навіны

Наступ пад Курскам і дэсант пад Херсонам. Аналізуем актывізацыю ЗСУ

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 12 жніўня чытайце ў нашым матэрыяле.

Паспяховы наступ ЗСУ на тэрыторыі Расеі

Галоўнай падзеяй апошняга тыдня вайны стаў перанос баявых дзеянняў на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Ранкам шостага чэрвеня Збройныя сілы Украіны прарвалі абарону праціўніка на ўчастку дзяржаўнай мяжы паміж Сумскай і Курскай вобласцямі і зайшлі на тэрыторыі Суджанскага і Коранеўскага раёнаў РФ.

У першы ж дзень наступу ЗСУ занялі населеныя пункты Свердлікава, Дар’іна і Алешына, акрамя таго былі аточаныя сілы праціўніка ў сяле Горналь і ў памежным пункце пропуску «Суджа». Пры гэтым перадавыя групы ўкраінцаў працягнулі рух і выйшлі да Ганчараўкі і ўскрайкаў гораду Суджа.

У наступныя дні Збройныя сілы, скарыстаўшыся непадрыхтаванасцю абароны праціўніка, працягнулі развіваць наступ уздоўж асноўных дарог у абодвух раёнах: у Коранеўскім раёне перадавыя групы ЗСУ падышлі да адміністратыўнага цэнтру, у гэты ж час у Суджанскім раёне яны захапілі сам пяцітысячны горад. Адначасова з гэтым украінцы пачалі ўмацоўвацца на занятых рубяжах.

Толькі ў другой палове 8 жніўня Узброеным сілам РФ удалося перакінуць дадатковыя сілы да лініі сутыкнення і завязаць бой з перадавымі групамі праціўніка, а адносная стабілізацыя фронту пачала фіксавацца пасля 10 жніўня.

Прарыў ЗСУ на тэрыторыю Расеі агаліў слабыя месцы войскаў РФ, а таксама вымусіў іх перакінуць частку сілаў з паўначы Харкаўскай вобласці, што ў перспектыве можа адгукнуцца на абароне і гэтага ўчастку фронту. Таксама дзеянні ўкраінцаў нанеслі сур’езны іміджавы ўдар па кіраўніцтве Міністэрства абароны РФ, якое на трэцім годзе правядзення так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі дапусціла баі на тэрыторыі сваёй краіны.

У сваю чаргу для ўкраінцаў поспехі ў Курскай вобласці істотна палепшылі умовы правядзення будучых мірных перамоваў і станоўча паўплывалі на маральны дух усяго грамадства, які істотна прасеў на фоне ранейшых поспехаў расейцаў на ўсходзе краіны.

Захаванне ініцыятывы расейцаў на паўночным усходзе

На поўначы Харкаўскай вобласці баі па-ранейшаму лакалізуюцца на некалькіх асноўных участках фронту - у ваколіцах сёлаў Глыбокае і Старыца, а таксама на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў (Харкаўскі і Чугуеўскі раёны). Тут, нягледзячы на цяжкі характар баявых дзеянняў, лінія сутыкнення застаецца адносна стабільнай, а прасоўванні бакоў калі і фіксуюцца, то складаюць ня больш за сотню метраў.

Акрамя гэтага часам адбываюцца сутычкі на мяжы з Белгародскай вобласцю РФ, але яны маюць выключна лакальны характар без перспектываў на маштабныя прарывы. Імаверна, такімі дзеяннямі абодва бакі намагаюцца расцягнуць сілы праціўніка.

На паўночна-ўсходнім ўчастку фронту (купянскі і ліманскі кірункі) ініцыятыва застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія ціснуць амаль па ўсёй лініі сутыкнення, імкнучыся ў перспектыве выціснуць ЗСУ на захад ад рэк Аскіл і Жарабец. Цяпер варта звярнуць увагу на частку фронту на стыку Харкаўскай і Луганскай вобласцяў каля дарогі Сватава - Купянск: тут цягам тыдня войскі РФ месцамі прасунуліся на захад, стварыўшы ўмовы для атачэння сёлаў Пішчанае і Стэльмахаўка, а таксама далейшага выхаду да Калеснікоўкі (на ўсходнім беразе ракі Аскіл).

Стабільна цяжкае становішча ЗСУ на Данбасе

У Данецкай вобласці адной з кропак актыўнасці войскаў РФ застаюцца ваколіцы гораду Часаў Яр, усходняя частка якога знаходзіцца пад іхным кантролем. Цяпер расейцы, маючы істотную перавагу ў жывой сіле, намагаюцца перапраўляцца невялікімі групамі цераз канал Сівэрскі Данец - Данбас і замацоўвацца ў будынках прыватнага сектару населенага пункту. Вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на гэтым участку фронту, сцвярджаюць, што пакуль лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што на фоне няўдалых спробаў пераходу каналу, УС РФ працягнулі знішчаць горад ударамі авіяцыі і артылерыі.

Больш актыўна Узброеныя сілы РФ дзейнічаюць на суседнім тарэцкім кірунку, атакуючы на ўсходзе і поўдні аднайменнай агламерацыі. Найбольш складаная сітуацыя для Сілаў абароны Украіны назіраецца на тэрыторыі пасёлку Нью-Ёрк, дзе расейцы ўжо занялі паўднёва-заходнюю частку, і цяпер пагражаюць атачэннем з боку населенага пункту Залізнае.

На пакроўскім кірунку расейцы расшыраюць плацдарм на подступах да трасы Пакроўск - Канстанцінаўка, а таксама паступова рухаюцца ўздоўж чыгуначнай лініі ў бок гораду Навагродаўка: на першым участку цягам тыдня войскі РФ выбілі праціўніка з Лісічнага і, магчыма, з Іванаўкі, на другім - занялі Сяргееўку.

Праўкраінскія крыніцы пішуць, што праціўнік дасягае поспеху за кошт сур'ёзнай перавагі ў жывой сіле і авіяцыі, але пры гэтым нясе істотныя страты.

Далей на поўдзень Узброеныя сілы РФ занялі сяло Невельскае, а таксама амаль цалкам выбілі ўкраінцаў з гораду Краснагораўка.

Дынаміка баёў на Данбасе цягам апошняга тыдня паказала, што гэты ўчастак фронту з'яўляецца стратэгічным і, на дадзены момант, галоўным для расейскага камандавання. І нават у сітуацыі паспяховага заходу ЗСУ на тэрыторыю Курскай вобласці, расейскі бок не стаў адцягваць частку сілаў з Данеччыны і працягнуў развіваць ранейшы поспех.

Адцягванне ўвагі праціўніка на поўдні

На поўдні Украіны за апошні тыдзень варта вылучыць няўдалыя спробы дэсантных аперацыяў ЗСУ на херсонскім кірунку.

Напачатку - 6 жніўня - Збройныя сілы спрабавалі высадзіцца невялікай групай на Тэндраўскай касе ў Херсонскай вобласці, але поспеху не дасягнулі. Імаверна, гэтая аперацыя адмыслова праводзілася паралельна з наступаць у Курскай вобласці з разлікам на расцягванне сілаў і увагі праціўніка.

Ужо 9 жніўня ЗСУ правялі яшчэ адну спробу высадкі - гэтым разам на Кінбурнскую касу ў Мікалаеўскай вобласці. Мяркуецца, што мэтай высадкі быў захоп марскога вакзалу з далейшым стварэннем плацдарму на левабярэжжы Херсонскай вобласці, аднак і гэтая спроба аказалася беспаспяховай.

Правал марскіх аперацыяў прызнаюць і праўкраінскія крыніцы.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10