Ракетны ўдар па Харкаве і пратэсты экаактывістаў ва Угандзе. Фатаграфіі тыдня
01.09.2024, 06:58
podpis źródła zdjęcia
Удар авіябомбамі па Харкаве, фестываль бойкі памідорамі ў Іспаніі, пратэсты экаактывістаў ва Угандзе – сабралі галоўныя здымкі за тыдзень.
Кіеў, Украіна.
Мужчына ўскладае кветкі ля Сцяны памяці палеглых у расейска-ўкраінскай вайне ў Дзень памяці абаронцаў Украіны. Кіеў, Украіна. 29 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Парыж.
Бронзавы прызёр іспанец Рыкарда Тэн Аргілес святкуе перамогу на п'едэстале мужчынскай індывідуальнай гонкі праследавання C1 на дыстанцыі 3000 метраў падчас Паралімпійскіх гульняў у Парыжы. Мантынні-ле-Брэтанё (Montigny-le-Bretonneux), Францыя.
Афганістан.
Афганскія дзяўчынкі нясуць бітоны з вадою па схіле пагорка на ўскраіне Фірузкуг у правінцыі Гор, Афганістан. 28 жніўня 2024 года. Фота: Mohsen Karimi / AFP / East News
Іспанія.
Гульцы ляжаць сярод раздушаных памідораў падчас штогадовага фестывалю «La Tomatina» ў вёсцы Буннёль недалёка ад Валенсіі. Гісторыя «La Tomatina» пачалася ў 1945 годзе, калі, паводле легенды, падчас карнавалу ўзнікла спантанная бойка і ўдзельнікі пачалі кідаць памідоры адзін у аднаго. Гэтая падзея настолькі спадабалася жыхарам, што яны пастанавілі паўтараць яе штогод. Буннёль, Іспанія. 28 жніўня 2024 года. Фота: Alberto Saiz / AP Photo / East News
Украіна.
Каманда пажарных працуе на месцы ракетнага авіяўдару па шматпавярховіку ў цэнтры Харкава. У выніку атакі загінулі 7 чалавек, у тым ліку дзіця, і сама меней 97 атрымалі раненні. Паводле абласнога кіраўніка Алега Сінягубава, было пяць авіяцыйных удараў з суседняй Белгародскай вобласці боепрыпасамі УМПБ Д-30, што ўпалі ў пяці месцах трох раёнаў гораду. Харкаў, Украіна. 30 жніўня 2024 года. Фота: George Ivanchenko / Anadolu Press / Abaca Press / East News
На пляжы.
Танцоры з агнём выступаюць на пляжы тайскага вострава Самуй. 29 жніўня 2024 года. Фота: Lillian Suwanrumpha / AFP / East News
Паліцыя затрымала 21 дэманстранта.
Актывісты экалагічнага руху трымаюць плакаты і выкрыкваюць лозунгі падчас пратэсту супраць праекту будаўніцтва Усходнеафрыканскага нафтаправоду (EACOP) у Кампале. Паліцыя затрымала 21 дэманстранта. Праект будаўніцтва, што ўзначальвае французскі нафтавы гігант «TotalEnergies», прадугледжвае бурэнне нафты ва Угандзе і транспартаванне сыравіны ў Танзанію на экспарт. 26 жніўня 2024 года. Фота: Badru Katumba / AFP / East News