Як катуюць у «Віцьбе»: былы зняволены расказаў пра пабоі, працу і даносы за беларускую мову
навіны

Як катуюць у «Віцьбе»: былы зняволены расказаў пра пабоі, працу і даносы за беларускую мову

Папраўчая калонія № 3 «Віцьба»
Архіўнае фота. Папраўчая калонія № 3 «Віцьба». Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Віцьба» – адна з найбольш жорсткіх і небяспечных для жыцця калоніяў Беларусі. Былы зняволены расказаў, як адбываў там пакаранне за ўдзел у пратэстах.

Мужчына, які нядаўна выйшаў з калоніі № 3 «Віцьба» і пакінуў Беларусь, расказаў «Вясне» пра ўмовы ў калоніі і здзекі з палітвязняў.


Паводле мужчыны, яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года ў Менску, яшчэ да разгляду апеляцыйнай скаргі і набыцця прысудам законнай сілы перавялі ў калонію № 3. На зборы перад этапам далі некалькі хвілін, у «каранціне» трымалі толькі гадзіну.


І ён не зразумеў, што адбываецца, і ў калоніі не ведалі, што з ім рабіць, таму кінулі ў адзіночную камеру, потым пратрымалі два месяцы ў «памяшканні камернага тыпу».

,,

«Папраўчая калонія № 3 – „чырвоная“. Не „чорная“, дзе злодзеі кіруюць, а „чырвоная“. Тым больш там шмат міліцыянтаў. Усе падпарадкоўваюцца кіраўніцтву калоніі», – адзначыў мужчына.


Belsat

Гісторыя былога вязня «Віцьбы» Сяргея Сабалеўскага, які перажыў на зоне інсульт і выйшаў з анкахваробай

навіны

Паводле яго, адразу ад «каранціну» ў калоніі робяць усё, каб «зламаць» зняволенага. У тым ліку адразу прымушаюць падпісаць паперы, што зняволены пагаджаецца рабіць усё, што скажа адміністрацыя.


Якаснай і своечасовай медычнай дапамогі ў «Віцьбе» не атрымаць, расказвае ён. Калі захварэеш, не дапамогуць. Калі трэба лекаваць зубы, не стануць. Калі «зусім гамон», могуць даць анальгін або паставіць кропельніцу з невядомым рэчывам.


Псіхолаг у калоніі ёсць, але ён настроены рэзка супраць палітвязняў, кажа былы зняволены:

,,

«Атрад неяк ішоў на прамзону, і падышлі да псіхолага спытаць, чаму звычайныя вязні могуць зняць профулік „як схільныя да самагубства“, а палітычныя не могуць. А ён кажа: „Я наогул не разумею, чаму вас не растрэльваюць“».


Суразмоўца «Вясны» чуў, што 7 траўня 2023 года памёр 61-гадовы палітвязень Мікалай Клімовіч. На ягоную думку, Клімовіч мог не вытрымаць этапавання і «асаблівага стаўлення» да палітвязняў – інвалід II групы пратрымаўся ў калоніі крыху больш за два месяцы.


«У палітычных ва ўсіх за спінамі кайданкі, з торбамі, – апісвае мужчына этапаванне. – Вось калі кажуць, што ў цягніках „людзі як сялёдкі напханыя“, там у простым сэнсе так. Калі кабінка на чатыры чалавекі, а пхаюць туды дваццаць, то гэта сапраўды так, а яшчэ і з гэтымі торбамі вялізнымі. Таму калі ў чалавека слабое сэрца, то можа не вытрымаць. А пасля гэты каранцін – таксама стрэс. Там агулам у той час за адзін дзень тры чалавекі, здаецца, памерлі».


Паводле мужчыны, у калоніі «шмат каго збіваюць, не толькі палітычных»:

,,

„Калі супрацоўнікам штосьці не падабаецца, ці неяк не так адкажаш, то яны, канешне, могуць пабіць. Напрыклад? тых, хто сядзіць у ШІЗА. Бо якая розніца, калі да іх не пусцяць нават адваката. Таму ніхто не даведаецца, што ты там пабіты сядзіш».


Палітвязням у калоніі забараняюць займацца спортам – у пэўны момант нават забралі гіры і забаранілі займайцца на турніках. Але прымушаюць выступаць на канцэртах у клубе пры калоніі: мужчына кажа, калі адмовіўся, яго пазбавілі тэлефанавання. І хоць дазволена тэлефанаваць сваякам штотыдзень, зняволеныя маглі сядзець без сувязі месяцамі, тэлефанаванняў маглі пазбавіць цэлы атрад.

,,

«Былі выпадкі, калі прыходзілі да чалавека і казалі: „Трэба парушэнне сёння выпісаць, скажы, што там табе сёння зрабіць“», – згадвае былы зняволены.


Сяргей Пятрухін пасля эвакуацыі з Беларусі. Фота з асабістага архіву

Сяргей Пятрухін – пра карцар у Магілёве, зону ў Віцебску і транссексуала ў вар'ятні ПК-3

навіны

Забойцы і наркаманы ў калоніі ходзяць з белымі біркамі, палітвязні – з жоўтымі. Нягледзячы на наяўнасць бірак, кажа мужчына, палітвязняў пастаянна прымушалі падняць руку, каб маглі падлічыць, «колькі экстрэмістаў і тэрарыстаў». Зняволеныя задаваліся пытаннем: навошта падымаць руку, калі вядуць у сталовую ці на прамзону? З такім стаўленнем, думалі вязні, «нас хутка і расстрэльваць пачнуць».


Некаторым палітвязням, паводле мужчыны, прысуджалі па восем гадоў за надпіс «таракан», тады як забойцам давалі па сем гадоў. Сядзяць пісьменнікі, паэты, мастакі, айцішнікі – шмат з кім паразмаўляць цікава, згадвае ён. Прыводзіць прыклад: «З намі сядзеў Дзмітрый Юртаеў, а ў бібліятэцы ягоныя кнігі стаялі».


Адміністрацыя калоніі, расказвае былы зняволены, настроеная рэзка супраць беларускай мовы. Там ёсць людзі, якіх называюць «стукачамі» – якія робяць даклады адміністрацыі, «чым тыя экстрэмісты займаюцца». Па іхных даносах могуць прыйсці і абшукаць, за першае ж парушэнне пасадзіць у штрафны ізалятар, а за некалькі – дадаць да двух гадоў зняволення паводле артыкулу 411 КК РБ, які не патрабуе асаблівых доказаў.


Супрацоўнік калоніі аднойчы пабачыў у мужчыны тэксты і карцінкі з тэкстамі па-беларуску. Мужчына згадвае:

,,

«Кажа мне: „Да ты што, звар'яцеў тут па-беларуску размаўляць?“»


Папраўчая калонія №3. Віцьба, Беларусь. Крыніца: wikimapia.org

Зэкі як быдла

Меркаваннi

Жорсткае стаўленне ў калоніі не толькі да тых, хто карыстаецца беларускай мовай: мужчына кажа, умовы жудасныя для ўсіх, сітуацыя напружаная, месца мала.


Асабліва цяжка ў памяшканні камернага тыпу: тудыд не трапляе сонечнае святло, бо на вокны ўсталяваныя жалезныя «раснічкі». Узіму фортку пакідаюць адчыненай, таму вельмі халодна. У штрафным ізалятары няма матрацаў, спаць даводзіцца на жалезным ложку ці драўлянай дошцы. Ёсць камеры «для самагубцаў» з дзявыма са шклом. Па калідорах з такімі камерамі, кажа мужчына, яго выводзілі з ПКТ, каб збіваць.


Палітвязняў у калоніі ставяць на цяжкую працу – лёгкай не даюць. Напрыклад, прымушаюць цягаць бярвенне, разбіраць метал, шыць форму для расейскга войска.


Нават пры хваробе палітвязняў прымушаюць працаваць – мужчына кажа, нават пры тэмпературы ў 40° яго не пускалі да лекара, а выпраўлялі на працу. Зімой яму выдалі цяжэзную рыдлёўку і прымусілі прыбіраць снег па восем гадзінаў або проста стаяць на марозе па чатыры гадзіны.


«Адміністрацыя сваімі ўмовамі можа зрабіць узмоцнены рэжым, – згадвае ён. – Гэта цяжка. Ты кожны дзень прачынаешся а шостай гадзіне – і пачынаецца ўсё адное і тое ж. Адзінае, што выратоўвае, кнігі і спроба займацца спортам. Але ж важна, каб і харчаванне было добрае, а яны спецыяльна з перадачы робяць проста салат: рэжуць усё і змешваюць. А калі прыходзіць перадача, то гэта вельмі цяжкі дзень, бо табе трэба ўсё раскласці, падпісаць гэта. А ў гэты момант можа быць профулік, які ты не можаш прапусціць. А без перадач немагчыма вытрымаць з той ежай».

,,

«Там яшчэ і ўвесь час гэтыя культурна-папраўчыя працы, – наракае былы зняволены. – Яны там прапагандай займаюцца. Увесь час вайна, савецкія часы, паўсюль плакаты з сярпом і молатам. То ты там проста атручаны гэтым СССР і той вайной».


У «Віцьбе» сёлета памерлі два палітвязні:  50-гадовы Вадзім Храсько і 61-гадовы Мікалай Клімовіч. Былыя зняволеныя і раней расказвалі, што медычнай дапамогі там не дачакацца. Крымінальныя справы па абодвух фактах смерці палітвязняў не былі заведзеныя.


Таксама ў лютым сёлета стала вядома пра смерць 47-гадовага былога начальніка калоніі № 3 «Віцьба» Аляксея Старавойтава. Ён працаваў у «Віцьбе» з 1998 года, прыйшоў на працу кантралёрам, даслужыўся да начальніка, кіраваў калоніяй каля пяці гадоў.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10