«Прызнаць КР і Пераходны кабінет легітымнымі інстытутамі». ЗША апублікавалі новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі


На сайце Кангрэса ЗША апублікавалі праект новага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі заявіў, што дакумент адыгрывае важную ролю ў падтрыманні дэмакратычных сілаў Беларусі праз «палітычны, эканамічны і маральны ціск на рэжым Лукашэнкі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ian Hutchinson / Unsplash

Упершыню ЗША ўхвалілі Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі ў 2004 годзе, у 2006-м, 2011-м і 2020-м у дакумент уносілі змены. Такім чынам, цяперашняя рэдакцыя будзе пятай. Праект, які мае быць прыняты да канца года, апублікавалі на сайце Кангрэса ЗША.

У Акце прапісаныя ўсе «дасягненні» цяперашніх уладаў. У новай рэдакцыі згадваюцца:

  • маштабныя палітычныя рэпрэсіі;
  • палітвязні;
  • парушэнне правоў чалавека;
  • «падрыў суверэнітэту і незалежнасці краіны шляхам падпарадкавання палітычных, эканамічных, культурных і грамадскіх інтарэсаў Беларусі інтарэсам Расеі»;
  • сфальсіфікаваныя выбары 2020 года, якія не адпавядалі міжнародным стандартам і праходзілі ў недэмакратычных умовах;
  • задушэнне незалежных медыяў;
  • прымусовая пасадка самалёта «Ryanair» з Раманам Пратасевічам на борце;
  • суўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны;
  • удзел беларускага ўрада ў «выкраданні і незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх мірных жыхароў з тэрыторыяў, акупаваных Расейскай Федэрацыяй, у тым ліку тысячаў дзяцей»;
  • стварэнне міграцыйнага крызісу на мяжы з ЕЗ;
  • расейская ядравая зброя ў Беларусі;
  • прытулак для баевікоў ПВК «Вагнэр»;
  • забарона на афармленне шмат якіх дакументаў у беларускіх амбасадах.

Акт патрабуе прыцягнуць да адказнасці «незаконны рэжым Лукашэнкі за суўдзел у агрэсіі супраць Украіны праз механізмы міжнароднага правасуддзя», вызваліць без папярэдніх умоваў усіх палітычных вязняў і заклікае да правядзення прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў паводле стандартаў АБСЕ.

У папярэдняй рэдакцыі Акт прызнаў Каардынацыйную раду «легітымным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірным перадаванні ўлады», цяпер такой жа структурай прызнаны Пераходны кабінет:

«Прызнаць Каардынацыйную раду і Аб’яднаны пераходны кабінет у якасці легітымных інстытутаў для ўдзелу ў дыялогу аб мірным перадаванні ўлады і падтрымоўваць гэтыя інстытуты да і падчас такога перадавання, калі яно адбудзецца».

Дакумент таксама прадугледжвае, што ЗША ў супрацы з ЕЗ, Вялікай Брытаніяй, Канадай ды іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі працягнуць уводзіць санкцыі за «падрыў дэмакратычных працэсаў у Беларусі», за парушэнне правоў чалавека і спрыянне расейскаму ўварванню.

Hавiны
«Гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне». Латушка – пра стратэгічны дыялог дэмакратычных сілаў Беларусі з ЗША
2024.04.06 19:44

Акрамя таго, Злучаныя Штаты маюць прызначыць спецпрадстаўніка для Беларусі і працягваць гэтак званы Стратэгічны дыялог з дэмакратычнымі сіламі, каб дабіцца адказнасці для ўдзельнікаў рэпрэсіяў, пашырыць партнёрства з беларускім народам шляхам інвестыцыяў у такія праекты, як адмысловае прадстаўніцтва ў Вільні Агенцтва ЗША ў справе міжнароднага развіцця (USAID), а таксама падтрымоўваць культурніцкія праграмы, прысвечаных абароне беларускай мовы, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці.

«Я ўпэўнены, што гэты дакумент адыгрывае важную ролю ў падтрыманні дэмакратычных сілаў Беларусі, аказваючы палітычны, эканамічны і маральны ціск на рэжым Лукашэнкі, садзейнічаючы міжнароднай салідарнасці і намаганням у дэмакратычных пераўтварэннях у нашай краіне», – так праект пракаментаваў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі.

Ён упэўнены, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі «узмацняе ціск на рэжым Лукашэнкі з боку міжнароднай супольнасці і будзе садзейнічаць далейшым санкцыям і ізаляцыі рэжыму».

Hавiны
«Паказаць альтэрнатыву “русскому миру”». Ціханоўская заклікала ЗША дапамагчы дэмакратызацыі Беларусі
2023.12.09 11:22

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў