У Празе з 29 жніўня па 1 верасня праходзіў чарговы міжнародны форум у пытаннях бяспекі GLOBSEC. Яго наведаў Павел Латушка, які заклікаў да ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. А ці спрацуе той ціск – і ці будуць яго наогул чыніць? «Белсат» спытаў палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка расказваў, што на GLOBSEC праводзіў перамовы з шэрагам заходніх палітыкаў. Ён запэўніў, што на Захадзе не мяняюць сваю пазіцыю: выступаюць за ціск, санкцыі і ізаляцыю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, гатовыя да далейшых крокаў, у тым ліку непублічных, у вызваленні палітвязняў.
І Латушка быў там не адзіным зацікаўленым у тэме Беларусі. Так, Маршалак польскага Сейму Шыман Галоўня на GLOBSEC заявіў, што Польшча працягвае ціск на рэжым Лукашэнкі для вызвалення Анджэя Пачобута і іншых беларускіх палітвязняў, а Лукашэнка ведае, што мусіць зрабіць, каб мець транзітныя калідоры для гандлю з ЕЗ. А былы прэзідэнт Балгарыі Росен Плеўняліеў на тым форуме казаў, што Уладзімір Пуцін хоча цалкам анексаваць Беларусь і Украіну, а таксама будзе рабіць высілкі ў дэстабілізацыі Малдовы.
Ці спрацуе той ціск дзеля вызвалення палітвязняў?
,,«Ніхто не ведае, якая стратэгія лепш», – кажа «Белсату» палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.
У дэмакратычных сілаў Беларусі, лічыць ён, цяпер няма стратэгіі вызвалення палітвязняў. Бо стратэгія – гэта калі ёсць планы і задачы, пад якія ёсць інструменты, рэсурсы і суб’екты. Але ў дэмакратычных сілаў Беларусі на сёння няма рэсурсаў і інструментаў для вызвалення палітвязняў.
«Таму ўсе гэтыя спрэчкі, што павінна быць на першым месцы – ці то вызваленне палітвязняў, ці то перамога над рэжымам Лукашэнкі – гэта спрэчкі трохі схаластычныя. Для рэалізацыі ні таго, ні другога ў дэмакратычных сілаў няма ні інструментаў, ні рэсурсаў».
Краіны Захаду маюць пэўныя інструменты і пэўную стратэгію, працягвае ён. Але на сёння ў Захаду проста іншыя задачы: галоўная звязаная з вайной ва Украіне, трэба нейкім чынам перамагчы ў гэтай вайне. Адпаведна, да Беларусі падыход праз прызму вайны ва Украіне: галоўнае цяпер – зменшыць магчымасць Беларусі падтрымліваць Расею ў вайне супраць Украіны. Астатняе на другім плане.
,,«Беларусь, беларуская дэмакратыя сёння не на першым месцы ў палітыцы калектыўнага Захаду», – канстатуе Карбалевіч.
А што з заявамі польскіх палітыкаў аб абмене палітвязняў на транзітныя калідоры для гандлю з ЕЗ? Карбалевіч разважае: цяжка прадказаць, на што пагодзіцца Лукашэнка, але можна канстатаваць, што на сёння Лукашэнка не ідзе на рэалізацыю патрабаванняў Варшавы. Але прагназаваць, што будзе заўтра ў гэтай сферы, палітычны аглядальнік не бярэцца.
Ірына Дарафейчук, Алесь Наваборскі belsat.eu