Каракорскі браў удзел ці не ўва ўсіх беларускіх медыйных праектах у Літве.
навіны
Памёр пісьменнік і журналіст Віталь Каракорскі
podpis źródła zdjęcia
У Вільні 6 ліпеня памёр грамадскі дзеяч, журналіст і пісьменнік Віталь Каракорскі, паведамляе радыё «Свабода» са спасылкай на допіс ад імя сына памерлага. Віталю Каракорскаму было 66 гадоў, прычыны смерці не называюць.
Віталь Каракорскі (літ. Віталіюс Каракорскіс) нарадзіўся ў Бабруйску, прысвяціў тры эсэ роднаму гораду. Пасля таго як скончыў сярэднюю школу, з’ехаў вучыцца ў Літву, паступіў у Шавельскі педагагічны ўніверсітэт, затым у Віленскі. Вяртаўся ў Беларусь, дзе вучыўся ў БДУ, а затым працаваў у бабруйскім Драматычным тэатры. Ад 1990 года жыў у Вільні.
Працаваў на літоўскім радыё і тэлебачанні, стварыў тэлешоу пра літоўскіх габрэяў, праграмы пра беларусаў і расейцаў у Літве, быў аўтарам шэрагу дакументальных фільмаў. Быў таксама старшынём Калегіі этнічнай журналістыкі Літвы, сябрам Рады габрэйскай супольнасці, старшынём Рады ў справах нацыянальных меншасцяў і эміграцыі.
Паводле радыё «Свабода», браў удзел ува ўсіх беларускіх медыйных праектах у Літве, спрычыняўся да беларускай грамадскай дзейнасці. Быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu