Актывізацыя баёў на новых участках фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 847-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 19 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці баявыя дзеянні ідуць адразу на некалькіх участках фронту.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што Збройныя сілы Украіны няспынна атакуюць з поўдня пазіцыі войскаў РФ у сяле Глыбокае і перыядычна заходзяць на ўскрайкі населенага пункту.

Далей на ўсход, паводле крыніцы, фіксуюцца сутычкі каля сяла Зялёнае, але зменаў лініі сутыкнення не назіраецца.

У Чугуеўскім раёне баі лакалізуюцца на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў. Пры гэтым ЗСУ назапашваюць істотныя сілы на ўсходнім і заходнім флангах населенага пункту, рыхтуючыся да больш маштабных контрнаступальных дзеянняў.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» сцвярджае, што ў Глыбокім і суседнім да яго сяле Лук’янцы ідуць завяршальныя баі па зачыстцы ад расейскіх вайскоўцаў – тут сітуацыя мае развязацца цягам наступных некалькіх дзён.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што на ўсходзе Ваўчанску Сілы абароны Украіны крыху пашырылі зону кантролю, а таксама выбілі праціўніка з часткі пазіцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook https://www.facebook.com/photo/?fbid=807863454860068&set=pcb.807863474860066&locale=ru_RU

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё шэрагу атак праціўніка на купянскім кірунку ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Пішчанае, Стэпавая Навасёлаўка і Круглякоўка. Сітуацыя застаецца кантраляванай для Сілаў абароны краіны.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы ціснуць каля сёлаў Макееўка, Грэкаўка, Неўскае і Церны – сітуацыя напружаная для ЗСУ.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што Узброеныя сілы РФ прасунуліся да сяла Торскае, заняўшы некалькі лесапасадак паміж палёў.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

Ініцыятыва расейскіх вайскоўцаў захоўваецца і на так званым сівэрскім выступе па фронце. Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» піша, што войскі РФ выбілі праціўніка з пазіцыяў з усходу, поўдня і захаду ад сяла Раздолаўка і падышлі самыя на апошнім участку да ўскрайкаў населенага пункту. Такім чынам, на думку крыніцы, цяпер Збройныя сілы апынуліся ў паўатачэнні.

На краматорскім кірунку расейцы ціснуць ва ўсходняй частцы Часавага Яру, а таксама на поўначы ад гораду – у ваколіцах сяла Калінаўка. Прарасейскія тэлеграм-каналы заяўляць пра пераход пад кантроль войскаў РФ паўночнай часткі апошняга населенага пункту.

Ніжэй па фронце расейцы рухаюцца ў Клішчыеўцы, але пры гэтым большая частка сяла па-ранейшаму знаходзіцца ў так званай шэрай зоне, бо ніводны з праціўнікаў не можа ў ім замацавацца праз зруйнаванасць.

На тарэцкім кірунку ўпершыню за доўгі час фіксуецца ажыўленне лініі сутыкнення – тут цягам апошніх содняў УС РФ здзейснілі лакальны прарыў да сяла Паўночнае (на паўночным усходзе ад Тарэцку). «Рыбарь» піша, што агулам расейцы прасунуліся на адлегласць да 900 метраў.

«НгП раZVедка» сцвярджае, што таксама Узброеныя сілы РФ прасунуліся на паўднёвым усходзе ад гораду і падышлі да ўскрайкаў населенага пункту Нью-Ёрк.

Поспехі расейцаў каля Паўночнага пацвярджаюць і аналітыкі Deepstate.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што крытычнага правалу для ЗСУ на гэтым участку фронту няма – большая частка сілаў праціўніка была знішчаная, астатнія цяпер намагаюцца замацавацца, але нясуць страты ад удараў FPV-дронаў і артылерыі ўкраінцаў.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На поўначы пакроўскага кірунку,  паводле Deepstate, Узброеныя сілы РФ атакавалі з боку сяла Новабахмутаўка і прасунуліся да Александропалю.

Канал «Два майора» фіксуе рух расейцаў на адлегласць да аднаго кіламетра каля сяла Сокал, а таксама з поўначы ад Уманскага.

«НгП раZVедка» піша, што акрамя гэтага войскі РФ замацаваліся на паўднёва-ўсходніх ускрайках Яснабродаўкі.

На курахаўскім кірунку ідуць баі ў Краснагораўцы, а таксама ў ваколіцах сёлаў Парасковіеўка і Канстанцінаўка, але зменаў лініі сутыкнення не назіраецца.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

Фіксуюцца баявыя дзеянні і на так званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

«Рыбарь» піша, што ЗСУ няўдала контратакавалі ў сяле Старамаёрскае, у гэты ж час расейцы крыху прасунуліся ў суседнім Ураджайным.

Паводле Генштабу ЗСУ, таксама войскі РФ атакавалі ў ваколіцах Рыўнопалю, але поспеху не дасягнулі.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе па фронце ў ваколіцах гораду Арэхаў, але пакуль ніводнаму з бакоў не ўдаецца змяніць лінію сутыкнення.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў