Ён кажа, што ЗСУ могуць адбіць Севераданецк, але не ўпэўнены, што ў гэтым ёсць сэнс.
Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай кажа, што ЗСУ могуць адбіць Севераданецк, але не ўпэўнены, што ў гэтым ёсць сэнс з ваеннага пункту гледжання.
Як паведамляе УНІАН, Гайдай адзначыў, што яшчэ нядаўна расейская армія кантралявала 70 % Севераданецку, але за апошні дзень акупанты былі вымушаныя часткова адступіць у выніку контратак ЗСУ. Цяпер горад падзелены папалам.
Гайдай мяркуе, што ЗСУ цяпер могуць адваяваць Севераданецк. Але ён бачыць у гэтым сэнс толькі з палітычнага пункту гледжання, а не з ваеннага.
,, «Тут вайсковае камандаванне павінна прымаць рашэнні, бо выбіць расейцаў з Севераданецку магчыма. Адно што які будзе наступны крок? Яны сыдуць і з цяжкай артылерыі з авіяцыяй знішчаць усё. У стратэгічным плане Севераданецк не мае вялікага значэння. У гэтых адносінах мае значэнне Лісічанск, размешчаны вышэй і больш выгадна», – заявіў кіраўнік абласной адміністрацыі.
Паводле Гайдая, расейскі генерал Аляксандр Дворнікаў атрымаў заданне да 10 чэрвеня або захапіць цалкам Севераданецк, або цалкам перарэзаць трасу Лісічанск – Бахмут і ўзяць яе пад кантроль. На развязанне гэтых заданняў расейцы кінулі вялізную колькасць сілаў.
Раней брытанская выведка паведаміла, што ўкраінскія войскі контратакавалі ў Севераданецку і «прытупілі» імпульс расейскага наступу.
Глеб Нержын belsat.eu