навіны

«Б’юць па беларусах». Менск забараніў туалетную паперу з ЕЗ і прадукцыю, якую і так не імпартаваў

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Dominika Zarzycka / Zuma Press / Forum
podpis źródła zdjęcia

Беларускі ўрад абвесціў пра новыя «контрсанкцыі» — забарону на ўвоз шэрагу тавараў з «несяброўскіх» краінаў. «Белсат» спраўдзіў, колькі ЕЗ зарабляў на гандлі гэтай прадукцыяй з Беларуссю, і спытаў у экспертаў, хто найперш пацярпіць ад «дзёрзкага» адказу Менску.


Савет міністраў пастанавіў пашырыць пералік тавараў, што забаронена ўвозіць з гэтак званых «несяброўскіх» краінаў і прадаваць у Беларусі.

Несяброўскімі краінамі беларускія ўлады лічаць:


усе дзяржавы-чальцы ЕЗ,
Албанію,
Аўстралію,
Вялікую Брытанію,
ЗША,
Ісландыю,
Канаду,
Ліхтэнштэйн,
Нарвегію,
Новую Зеландыю,
Паўночную Македонію,
Чарнагорыю,
Швейцарыю.


У пералік забароненых тавараў залучылі:
поліэтылен высокага ціску,
шынную прадукцыю,
пліты OSB,
фанеру,
сталярныя і цяслярскія вырабы,
паперу і санітарна-гігіенічныя вырабы,
паперу і кардон,
рыззё,
шкловалакно, улучна шклавату.

Асобна ўрад згадаў «любімыя» краіны цяперашніх уладаў: Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію і Чэхію. Адтуль забаранілі прывозіць і прадаваць у Беларусі:
сумкі і валізы,
шпалеры,
керамічную плітку,
санітарна-гігіенічныя вырабы,
лядоўні і маразільні,
пральныя машыны,
падгузнікі і пялюшкі.

Абмежаванні набудуць моц 15 кастрычніка. У паведамленні ўраду адзначаецца, што гэта — адказ на пашырэнне ў ліпені сёлета санкцыяў Еўразвязу супраць Беларусі.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

Калі краіны забараняюць пастаўкі якой-кольвек прадукцыі, у нарматыўных актах пазначаецца мытны код гэтых тавараў. Дакладны пералік таго, што будзе нельга завозіць у Беларусь, стане вядомым пасля публікацыі адпаведнай пастановы. У паведамленні ўраду ідзецца пра артыкулы шырокай наменклатуры. Напрыклад, да мытнага коду «Папера і санітарна-гігіенічныя вырабы» датычыць туалетная папера, папяровыя насоўкі, сурвэткі і ручнікі ды шмат чаго іншага.


Такая ж сітуацыя з наменклатурай «Папера і кардон». Летась Беларусь купіла ў ЕЗ прадукцыі гэтай групы на € 135 млн. І гэта самая адчувальная для «варожага» Захаду санкцыя.


Пры гэтым пліты OSB, што трапілі ў чорны спіс, ані летась, ані пазалетась з ЕЗ у Беларусь не пастаўляліся. Рыззя імпартавала нашая краіна ў мінулым годзе на € 3,5 млн, поліэтылену — на € 3 млн, шынаў — на € 1,2 млн, фанеры — на € 449 тысячаў, шкловалакна — на € 57 тысячаў.


Бадай, больш балючымі будуць персанальныя санкцыі беларускіх уладаў супраць Польшчы і Літвы. Напрыклад, летась з Польшчы ў Беларусь паставілі керамічнай пліткі на € 18 млн, пральных машынаў — на € 6,6 млн, лядоўняў і маразільняў — на € 8,5 млн.


Пры гэтым з шпалерамі беларускі ўрад прамахнуўся: гэтыя пяць краінаў летась экспартавалі іх у нашую краіну на € 200 тысячаў. Галоўны пастаўнік шпалераў беларусам — Нямеччына, у мінулым годзе імпарт склаў € 6,2 млн.




У некалькіх беларускіх онлайн-крамах яшчэ можна знайсці польскую і літоўскую туалетную паперу, а таксама падгузнікі з Польшчы, але выбар небагаты. Тут пануюць беларускія і расейскія вытворцы.


Акрамя таго, пакуль прадаюцца вырабленыя ў Літве і Польшчы лядоўні, польскія пральныя машыны. Як санкцыі набудуць моц, то ўсё гэта ў краме не купіш. Хаця застанецца магчымасць прывезці самастойна: калі для асабістага карыстання, то прапусцяць.


«Гэтыя контрсанкцыі найперш б’юць па спажыўцу, то бок па простых беларусах», — сказаў у каментары «Белсату» намеснік прадстаўніка ў транзіце ўлады Аб’яднанага пераходнага кабінету Арцём Брухан.


Ён звярнуў увагу на розніцу, з якой Беларусь і ЕЗ ухваляюць санкцыі:


«Тыя санкцыі, што былі ўведзеныя ЕЗ дагэтуль, часткова таксама закраналі спажывецкія тавары, але не настолькі моцна. А вось рэжым больш моцна б’е па спажывецкім таварам».


Брухан упэўнены, што дзяржаўная прапаганда расставіць патрэбныя ёй акцэнты і зваліць з хворай галавы на здаровую:


«Прапаганда будзе казаць: глядзіце, ЕЗ увёў супраць нас санкцыі, і таму вы не зможаце сабе прывезці спажывецкія тавары. Гэта зроблена дзеля таго, каб медыйна і з пункту гледжання піяру больш дэманізаваць еўрапейскія санкцыі, каб больш крытыкаваць ЕЗ і казаць, што вось еўрапейцы дрэнныя, а мы добрыя».


Пра тое, што «контрсанкцыі» галоўным чынам закрануць пакупнікоў у крамах, дзяржаўныя рэсурсы не распавядуць, затое будуць напіраць, што санкцыі ЕЗ нібыта несправядлівыя.


Наступства такіх абмежаванняў — прымус беларусаў да куплі расейскіх і беларускіх тавараў. У вызначэнні Арцёма Брухана — «мінілобінг».


«У нейкай ступені гэта такі мінілобінг расейскіх тавараў на беларускім рынку. Яны сваімі рукамі гэта робяць. Людзі ў любым выпадку будуць нешта купляць», — канстатаваў суразмоўца «Белсату».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Персанальныя санкцыі супраць Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Чэхіі аналітыка не здзівілі:


«Гэта ўжо палітычны аспект, гэта мэсідж краінам, якія найбольш варожыя да рэжыму, найбольш прынцыповыя, у якіх надпартыйная згода ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і Расеі: улада можа мяняцца, але партыйная згода застаецца, і гэта даволі прынцыповыя пазіцыі ў дачыненні рэжыму. І ў разуменні Лукашэнкі гэта краіны, якімі нібыта кіруюць ЗША».


У іншых краінах Еўразвязу маюцца сілы, лаяльныя да ўладаў у Беларусі, таму асобнымі санкцыямі Менск іх не «ўганароўвае».


«Да астатніх краінаў ЕЗ такой жорсткай пазіцыі няма, таму што сярод палітыкаў гэтых краінаў ёсць больш лаяльныя да рэжыму і да Расеі людзі. Думаю, гэта такая гульня на супрацьвагах унутры ЕЗ», — падсумаваў Брухан.


Адмысловец у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц у размове з «Белсатам» падкрэсліў, што ліпеньскім пашырэннем санкцыяў Еўразвяз ставіў на мэце ўдарыць па прадпрыемствам, якія дапамагаюць Расеі ў вайне супраць Украіны, абмежаванні таксама датычылі тэхналогіяў.


«Беларускі адказ на гэта — абы адказаць, каб проста гэта не засталося без адказу. І ўскосна гэта выглядае як спроба падтрымання ўласных вытворцаў, спроба закрыць рынак ад замежных канкурэнтаў. З эканамічнага пункту гледжання гэта шкодная і савецкага кшталту захада, спроба падтрымаць сваіх вытворцаў праз пазбаўленне канкурэнтаў, і перадусім гэта б’е па беларускіх спажыўцах, бо ў іх не будзе выбару», — сказаў эксперт.


Ён таксама ўпэўнены, што ад беларускіх «контрсанкцыяў» выйграюць яшчэ і расейскія ды кітайскія вытворцы, якія паволі захопліваюць беларускі рынак.


Чайчыц пры гэтым не выключыў, што цалкам забароненыя цяпер тавары не знікнуць, і «санкцыёнку» ўсё адно можна будзе прыдбаць, толькі праз складаную лагістыку давядзецца болей заплаціць.


Сцяпан Кубік belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10