«Беларускі бок ведае прычыны». У Польшчы пракаментавалі рэкордныя чэргі легкавікоў на мяжы


7–8 красавіка ў Берасці ўтварыліся велічэзныя чэргі перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост»: афармлення чакалі 500 легкавых аўтаў. Каб трапіць у Польшчу, даводзілася чакаць 60 гадзінаў. «Белсат» папрасіў Памежную ахову суседняй краіны пракаментаваць сітуацыю.

Чарга ў пункце пропуску «Варшаўскі мост» у Берасці ў бок Польшчы. 3 красавіка 2024 года.
Фота: «Варшавка Граница Брест-Тересполь» / Telegram

На пачатку красавіка на беларуска-польскай мяжы ўтварыліся вялікія чэргі аўтобусаў, час чакання дасягаў амаль содняў. У тыя дні ў чарзе, паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, было ажно да 45 аўтобусаў. Сёння, дарэчы, гэтак сама: цяпер іх 45.

8 красавіка перад «Варшаўскім мостам» назбіралася 500 легкавікоў – такой чаргі, бадай, ніколі там не было. Час чакання перавышаў 30 гадзінаў. Цяпер у чарзе – «усяго» 280 аўтаў.

Раней прэс-сакратар Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы, у склад якога ўваходзіць пункт пропуску ў Тэрэспалі, Дар’юш Сеніцкі тлумачыў аўтобусныя чэргі міграцыйным крызісам. З гэтай жа прычыны ўтварылася і чарга з легкавікоў, пацвердзіў ён у каментары «Белсату» 10 красавіка:

«Чарговы раз раптоўныя, непрадбачаныя падзеі, што непасрэдна ўзніклі ў выніку міграцыйнага ціску на польска-беларускай мяжы, запатрабавалі дынамічных і рашучых захадаў, у тым ліку перасоўвання асабовых рэсурсаў памежнікаў на ахову гэтак званай зялёнай мяжы».

Палякі працягваюць дэталёвы дагляд падарожнікаў у Тэрэспалі, што вымагае больш высілкаў і часу:

«У сувязі з недастатковай аховай дзяржаўнай мяжы з беларускага боку мы таксама абавязаныя ладзіць больш дэталёвыя правяранні асобаў, якія заязджаюць у Польшчу, да таго часу, пакуль не спыніцца рэальная пагроза нелегальнай міграцыі».

Сеніцкі пры гэтым запэўніў, што польскі бок рэгулярна інфармуе беларускіх калегаў – адпаведна, тыя ведаюць сапраўдныя прычыны чэргаў:

«Беларускі бок шторазу інфармуем па тэлефоне аб сітуацыі, такім чынам, ён мае поўнае ўяўленне аб прычынах падаўжэння часу чакання на мінанне мяжы. Гэтыя дзеянні, звязаныя з аховай дзяржаўнай мяжы, сталі рэакцыяй на пагрозы нелегальнай міграцыі на польска-беларускай мяжы».

Сёння Памежная ахова Польшчы паведаміла пра перадухіленне спробы парушэння мяжы з Беларуссю групаю, у якой было 220 мігрантаў. Тыя паводзіліся агрэсіўна, кідалі ў польскіх памежнікаў камяні і галлё.

У чатах, дзе беларусы абмяркоўваюць мінанне мяжы, ва ўсіх бедах памылкова абвінавачваюць палякаў: маўляў, марудна працуюць. Насамрэч адказнасць за чэргі нясуць улады Беларусі.

Увосень 2021 года Польшча закрыла пункт «Кузніца Беластоцкая» (з беларускага боку – «Брузгі» ў Гарадзенская вобласці) пасля штурму гэтага пераходу мігрантамі. Летась у лютым у адказ на вырак журналісту і аднаму з лідараў польскай дыяспары Анджэю Пачобуту перастаў працаваць пункт «Баброўнікі – Бераставіца».

Улады Беларусі дасюль не ловяць мігрантаў, якія, спрабуючы трапіць у ЕЗ у абыход пунктаў пропуску, парушаюць не толькі межы суседніх краінаў, але, уласна, і беларускую мяжу таксама. Пачобут дагэтуль за кратамі. Вялікія чэргі на мяжы, як выглядае, – цяпер сталая праблема для беларусаў.

Рэпартаж
У чарзе больш за содні, месцы прадаюць за 150 еўраў. Як беларусы едуць у Польшчу
2024.04.10 08:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў