Эканаміст даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык пракаментаваў пастанову ўраду абмежаваць экспарт шмат якіх харчоў. Эксперт мяркуе, што, калі такая захада будзе існаваць доўга, гэта прывядзе да істотнага скарачэння вытворчасці гародніны ў Беларусі. Аналітык сказаў пра гэта на брыфінгу, прысвечаным сітуацыі ў эканоміцы. Імпрэзу наведаў карэспандэнт «Белсату».
У сваёй справаздачы эканаміст даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык адзначыў, што ў снежні ВУП Беларусі вырас на 4,7 % год да года, і гэта кампенсавала лістападаўскі спад. Выратавала прамысловасць і гуртавы гандаль. Асобна аналітык згадаў паказнікі Гомельскай і Віцебскай вобласцяў, дзе, падобна, ачуняла нафтаперапрацоўванне, якое пацярпела пасля летніх ураганаў. Акрамя таго, прамысловасць падганяў моцны ўнутраны попыт.
Разам з тым, як сказаў на брыфінгу Харытончык, «частка выпуску пайшла ў запасы, яны ў нас працягнулі павялічвацца».
Зрэшты, нягледзячы на снежаньскі поспех, агулам рост эканомікі напрыканцы 2024 года запаволіўся:
,,«Прырост ВУПу запаволіўся з 3,8 % у трэцім квартале год да года да 2,4 % у чацвёртым квартале. Пры гэтым квартальная дынаміка ў другой палове 2024 года, калі прыбраць уплыў сезоннасці, наагул не дэманстравала росту, ВУП нават крыху зніжаўся».
Калі казаць пра чацвёрты квартал, то эканоміку ўніз цягнула прамысловасць і гуртавы гандаль (якія асобна ў снежні падраслі), а таксама сельская гаспадарка. Лакаматывам было будаўніцтва на фоне росту інвестыцыяў, раздробны гандаль і агулам шалёны спажывецкі попыт беларусаў.
«Спажывецкі попыт, імаверна, стаўся прычынаю высокага росту чыстых падаткаў у складзе ВУПу, якія збольшага складаюцца з пабочных падаткаў і мытаў. Гэта, дарэчы, кажа нам пра тое, што з бюджэтам усё было няблага ў мінулым годзе», – сказаў эксперт BEROC.
Ён таксама закрануў тэму вонкавага гандлю – важнага складніка фінансавай стабільнасці краіны. У студзені – лістападзе летась імпарт павялічваўся шпарчэй за экспарт, а асобна ў кастрычніку – лістападзе, паводле Харытончыка, зніжаліся пастаўкі беларускіх тавараў у краіны СНД, дзе галоўная роля належыць Расеі. Адмысловец гэта тлумачыць тым, што мы прайграем там канкурэнцыю, найперш – кітайцам:
,,«Я пакуль прытрымліваюся думкі, што негатыўны ўплыў на экспарт у Расею аказваў у большай ступені не попыт, а канкурэнцыя, якая ўзрасла. Таксама поўная загрузка магутнасцяў у беларускай прамысловасці, нястача кадраў і недастаткова высокая інвестыцыйная актыўнасць стрымлівалі магчымасці пашырэння выпуску і экспарту тавараў».
Сёлета тавары «made in Belarus» можа чакаць у Расеі новая напасць – сцісканне попыту. Гэта адно з наступстваў жорсткай грашовай палітыкі, якую праводзяць тамтэйшыя ўлады (у адрозненне ад беларускіх). І калі да моцнай канкурэнцыі дадасца сцісканне рынку, то беларускім вытворцам будзе надзвычай цяжка захаваць леташнія тэмпы працы, і, адпаведна, такога росквіту ВУПу будзе не варта чакаць.
Экспарт у краіны «далёкай дугі» таксама не дае нагодаў для гонару:
«Пастаўкі па-за СНД таксама зніжаліся ў кастрычніку – лістападзе. Тут, пэўна, больш уздзейнічалі шокавыя чыннікі. Падобна, перасталі расці пастаўкі калію, а нафтаперапрацоўванне зазнае цяжкасці з ліпеня пасля ўраганаў, хаця, імаверна, у снежні ўсё-ткі назіралася ўзнаўленне».
У паслугах, што не даюць вонкаваму гандлю Беларусі ўпасці да зусім непрыстойных лічбаў, растуць пасажырскія перавозы і IT-сфера.
І калі вонкавы гандаль вісеў на эканоміцы важкім грузам, то ўнутраны – квітнеў як ніколі і разганяў яе. Прыбыткі – раслі, купля валюты фізічнымі асобамі – скарачалася (калі ўлічваць сезоннасць), долар – даражэў, крэдытаванне насельніцтва пашыралася – і ў гэтых умовах беларусы спажываюць як у апошні раз.
«Паводле вынікаў чацвёртага кварталу спажывецкія выдаткі хатніх гаспадарак на тавары і паслугі маглі больш чым на 23 % перавысіць сярэдні ўзровень 2021 года. Спажывецкі попыт напрыканцы года быў у стане перагрэву і ў бліжэйшай перспектыве застанецца празмерным», – сказаў Харытончык.
Ён, зрэшты, прагназуе, што такі шалёны попыт усё-ткі крыху сцішыцца з увагі на запавольванне росту заробкаў і імавернае падаражэнне крэдытаў.

,,«Агулам летась цэны, што рэгулююцца, выраслі на 4,4 %. Гэта мінімальны паказнік у XXI стагоддзі. У той жа час інфляцыя ў паслугах, што не рэгулююцца, заставалася скрайне высокаю».
Эканаміст параўнаў падаражэнне паслугаў, кошт якіх дзяржава не рэгулюе, з ростам цэнаў не нехарчовыя тавары. Розніца паміж гэтымі паказнікамі ледзь не дасягнула 8 %:
«То бок інфляцыйны навес відавочна істотны, і ён працягваў назапашвацца, бо ў часы да цэнавага кантролю такіх разыходжанняў не назіралася».
Інфляцыйным навесам адмыслоўцы называюць патэнцыйную інфляцыю, якая была б без дзяржаўнага рэгулявання. І калі ў снежні гадавы рост цэнаў склаў у Беларусі 5,2 %, то без дзяржаўных абцугоў, паводле ацэнак Харытончыка, было б удвая болей.
Аналітык прагназуе, што напачатку года інфляцыя ўсцяж будзе невысокаю, не больш за 5,5 %. Што будзе далей, залежыць ад уладаў, якія вось-вось маюць увесці новую – «справядлівую» – сістэму рэгулявання цэнаў:
«Інфляцыя можа паскорыцца да 6–8 % цягам года, калі ўлады ўсё-ткі наважацца на паступовае аслабленне цэнавага кантролю».

Сёлета, як чакае эксперт, ВУП Беларусі вырасце на 1,5–2 %, і гэта ў базавым сцэнары, калі расейская эканоміка істотна запаволіць рост, але не зазнае калапсу. Беларусы працягнуць празмернае спажыванне, таму імпарт яшчэ будзе павялічвацца і ціснуць на валютны гаманец краіны.
«Калі не адбудзецца калапсу расейскай ці сусветнай эканомікі або якога-кольвек шоку, маштаб назапашаных цяпер дысбалансаў у эканоміцы не прадугледжвае істотнай дэвальвацыі рубля. У базавым сцэнары прагназуецца яго стрыманае аслабленне да кошыку валютаў на 4 – 6 % за год. І не прадугледжваецца павышэнне інфляцыі істотна вышэй за 10 % нават пры рэзкім касаванні цэнавага кантролю», – супакоіў Анатоль Харытончык.
Шанцы таго, што ва ўладаў атрымаецца разагнаць рост эканомікі да запланаваных 4,1 %, ён ацэньвае ў 30 %. Галоўная ўмова такога поспеху – захаванне высокіх тэмпаў росту ў Расеі, а гэтага ніхто не прагназуе. Больш імаверна, што ў гульню ўступяць чыннікі, якія, наадварот, не дадуць беларускай эканоміцы апраўдаць надзеі чыноўнікаў: недахоп работнікаў, вытворчых магутнасцяў і інвестыцыяў.
Эксперт таксама пракаментаваў на брыфінгу пастанову ўладаў істотна абмежаваць вываз з краіны шмат якой гародніны. Сітуацыя крыху нагадвае «ідэальны шторм»: ураджай гародніны летась, асабліва бульбы, быў у нас даволі сціплым, а праз дзяржаўнае рэгуляванне цэны ў Беларусі ў параўнанні з расейскімі сталіся «ну вельмі нізкімі».
«Гэта проста забівае стымулы пастаўляць на ўнутраны рынак, хочацца ўсё пастаўляць на экспарт, у Расею, бо там цэны істотна вышэйшыя. Натуральна, што ў такіх умовах пастаўкі даводзіцца абмяжоўваць», – канстатаваў Харытончык.
Ён схіляецца да таго, што абмежаванне экспарту не будзе працяглым, а таму сур'ёзных наступстваў чакаць не выпадае. Аднак, калі такая пастанова стане сталаю, узнікнуць праблемы з айчыннымі харчамі.
«Гэта прывядзе да зніжэння інвестыцыяў у пашырэнне засеўных плошчаў, у інавацыі вырошчвання гародніны, і тады праз некалькі гадоў можна атрымаць даволі нядобрую сітуацыю з насычэннем унутранага рынку», – папярэдзіў эксперт.
Сцяпан Кубік belsat.eu