Дзікавіцкі пра Клімовіча: Быў сапраўдным патрыётам Пінску і Беларусі
08.05.2023, 21:57
Аляксей Дзікавіцкі. Скрыншот з відэа: «Белсат»
podpis źródła zdjęcia
Сціплы чалавек з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, шмат пісаў пра свой край.
Зямляк палітвязня з Пінску Мікалая Клімовіча, журналіст і паляшуцкі паэт Аляксей Дзікавіцкі расказаў «Белсату», якою дзейнасцю займаўся блогер і палітычны актывіст ды чым запомніўся.
Аляксей Дзікавіцкі. Скрыншот з відэа: «Белсат»
Тэлежурналіст, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі кажа, што з вялікім болем даведаўся аб заўчаснай смерці палітвязня Мікалая Клімовіча, які 7 траўня памёр у Віцебскай калоніі № 3 ад нялюдскага стаўлення з боку адміністрацыі вязніцы. Мікалай быў сціплым чалавекам, які не мог заставацца раўнадушным да шматлікіх праблемаў Беларусі і роднага гораду, займаўся краязнаўствам. Дзікавіцкі і Клімовіч былі знаёмыя з сярэдзіны 1990-х.
«Мікалай Клімовіч быў актыўным удзельнікам жыцця ў Пінску. Горад не такі вялікі, таму ўсе, хто не баяўся, хто ўдзельнічаў у дэмакратычным руху, у праваабарончым руху, мы былі знаёмыя. Мікалай даволі часта браў удзел у розных мерапрыемствах, пікетах, удзельнічаў у праваабарончай працы».
Дзікавіцкі кажа, што Клімовіч сутыкаўся з пэўнымі жыццёвымі цяжкасцямі, бо праз сваю грамадзянскую пазіцыю не мог доўга ўтрымацца на працы. Журналісту і паэту, які піша вершы паляшуцкаю гаворкаю, зямляк-праваабаронца і блогер запомніўся і сваёй вялікай цікавасцю да роднага краю і гісторыі Піншчыны.
«Мікола быў даволі сціплым чалавекам і нават такім незаўважным. Але гэта быў сапраўдны патрыёт Беларусі і патрыёт Пінску, ён шмат займаўся краязнаўчай дзейнасцю, шмат пісаў на такія тэмы».
Аляксей Дзікавіцкі. Скрыншот з відэа: «Белсат» (Фота: 1reg.org)
Мікалай Клімовіч быў асуджаны ў лютым 2023 года на год калоніі за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку. Прысуд вынес суддзя Пінскага раёну і г. Пінску Андрэй Бычыла на прапанову пракурора Іллі Гузарэвіча нягледзячы на тое, што 61-гадовы Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы ў звязку з хворым сэрцам. Клімовіча ўзялі пад варту ў зале суда, а нядаўна этапавалі ў Віцебск. 7 траўня Мікалая не стала.
На смерць палітвязня адгукнулася абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, якая выказала спачуванні родным і блізкім Мікалая Клімовіча. Яна адзначыла, што ў лукашэнкаўскіх вязніцах утрымліваюцца сотні палітзняволеных з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. «Усе палітвязні павінны выйсці на волю, а яны – першымі», – заявіла Ціханоўская, адзначыўшы, што ўсе вінаватыя ў бесчалавечнымі стаўленні да вязняў абавязкова адкажуць за свае злачынствы супраць чалавечнасці.
Сваё шкадаванне з нагоды смерці ў зняволенні беларускага блогера і актывіста Мікалая Клімовіча выказала і генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч (Marija Pejčinović Burić). «Я шкадую пра смерць у турме беларускага блогера Мікалая Клімовіча, мае думкі – з ягонаю сям’ёй і сябрамі», – напісала Марыя Пэйчынавіч-Бурыч у Twitter.
У Еўразвязе смерць беларускага палітвязня Мікалая Клімовіча назвалі жахлівай навіной. Брусель патрабуе ад Менску даць доступ да Віктара Бабарыкі, нагадаў пра свой заклік расследаваць прычыны і абставіны смерці палітвязня Вітольда Ашурка. Таксама ЕЗ запатрабаваў ад рэжыму Лукашэнкі вызваліць усіх палітвязняў.
Карэспандэнты «Белсату» падлічылі, колькі ўсяго чалавек загінула ў Беларусі ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі пасля 2020 года. Гаворка вядзецца мінімум пра 22 асобы.