ЗША ўвялі санкцыі супраць «зброевага барона» Слабодана Тэшыча. Што яго звязвае з Беларуссю?


Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць гандляра зброяй з Сербіі Слабодана Тэшыча. Паводле СМІ, гэты чалавек, у тым ліку, быў заўважаны ў пастаўках зброі ў Лівію і Сірыю разам з беларускімі кампаніямі.

Паводле Мінфіна ЗША, Слабодан Тэшыч з’яўляецца адным з найбуйнейшых дылераў зброі і боепрыпасаў на Балканах. Для таго, каб забяспечыць зброевыя кантракты з рознымі краінамі, Тэшыч актыўна падкупляе чыноўнікаў. Імя сербскага бізнесоўца стала сусветна вядомым напачатку 2000-х, калі ён у абыход эмбарга ААН пастаўляў зброю ў Ліберыю.

Слабодан Тэшыч

У бізнес-схемах Тэшыча фігуравала і Беларусь (хаця ў дакуменце Мінфіна ЗША пра сувязі «зброевага барона» з Беларуссю не згадваецца). Паводле Балканскага абʼяднання журналістаў-расследавальнікаў (BIRN) і Цэнтру па даследаванню карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) Тэшыч меў дачыненне да паставак зброі ў Сірыю і Лівію праз шэраг краінаў Бліжняга Усходу. У 2014 годзе Тэшыч зафрахтаваў самалёты беларускай авіякампаніі «Трансавіаэкспарт» (99,9% акцыяў якой належыць дзяржаве) для дастаўкі вайсковай амуніцыі вытворчасці Беларусі і Сербіі на авіябазы ў Лівіі, падкантрольныя розным узброеным групоўкам.

Паводле СМІ, сербская гандляр зброяй шчыльна звязаны з беларускай кампаніяй «Белтэхэкспарт» («Белтэх»). У прыватнасці, у 2015 годзе праз сваю кіпрскую кампанію Charso Ltd. (яна таксама трапіла ў «чорны спіс» ЗША), Тэшыч закупаў ўзбраенне ў «Белтэх». Потым, паводле заходніх СМІ, зброю перапраўлялася ў Лівію. Галоўным пунктам прызначэння зʼяўляўся аэрапорт Лабрак, які знаходзіцца пад кантролем лівійскага генерала Халіфа Хафтара (падчас грамадзянскай вайны ў Лівіі ён ваяваў супраць Муамара Кадафі, а на дадзены момант генерал узначальвае ўзброеныя сілы Лівіі). Перавозкі ажыццяўляюцца на самалётах авіякампаніі RubyStar, якая афілявана з «Белтэх».

«Белтэхэкспарт» – адзіная прыватная кампанія ў Беларусі, якая мае ліцэнзію на экспарт прадукцыі Міністэрства абароны. Заснавальнік кампаніі – алігарх Уладзімір Пефціеў.

Уладзімір Пефціеў

У 2011 годзе Пефціеў і «Белтэх» трапілі пад санкцыі ЕЗ, звязаныя з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі (Пефціева называлі адным з «гаманцоў» Лукашэнкі). У 2014 годзе Пефціеў праз Еўрапейскі суд дамогся анулявання санкцыяў. Аднак яшчэ ў 2012 годзе было заяўлена, што кантрольны пакет акцыяў «Белтэха» выкупіў расейскі бізнесовец Дзмітрый Гурыновіч (паводле неафіцыйнай інфармацыі, Гурыновіч – пляменнік экс-главы Нацбанку Надзеі Ермаковай). Эксперты меркавалі, што гэта рашэнне звязана з жаданнем вывесці кампанію з-пад еўрапейскіх санкцыяў, але насамрэч свой уплыў на зброевы бізнес ён захаваў.

Нагадаем, усяго пад санкцыі ЗША 21 снежня трапілі 15 чалавек з розных краінаў, а таксама больш за 30 кампаніяў. Сярод фігурантаў «чорнага спісу» – дачка нябожчыка прэзідэнта Узбекістана Гульнара Карымава, былы прэзідэнт Гамбіі Яйя Джаму, сын генпракурора Расеі Арцём Чайка і былы камандзір кіеўскага «Беркуту» Сяргей Кусюк.

 

ІI, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары