Зенітна-ракетныя комплексы «Shorad Aspide» і танкі «Leopard 2 A4»
навіны
«El País»: Іспанія сабралася паставіць Украіне цяжкае ўзбраенне

podpis źródła zdjęcia
Афіцыйнага рашэння яшчэ няма, але папулярнае іспанскае выданне піша пра пастаўкі зенітна-ракетных комплексаў і танкаў.
Як піша «El País» са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе, Іспанія гатовая зрабіць «якасны скачок» у ваеннай падтрымцы Украіны: раней ужо пастаўляла лёгкае ўзбраенне, боепрыпасы і сродкі індывідуальнай абароны, цяпер рыхтуе пастаўкі цяжкага ўзбраення.
Іспанія, паводле выдання, ужо завяршае пастаўкі ў Кіеў зенітна-ракетных комплексаў малой далёкасці «Shorad Aspide» (Іспанія ўжо мае больш сучасныя), чакае завяршэння перамоваў аб пастаўках праз нямецкі Штутгарт.
Таксама Іспанія, піша «El País», гатовая паставіць Украіне нямецкія танкі «Leopard 2 A4», якія ўжо 10 гадоў стаяць у рэзерве іспанскай арміі. Аддаць могуць каля чатырох дзясяткаў гэтых танкаў, але іх яшчэ трэба будзе дапрацаваць. Іспанія прапанавала Украіне навучанне вайскоўцаў у выкарыстанні гэтых танкаў у Латвіі і затым у Іспаніі.
Прапановы аб гэтых пастаўках і навучанні агучваў іспанскі прэм’ер-міністр Педра Санчес яшчэ падчас візіту ў Кіеў 21 красавіка.
Алесь Наваборскі belsat.eu