«Паказаць альтэрнатыву “русскому миру”». Ціханоўская заклікала ЗША дапамагчы дэмакратызацыі Беларусі


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская выступіла ў Атлантычнай радзе – прамова сталася падсумаваннем першага этапу стратэгічнага дыялогу ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. «Мы мусім паказаць беларусам станоўчую альтэрнатыву “русскому миру”, будучыню, якую яны могуць мець пасля краху рэжыму», – заявіла Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская падчас прамовы ў Атлантычнай радзе. Вашынгтон, ЗША. 8 снежня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Абраная прэзідэнтка адзначыла, што ў гісторыі не было выпадкаў, калі Злучаныя Штаты пачыналі стратэгічны дыялог не з дзяржаўнымі суб’ектамі, а з дэмакратычным рухам. «Гэта беспрэцэдэнтна. Гэта нетрадыцыйна», – сказала Святлана Ціханоўская.

Яна чарговы раз выступіла за еўрапейскую будучыню Беларусі і заявіла аб неабходнасці «разарваць ланцугі нашай шматвяковай залежнасці ад Расеі»:

«Мы павінны паказаць беларусам станоўчую альтэрнатыву “русскому миру”, будучыню, якую яны могуць мець пасля краху рэжыму. Толькі ў рамках еўрапейскай і трансатлантычнай супольнасці Беларусь можа зрабіцца па-сапраўднаму незалежнай, дэмакратычнай і суверэннай краінай».

Каментар
«Надыходзяць новыя санкцыі». Прадстаўнік Дзярждэпу паабяцаў закрыць «шчыліны» Лукашэнку
2023.12.07 21:37

Падчас прамовы 8 снежня ў Атлантычнай радзе Ціханоўская таксама назвала важным паказаць беларусам, што пры пераходзе да дэмакратыі яны «маюць падтрыманне з боку магутных дэмакратычных саюзнікаў».

«ЕЗ ужо паабяцаў выдаткаваць € 3 млрд на дэмакратычную Беларусь, таму мы таксама просім ЗША разгледзець магчымасць улучэння Беларусі ў план аднаўлення рэгіянальнай эканомікі, каб забяспечыць хуткі і плаўны пераход ад тыраніі да дэмакратыі», – сказала абраная прэзідэнтка.

Яна зноў гаварыла пра неабходнасць прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку і ягоных паплечнікаў:

«Занадта доўга яны адчувалі беспакаранасць за свае дзеянні. І ў іх доўгі паслужны спіс злачынстваў: злачынствы супраць чалавечнасці, угон самалёта «Ryanair», арганізацыя міграцыйнага крызісу на межах ЕЗ, выкраданне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Я не магу зразумець, чаму Лукашэнка да гэтага часу не атрымаў ордар на арышт».

Святлана Ціханоўская падчас прамовы ў Атлантычнай радзе. Вашынгтон, ЗША. 8 снежня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Ціханоўская нагадала, што патрэбная дапамога для тых, хто імкнецца да пераменаў: «Я кажу пра палітвязняў, якім патрэбная рэабілітацыя, і пра іхныя семʼі, якім патрэбная дапамога. Я кажу пра незалежныя медыі і ўплывовых асобаў, якія супрацьдзеюць прапагандзе і абʼядноўваюць людзей унутры краіны і ў выгнанні. Я кажу пра дэмакратычныя інстытуты, пра групы грамадзянскай супольнасці».

Лідарка адзначыла, што падтрыманне Беларусі і Украіны – гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыі ў мір і бяспеку ў Еўропе.

«Давайце дапаможам Украіне перамагчы ў гэтай вайне. Давайце не падвядзём усіх тых беларусаў, якія ідуць на ахвяры дзеля каштоўнасцяў, што так шануе амерыканскі народ», – заклікала Ціханоўская.

«Мы разлічваем, што Злучаныя Штаты Амерыкі, самы магутны абаронца дэмакратыі ў свеце, падтрымаюць нас, беларусаў, у нашым імкненні да свабоды», – падсумавала абраная прэзідэнтка.

Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вашынгтон, ЗША. 7 снежня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

7 снежня, як паведаміў сёння Офіс Святланы Ціханоўскай, абраная прэзідэнтка сустрэлася з кіраўніком МЗС Вялікай Брытаніі Дэйвідам Кэмэранам. Яна падзякавала міністру за дыпламатычную супрацу, звярнула ўвагу на драматычную сітуацыю з палітвязнямі і заклікала закрыць шчыліны ў санкцыях.

Hавiны
Падтрымка бізнесу, медыяў і ідэнтычнасці. Пра што гавораць на стратэгічным дыялогу дэмсілаў Беларусі і ЗША
2023.12.08 18:40

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў