За апошнія два тыдні было зафіксавана сем выпадкаў, калі падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі заляталі дроны-камікадзэ «Shahed». Прычым у асобныя дні над Беларуссю з’яўлялася адразу па 4-6 шагэдаў. «Белсат» распавядае, што вядома пра павышаную актыўнасць расейскіх БПЛА.
Што адбываецца
У першыя сем месяцаў поўнамаштабнай вайны абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі адбываліся амаль рэгулярна. Паводле маніторынгавай праекту «Беларускі Гаюн» усяго ў 2022 годзе з Беларусі па Украіне была запушчана больш за 700 ракетаў. Таксама былі звесткі пра тое, што з тэрыторыі Гомельскай вобласці восенню 2022-га запускалі дроны-камікадзэ. Аднак у кастрычніку 2022 году ўсе атакі спыніліся. З таго часу напады ўласна з Беларусі не фіксаваліся, а транзітнае выкарыстанне беларускай паветранай прасторы былі рэдкасцю.
Улетку 2024 году ўзнікла новая тэндэнцыя: падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі сталі залятаць дроны-камікадзэ «Shahed». У ліпені было зафіксавана чатыры такіх выпадкі, прычым 13 ліпеня беспілотнік даляцеў да Віцебска, а 16-га - да Магілёва. Потым больш за месяц новых палётаў не фіксавалася, а з канцы жніўня яны набылі рэгулярны характар. Шагэды заляталі ў Беларусь падчас сямі паветраных атак на Украіну: 21, 26, 27, 29, 31 жніўня і 3,4 верасня. Паводле маніторынгавай праекту «Беларускі Гаюн», 4 верасня Беларусь наведалі адразу чатыры дроны, 27 жніўня - шэсць, 26 жніўня - тры.
«Беларускі Гаюн» таксама сцвярджае, што ў ноч на 29 жніўня для знішчэння расейскага БПЛА беларускі бок выкарыстаў вайсковую авіяцыю - гэта першы і пакуль адзіны такі выпадак за ўвесь час вайны. Здарэнне адбылося ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці. Афіцыйных заяваў на гэты конт не было. Улады ўвогуле не каментуюць парушэнні паветранай прасторы Беларусі расейскімі шагэдамі.
Заканамернасці палётаў
Падзеі апошніх двух тыдняў дазваляюць вызначыць некаторыя заканамернасці.
Па-першае, гэта не прамыя ўдары расейскіх «Shahed» праз Беларусь. Расейскія шагэды спачатку заляталі ў паветраную прастору Украіны, потым ляцелі ў Беларусь. Амаль ва ўсіх выпадках шагэды заходзілі ў беларускую паветраную прастору з Чарнігаўскай вобласці, а аднойчы, імаверна, з Жытоміршчыны. Затым БПЛА або вярталіся ў паветраную прастору Украіны, або іх сляды ў Беларусі губляліся.
Па-другое, маршруты расейскіх «Shahed» звычайна пралягаюць праз памежныя раёны, а ўглыб тэрыторыі Беларусі яны не залятаюць. За апошнія два тыдні адзіным выключэннем можна лічыць выпадак, які меў месца 4 верасня: паводле звестак «Беларускага Гаюна», дрон-камікадзэ мінуў Гомель і даляцеў амаль да Жлобіна.
Часцяком расейскія шагэты па некалькі разоў заходзяць у паветраную прастору Беларусі, выходзяць з яе і зноў вяртаюцца. Напрыклад, як вынікае са звестак украінскага маніторынгавага каналу «Николаевский Ванёк», 4 верасня намотванне кругоў паміж Чарнігаўская, Гомельскай і Чарнігаўскай абласцямі цягнулася амаль 6,5 гадзін.
Значна больш складана знайсці закамернасці ў дзеяннях беларускага боку. З інфармацыі «Беларускага Гаюна» вынікае, што ў чатырох з сямі выпадкаў вайскова-паветраныя сілы ніяк не рэагавалі на з’яўленне ў небе шагэдаў. Яшчэ ў трох выпадках у неба паднімалася авіяцыя, у тым ліку аднойчы БПЛА быў збіты. Чаму алгарытм дзеянняў настолькі розны – можна толькі здагадвацца.

Новая тактыка: хітры манеўр і ілжывыя цэлі
Беспілотнікі «Shahed» з’яўляюцца адным з ключавых інструментаў паветранай вайны супраць Украіны: яны масава выкарыстоўваюцца супраць аб’ектаў цывільнай інфраструктуры з восені 2022 года. Мадыфікацыя «Shahed 136» можа несці да 40 кг выбухоўкі і біць па цэлях на адлегласці да 1000 км (афіцыйна – нават да 2000). Гэта досыць просты і танны апарат.
Першапачаткова шагэды былі «сляпыя»: лёталі толькі па загадзя вызначаных каардынатах і не мелі зваротнай сувязі з аператарам. Прынцып: запусціў і забыўся.
З цягам часу расейцы прыклалі шмат намаганняў, каб мадэрнізаваць гэтыя БПЛА па розных параметрах. У тым ліку ёсць звесткі, што баявую частку на некаторых дронах павялічылі з 40 да 90 кг. Аднак у кантэксце залётаў шагэдаў у Беларусь прынцыпова важнай з’яўляецца іншая навацыя: дроны-камікадзэ цяпер не заўсёды «сляпыя». У асобныя БПЛА умантавалі паўэрбэнкі, 4G-мадэмы з сім-картамі, а ў асобных выпадках – відэакамеры і блокі навігацыі DGPS.
Гэтыя «гаджэты» зрабілі шагэды яшчэ больш небяспечнымі. Ва ўмовах якаснага пакрыцця тэрыторыі мабільным інтэрнэтам аператар дрона можа ў рэжыме рэальнага часу змяняць маршрут, уводзячы новыя каардынаты руху. Такім чынам, калі група дронаў трапляе пад моцны агонь супрацьпаветранай абароны і супрацьдзеянне РЭБ, частку могуць адразу перанакіраваць на іншыя цэлі. Або пасля пэўных манеўраў БПЛА вярнуць для нанясення ўдару па першапачатковай цэлі, дачакаўшыся, напрыклад, таго, каб мабільная група СПА перамясцілася ў іншую лакацыю.
Магчыма, менавіта новымі тэхнічнымі магчымасцямі дронаў «Shahed» тлумачыцца той факт, што падчас паветраных атак на Украіну расейскія БПЛА сталі рэгулярна залятаць у Беларусь. Імаверна, расейцы спрабуюць знайсці слабые месцы ва ўкраінскай сістэме СПА, а беларускую паветраную прастору выкарыстоўваюць для бяспечнага манэўравання: выляцеў з Чарнігаўшчны ў Гомельскую вобласць, знік з поля зроку ўкраінскіх вайскоўцаў, а потым нечакана з’явіўся ў Кіеўскай.
Немагчыма сказаць, ці сапраўды эфектыўныя падобныя падыходы. Прынамсі ў адкрытых крыніцах няма звестак пра тое, што хаця б у адным выпадку манеўр праз беларускую тэрыторыю дазволіў расейцам застаць украінскія СПА знянацку і трапіць у цэль. Але ў тэорыі новая тактыка выглядае цалкам рацыянальна.
У некаторых выпадках задача шагэдаў можа заключацца не ў знішчэнні канкрэтнай цэлі, а ў тым, каб «перагрэць» украінскія СПА. Аналітыкі Defense Express у канцы жніўня прыйшлі да высновы, што падчас расейскіх паветраных нападаў задача часткі шагэдаў - непасрэднае адцягненне на сябе сіл і сродкаў супрацьпаветранай абароны. Эксперты дапускаюць, што перыядычна расейцы выкарыстоўваюць дроны нават без баявой часткі, проста ў якасці ілжывай цэлі.
Выпадкі, калі шагэды шмат гадзінаў без выразнай мэты наматываюць кругі на беларуска-украінскай мяжы, могуць указываць як раз на тое, што іх сапраўдная задача - адцягнуць увагу СПА, каб павысіць шанцы на паражэнне цэляў іншымі дронамі і ракетамі. Тады няма патрэбы і ў «гаджэтах»: блуканне ў памежжы можна запраграмаваць ад самага пачатку.

Дрон, які згубіўся
Разам з тым, нельга выключаць, што часам палёты расейскіх шагэдаў над Беларуссю могуць быць звязаныя з тэхнічнымі ці праграмнымі збоямі. Напрыклад, праз няспраўнасць або пад уздзеяннем украінскіх РЭБ беспілотнік раптам ляціць па маршруце, які аператар не закладаў.
Гэта б магло патлумачыць, чаму беларускія ВПС па-рознаму рэагуюць на з’яўленне шагэдаў. Можна дапусціць, што ў адных выпадках яны маюць інфармацыю, што расейскі дрон-камікадзэ робіць свядомы манеўр праз тэрыторыю Беларусі, а ў іншых выпадках ведаюць, што БПЛА адхіліўся ад маршруту і яго перамяшчэнне трэба пракантраляваць.
Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційны спротив» Аляксандр Каваленка ў сваім Telegram-канале выказаў здагадку, што інцыдэнт 29 жніўня, калі беларуская авіяцыя знішчыла шагэд у Ельскім раёне, стаў вынікам менавіта страты кіравання над БПЛА.
,,«Калі транзітны пралёт праз тэрыторыю РБ быў узгоднены, то збіццё дрона-камікадзэ магло быць выклікана тым, што сам аб'ект страціў кіраванне і пасля ўзгаднення з «куратарамі», было прынята ўзаемнае рашэнне аб знішчэнні патэнцыйна небяспечнага некіраванага аб'екта», - зазначыў ён.
Аднак рэгулярнасць палётаў шагэдаў над Беларуссю і падабенства маршрутаў указваюць на тое, што пераважна гэта ўсё-ткі свядомая тактыка, а не серыя ненаўмысных збояў.
Глеб Нержын belsat.eu