Ціханоўская: «У ЗША добра арыентуюцца ў беларускай сітуацыі, падтрымліваюць нашую барацьбу»


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ранкам 14 чэрвеня расказала пра ўражанні ад свайго шостага візіту ў Злучаныя Штаты.

Святлана Ціханоўская ў скверы перад Капітоліем ЗША ў Вашынгтоне расказала, што завяршыла сустрэчы ў Белым доме, дзе сустрэлася з камандамі прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта краіны:

«Яны, павінна сказаць, добра арыентуюцца ў беларускай сітуацыі, падтрымліваюць нас і нашую з вамі барацьбу».

На сустрэчах Ціханоўская абмяркоўвала вызваленне палітвязняў, падтрыманне сем’яў рэпрэсаваных, гуманітарны спіс і рэжым інкамунікада. Амерыканскія ўлады адказалі, што для іх гэта прыярытэт. Абраная прэзідэнтка таксама прасіла павялічыць падтрыманне незалежных медыяў, праваабаронцаў і беларускай культуры, бо такой дапамогі сёння бракуе. Прасіла і не дапусціць новай жалезнай заслоны між Беларуссю і свабодным светам, «ізаляваць рэжым, а не беларусаў».

Дзень раней Ціханоўская выступала на слуханнях Хельсінкскай камісіі – урадавай камісіі ЗША наконт кааперацыі і бяспекі ў Еўропе – на тэму цяжкага становішча палітвязняў у Беларусі і пошукаў шляхоў прыцягнення вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці. Яна даводзіла, што цяпер прынамсі 250 з 1400 палітвязняў у Беларусі застаюцца ў смяротнай небяспецы і мусяць быць неадкладна вызваленыя.

На слуханнях была сярод іншых экс-спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі з значком у форме бел-чырвона-белага сцяжка, які Ціханоўская падарыла ёй на сустрэчы 11 чэрвеня. Таксама 12 чэрвеня Ціханоўская сустракалася ў Белым доме з дарадцам у справе нацыянальнай бяспекі Джэйкам Саліванам.

Святлана Ціханоўская на слуханнях Хельсінкскай камісіі, сярод слухачоў экс-спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі (у малінавым пінжаку). Вашынгтон, ЗША. 13 чэрвеня 2024 года. Кадр з
відэа: Офіс Святланы Ціханоўскай

Ціханоўская таксама расказала, што найбліжэйшым часам Беларусь сярод іншага будуць абмяркоўваць на самітах «Вялікай сямёркі» і NATO, канферэнцыі аб міры ва Украіне і Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў – і важна, каб там беларускае пытанне не адкладалі на потым.

«Я хацела б, каб Беларусь бачылі не толькі як пагрозу, але і як партнёра, як магчымасць, – рэзюмавала Ціханоўская. – Мы апынуліся ў складанай сітуацыі, і нам патрэбныя саюзнікі. І Злучаныя Штаты могуць адыграць важную ролю».

Беларусы маюць абмеркаваць сітуацыю на радзіме на канферэнцыі «Новая Беларусь» 3–4 жніўня ў Вільні. Кіраўнік аддзелу вонкавых сувязяў Офісу Ціханоўскай Данііл Гаркавы растлумачыў «Нашай ніве», што канферэнцыю планавалі зладзіць у Варшаве, але яе давялося перанесці ў Вільню праз варшаўскія канцэрты амерыканскай поп-зоркі Тэйлар Сўіфт.

Ціханоўская наведала Вашынгтон 11–13 чэрвеня, гэта быў ейны шосты візіт у ЗША. Незадоўга да прыезду Ціханоўскай Кангрэс ЗША ўхваліў новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі.

Мінулы раз Ціханоўская была ў Штатах у снежні 2023 года. Тады ў яе была сустрэча з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША. А падчас візіту ў Вашынгтон у ліпені 2021-га Святлана Ціханоўская правяла перамовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Адным з вынікаў працы дэмакратычных сілаў у ЗША стаўся стратэгічны дыялог, які Штаты звычайна вядуць з краінамі.

Агляд
«Прызнаць КР і Пераходны кабінет легітымнымі інстытутамі». ЗША апублікавалі новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі
2024.06.08 12:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў