Польшча заклікае да дыялогу, але Менск абвінавачвае Варшаву ў псаванні стасункаў


З адным з самых блізкіх суседзяў афіцыйны Менск сапсаваў і надалей псуе стасункі. Беларускае МЗС цалкам сур’ёзна заяўляе пра тое, што «асцерагаецца агрэсіўных дзеянняў польскага кіраўніцтва». У сваю чаргу Варшава спрабуе весці перамовы з Менскам і прапанавала спыніць рэпрэсіі ў абмен на «прастору для палітычнага і эканамічнага манеўру», але гэтыя перамовы не прынеслі плёну.

Акцыя ў падтрыманне Анджэя Пачобута каля беларускага консульства ў Беластоку. 16 студзеня 2023 года.
Фота: Алесь Ляўчук/Белсат

Беларускі праўладны актывіст Юрый Васкрасенскі ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання распавёў, што яго запрасілі ў польскую амбасаду нібыта дзеля абмеркавання вызвалення Анджэя Пачобута. Паводле пралукашэнкаўскага палітыка, гаворка будзе весціся пра абмен журналіста Анджэя Пачобута на апазіцыйнага палітыка Паўла Латушку, які цяпер у Польшчы. Раней пра магчымасць такога абмену заявіў Лукашэнка, а Павел Латушка даў свой адказ.

Акрамя гэтага Юрый Васкрасенскі распавёў, што Польшча анулявала ягоную візу, бо прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы, і выдала адпаведны дакумент на мяжы. Васкрасенскі нібыта спрабуе гэта аспрэчыць. Таксама праўладны актывіст заявіў, што кіраўніцтва Польшчы можа «спыніць, разагнаць усе гэтыя нібыта патрыятычныя лагеры, дзе трэнуюцца баевікі».

Такое бачанне суседняй краіны, якая вядзе «падрыўную дзейнасць» супраць беларускай дзяржаўнасці, агучвае не толькі Васкрасенскі. 13 сакавіка прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што ведамства «асцерагаецца агрэсіўных дзеянняў польскага кіраўніцтва», бо Польшча, маўляў, фінансуе экстрэмістаў, рыхтуе баявыя дружыны і актыўна мілітарызуецца.

«Дзеянні цяперашняга польскага ўраду часам фанатычныя, не вылучаюцца логікай і рацыянальнасцю, а таму не заўжды прадказальныя. Дастаткова ўзяць хаця б закрыццё пункту пропуску на мяжы на шкоду ўласнаму насельніцтву і бізнесу», – заявіў Глаз.

Гісторыі
Праўда пра Катынь: як кіраўніцтва СССР пайшло на адну з самых жудасных фальсіфікацыяў
2023.04.13 17:13

Вядома, што польскі бок закрыў пункт пропуску «Баброўнікі» пасля прысуду Анджэю Пачобуту і патрабуе вызвалення палітвязня. Зрэшты, паводле міністра замежных справаў Польшчы Збігнева Раў, Варшава накіроўвала ўладам Беларусі прапанову, якая б павялічыла поле для палітычных і эканамічных манеўраў Беларусі ўзамен на спыненне рэпрэсіяў і пераследу грамадзянаў, але гэтыя размовы не прынеслі выніку. Паводле польскага міністра, цяперашнюю палітыку Беларусі змогуць спыніць толькі дэмакратычныя перамены, якія ў тым ліку дазволяць дзяржаве зноў скарыстацца прапановай супрацы ў межах Усходняга партнёрства.

«Таму Польшча падтрымлівае і будзе падтрымліваць беларускае незалежнае асяроддзе, у тым ліку медыі, беларускіх уцекачоў, студэнтаў і прадпрымальнікаў. Мы будзем дамагацца вызвалення палітвязняў, у тым ліку дзеячаў польскіх арганізацыяў на чале з Анджэем Пачобутам», – заявіў Збігнеў Раў.

Hавiны
Збігнеў Раў: Польшча будзе дамагацца вызвалення беларускіх палітвязняў
2023.04.13 14:14

Кіраўнік польскага МЗС таксама дадаў, што калі ўлады Беларусі і далей будуць адмаўляць у вызваленні Пачобута і працягваць рэпрэсіі супраць сваіх грамадзянаў, у тым ліку прадстаўнікоў польскай меншасці, ды правакаваць міграцыйныя атакі, Польшча будзе паслядоўна імкнуцца да накладання далейшых санкцыяў з боку Еўразвязу.

Беларускі бок, адпаведна, лічыць такія крокі агрэсіяй. І ў адказ на гэта пераслед грамадзянаў, у тым ліку прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, толькі працягваецца.

12 сакавіка сілавікі схапілі Ірыну Зімневу, дырэктарку цэнтру славянскіх моваў і культураў «Слаўцэнтр». Цэнтр займаецца арганізацыяй курсаў польскай мовы, а таксама кансультуе ў справе атрымання карты паляка і паступлення ў польскія ВНУ. Праваабаронцам вядома, што Зімневу будуць судзіць паводле арт. 19.1 КаАП («Хуліганства»). Падставаю для справы паслужыла толькі тое, што ў ейным тэлефоне знайшлі выявы ў бел-чырвона-белых колерах, а таксама малюнак з тэкстам «Перамагай зло дабром».

Ірына Зімнева.
Фота: viasna96 / Telegram

Таксама 12 сакавіка стала вядома пра чарговы акт вандалізму на польскіх могілках. У вёсцы Варзяны Астравецкага раёну невядомыя сарвалі з гранітнай пліты на польскіх могілках табліцу з надпісам. Яна інфармавала аб жаўнерах Віленскай брыгады Арміі Краёвай, якія загінулі 31 студзеня 1944 года ў баі з нямецкімі войскамі. Пра выпадак паведамляе сайт беларускіх палякаў «Głos z-nad Niemna».

25 сакавіка летась сілавікі распачалі крымінальную справу супраць кіраўніцтва Саюзу палякаў. Дзякуючы намаганням польскіх уладаў Ірына Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава пакінулі Беларусь у 2021 годзе.

Крымінальная справа супраць Анджэлікі Борыс была спыненая, яна цяпер на волі. За кратамі застаецца Анджэй Пачобут, ён неаднаразова адмаўляўся ад прапановаў пакінуць Беларусь у абмен на свабоду.

Hавiны
Анджэліка Борыс распавяла пра ўмовы свайго вызвалення і планы на будучыню
2023.04.12 13:19

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў