«Ідзе закуліснае абмеркаванне». Што азначае візіт Борыс у Варшаву і яе сустрэча з Пачобутам у турме


15 красавіка ў Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся ў прэзідэнцкім палацы з лідарамі Саюзу палякаў у Беларусі: Анджэлікай Борыс і Марэкам Занеўскім. Падчас сустрэчы Анджэліка Борыс паведаміла пра спатканне з палітзняволеным Анджэем Пачобутам у наваполацкай калоніі, дзе цяпер адбывае тэрмін актывіст. Адбылося спатканне з асабістай згоды Аляксандра Лукашэнкі, але ніякіх акалічнасцяў і падрабязнасцяў не агучваецца. Што азначаюць гэтае спатканне ды візіт Анджэлікі Борыс у Варшаву і чаго хоча дамагчыся беларускі рэжым, арганізуючы такую шматхадоўку?

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся з кіраўніцай Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікай Борыс. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Przemysław Keler / KPRP

Пра гэта мы паразмаўлялі з палітычным аналітыкам інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім.

«Магчыма, вакол таго, што можа прапанаваць Польшча ў абмен на Пачобута, ідзе зараз закуліснае абмеркаванне»

На думку эксперта, выглядае на тое, што зараз адбываецца нейкі закулісны працэс, перамовы ў справе вызвалення Анджэя Пачобута на найвышэйшых узроўнях.

«Гэта знакавы палітзняволены. Яшчэ летась увосень Аляксандр Лукашэнка намёкамі даваў зразумець, што вакол гэтай персоны адбываюцца нейкія кантакты праз закрытыя каналы, але для вызвалення павінна саспець сітуацыя. Відаць, пытанне Пачобута Лукашэнка трымае на асабістым кантролі», – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Ён заўважае: гэтае пытанне вісіць ужо даўно, аднак бакі ўсё яшчэ не паразумеліся. Відавочна, ёсць пэўны пернік для беларускага боку: польскія прадстаўнікі заяўлялі, што ў абмен на вызваленне Анджэя Пачобута яны могуць адкрыць адзін з памежных пераходаў. Але тут пытанне, наколькі такі стымул прывабны для Лукашэнкі.

«Лукашэнка і яго атачэнне ў Еўропу не ездзяць, ад таго, што звычайныя беларусы пакутуюць на мяжы, высокаму начальству ні горача, ні холадна. Што тычыцца грузавога транзіту, напрыклад, з Кітаю і ў Кітай, грузы перавозяцца пераважна цягнікамі і гэты транзіт не перапыняецца. Таму тут важнае пытанне стымулаў для беларускага кіраўніцтва. Магчыма, менавіта вакол таго, што можа прапанаваць Польшча ў абмен на Пачобута, і ідзе зараз закуліснае абмеркаванне», – разважае эксперт.

Аналітыка
Кітай штурхае Лукашэнку мірыцца з Польшчай? Наколькі важны беларускі транзіт для Пекіну
2023.12.07 08:16

Аляксандр Класкоўскі адзначае, што для Лукашэнкі таксама важна, каб палітвязні былі маральна зламаныя, скарыліся. А ў выпадку з Анджэем Пачобутам вядома, што ён катэгарычна адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Магчыма, гэта таксама той пункт, які стрымлівае ўлады Беларусі ад развязання гэтага пытання. Пры гэтым Лукашэнка ў прынцыпе хацеў бы палепшыць адносіны з Польшчай.

«Гэта асабліва адчувалася ўвосень, калі ў Польшчы адбывалася змена ўлады. Відаць, у беларускага кіраўніцтва былі пэўныя ілюзіі, што калі да ўлады прыйдзе каманда Дональда Туска, то мы «перагорнем старонку», пачнем з чыстага аркуша. Але выглядае на тое, што гэтыя разлікі і ілюзіі збольшага не апраўдаліся. Новы польскі ўрад у беларускім пытанні трымаецца прынцыповай лініі: падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы, асуджае рэжым Лукашэнкі, ідзе ў рэчышчы санкцый Еўразвязу», – пералічвае эксперт.

Разам з тым, Аляксандр Класкоўскі адзначае, што Польшча – гэта суседняя дзяржава, тут ёсць пытанне памежных пераходаў, гандлю, таму эканамічныя тэмы ў адносінах з Беларуссю могуць уяўляць сабой дадатковую цікавасць. Але Польшча не можа ў аднабаковым парадку скасаваць тыя санкцыі, якія прымаліся на ўзроўні Еўразвязу. Асноўныя ж санкцыі супраць беларускага рэжыму ўводзіліся за пасадку самалёта «Ryanair» і за мігранцкі крызіс, што не спыняецца да гэтай пары. Як і не спыняецца саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.

«І тут Варшава пры ўсім жаданні вышэй за пояс не скочыць. Таму спадзявацца на тое, што перамовы пра Пачобута – гэта сімптом пацяплення і шырокамаштабнага працэсу вызвалення палітвязняў, як гэта ўжо было некалькі разоў у гісторыі дачыненняў паміж Менскам і Захадам, на гэты раз не выпадае.

Для гэтага няма сістэмных перадумоваў: у краіне занадта шмат палітзняволеных, занадта ў нізкім пункце зараз беларуска-еўрапейскія дачыненні. І Лукашэнка не можа выскачыць з гэтай каляіны, у прыватнасці – перастаць быць суагрэсарам у вайне. Мігранцкі крызіс, як мы бачым, перажывае новую хвалю. Таму вялікіх зрухаў у вызваленні палітвязняў я не чакаю, хоць у асобных кейсах, як у выпадку Пачобута, гэта ў прынцыпе магчыма», – разважае эксперт.

«Пры гэтай уладзе немагчыма будзе пазбавіцца ад жалезнай заслоны паміж Беларуссю і ЕЗ»

Чаму рэжым Лукашэнкі адной рукой вядзе перамовы наконт Анджэя Пачобута, а другой – працягвае нагнятаць крызіс на беларуска-польскай мяжы? На думку нашага суразмоўцы, Лукашэнка хоча развязаць пэўныя пытанні (вызваленне палітвязняў, адкрыццё пунктаў пропуску і гэтак далей) на сваіх умовах.

Пратэст супраць зняволення журналіста Анджэя Пачобута, асуджанага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі на 8 гадоў зняволення. Беласток, Польшча. 22 снежня 2023 года.
Фота: Michal Kosc / Forum

«Відаць, яго яшчэ не вельмі прыпякае, каб ісці на вялікія саступкі. Што тычыцца мігранцкага крызісу, то гэта і пэўная помста Еўразвязу. Магчыма, тут ёсць яшчэ і каардынацыя з Масквой, бо цяпер, як можна меркаваць, пераважная плынь мігрантаў ідзе праз Расею. Лукашэнка не хоча саступаць Захаду, ён адчувае сябе дастаткова ўпэўнена, бо за ягонай спінай Масква, яе падтрымка ў палітычным і эканамічным сэнсе. Ён зараз не ў той фазе, каб дэманстраваць слабасць. Наадварот, Лукашэнка хоча весці перамовы з пазіцыі сілы», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Калі шматхадоўка з Анджэлікай Борыс спрацуе і Анджэя Пачобута вызваляць, гэта наўрад ці прывядзе да значных зменаў у стасунках з Беларуссю з польскага боку. Магчыма, адкрыецца адзін з памежных пераходаў на польска-беларускай мяжы. Але, на думку нашага суразмоўцы, сістэмнага паляпшэння дачыненняў не будзе.

«Рэжым Лукашэнкі ўжо зрабіў свой выбар: у канфлікце з Захадам ён на баку Масквы, ад падтрымкі Расеі залежыць яго існаванне, таму ён не пойдзе на тыя ўмовы, якія выстаўляе Еўразвяз (Варшава ідзе ў гэтым рэчышчы таксама). А гэта не толькі вызваленне палітвязняў, але і адмова ад саўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны, і спыненне рэпрэсій унутры Беларусі, і правядзенне дэмакратычных выбараў.

Усё гэта нерэальна. Лукашэнка разумее, што калі ён пойдзе на адлігу ўнутры краіны, адвяжацца ад Расеі, гэта стане катастрофай для ягонай улады. Таму сістэмнага паляпшэння ў беларуска-польскіх дачыненнях у агляднай перспектыве не будзе. Пры гэтай уладзе, на жаль, немагчыма будзе пазбавіцца ад жалезнай заслоны, якая паўстае паміж Беларуссю і краінамі ЕЗ», – канстатаваў Аляксандр Класкоўскі.

Мы звярнуліся па каментар у справе магчымых перамоваў аб вызваленні Анджэя Пачобута ў фонд «Pomoc Polakom na Wschodzie» ім. Яна Альшэўскага. Нам прыйшоў афіцыйны адказ аб тым, што праўленне фонду ў цяперашні час не можа каментаваць гэтае пытанне, але «спадзяецца на яго паспяховае завяршэнне».

Анджэліку Борыс і Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года. У красавіку летась Борыс вызвалілі, закрыўшы справу супраць яе. Актывістку абвінавачвалі ў «распальванні варожасці», і за два гады следства не знайшло прыкметаў злачынства.

Агляд
Польшча заклікае да дыялогу, але Менск абвінавачвае Варшаву ў псаванні стасункаў
2023.04.14 16:50

Журналіст, сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут адбывае 8-гадовы тэрмін паводле абвінавачання ў распальванні варожасці і закліках да санкцыяў. Такі вырак агучыў суддзя Гарадзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык. Пазней суддзя Вярхоўнага Суда Ігар Любавіцкі адхіліў апеляцыйную скаргу палітвязня.

Анджэй Пачобут адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі, вядомай жорсткімі ўмовамі. За кратамі яго кідаюць то ў штрафны ізалятар, то ў памяшканне камернага тыпу. Да яго таксама прымяняюць рэжым «інкамунікада» (пазбаўлення сувязі з вонкавым светам).

Сёння, 16 красавіка, палітвязню споўніўся 51 год.

Гісторыі
Фігура дзесяцігоддзя ў Польшчы, «тэрарыст» на радзіме. Журналіст Анджэй Пачобут – тры гады за кратамі
2024.03.25 11:31

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў