзных наступстваў для дэмакратыі, міру і стабільнасці».
Сцяпан Кубік belsat.eu