Кіраўнік НАУ абмеркаваў шэраг тэмаў на форуме GLOBSEC у Празе. Латушка адзначае, што заходнія палітыкі не мяняюць сваю пазіцыю, выступаючы за ціск, санкцыі і ізаляцыю рэжыму.
Пра сустрэчы з прадстаўнікамі краінаў ЕЗ на форуме GLOBSEC старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка паведаміў у сваім Telegram-канале. Палітык узняў шэраг пытанняў, у тым ліку прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за падтрыманне расейскай агрэсіі ва Украіне і злачынствы супраць беларускага народу, узмацненне санкцыйнага ціску на беларускія ўлады, праблемы легалізацыі беларусаў, магчымасці беларусаў ездзіць у краіны Еўразвязу, візавыя пытанні, падтрыманне незалежных медыяў.
Латушка правёў перамовы з дзяржсакратаром Швецыі ў справах ЕЗ, дзяржсакратарамі МЗС Славеніі і Нямеччыны, намеснікам міністра ў справах ЕЗ Чэхіі і намеснікам кіраўніка дэпартаменту Усходняй Еўропы ІЗС Чэхіі.
Сярод галоўных вынікаў сустрэчаў, як піша кіраўнік НАУ, — абмеркаванне з прадстаўніком ФРГ далейшых крокаў у вызваленні палітвязняў, улучна канфідэнцыйныя захады, абяцанне Швецы надалей падтрымоўваць дэмакратычныя сілы Беларусі і правесці правяранне міграцыйнай службы, якая надоечы пастанавіла дэпартаваць двух беларусаў, і згода Славеніі выдаваць беларускім грамадзянам праязны дакумент.
Прадстаўнікі краінаў ЕЗ «падкрэслілі гатоўнасць і надалей падтрымоўваць беларусаў у змаганні за дэмакратычную і еўрапейскую будучыню Беларусі, сустрэчы пацвердзілі кансалідаваную пазіцыю еўрапейскіх краінаў у дачыненні рэжыму Лукашэнкі», падсумаваў Павел Латушка.
Сцяпан Кубік belsat.eu