Найбліжэйшым часам Аляксандр Лукашэнка збіраецца абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі ў Беларусі.
Пра гэта Лукашэнка заявіў 21 студзеня падчас размовы з працоўным калектывам МАЗу.
«Сёння ў нас нават невялікі лішак электраэнергіі. Але ў будучыні гэтага можа не хапаць. Таму ў найбліжэйшы час мы абмяркуем з прэзідэнтам Расеі пытанне будаўніцтва другой атамнай станцыі на тэрыторыі Беларусі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго, месца будаўніцтва яшчэ не вызначанае, але патэнцыйныя пляцоўкі ёсць.
Разам з тым, з 4 снежня мінулага года ў працы Беларускай атамнай электрастанцыі былі зафіксаваныя перабоі. АЭС не выпрацоўвала электрычнасці. Як даведалася «Зеркало» ад крыніцы, знаёмай з сітуацыяй, днямі адбылася няўдалая спроба запусціць адзін з энергаблокаў. Журналісты пад выглядам звычайных грамадзянаў патэлефанавалі на жывую лінію міністра энергетыкі і спыталі, што адбываецца на АЭС.
Са словаў крыніцы выдання, працаўнікі БелАЭС паспрабавалі падключыць да сеткі адзін з энергаблокаў 6 студзеня.
«Усё дрэнна, спроба завяршылася няўдачай, – сцвярджае крыніца. – Не магу дакладна сказаць, які блок не ўдалося вярнуць да працы, але станцыя па-ранейшаму прастойвае і не выпрацоўвае электрычнасці. Супрацоўнікі напружаныя, спяшаюцца хутчэй усё выправіць, але пакуль не атрымліваецца».
На афіцыйным сайце Беларускай АЭС таксама паведамлялася, што першы энергаблок застаецца на планава-прафілактычным рамонце. Інфармацыі пра стан другога энергаблоку няма.
Пры штатнай працы двух энергаблокаў БелАЭС забяспечвае блізу 40 % патрэбаў краіны ў электраэнергіі.
Надзея Вольная belsat.eu