ЗША ўвялі санкцыі супраць Арцёма Чайкі – сябра Віктара Лукашэнкі


Арцём Чайка. Фота -Рыгор Сысоеў / РИА Новости

Мінфін ЗША ўвёў санкцыі па «закону Магніцкага» супраць Арцёма Чайкі, сына генпракурора Расеі Юрыя Чайкі.

На думку Мінфіна ЗША, Арцём Чайка выкарыстаў становішча і магчымасці бацькі, каб несумленным шляхам атрымліваць дзяржаўную маёмасць і дзяржкантракты, а таксама аказваць ціск на канкурэнтаў, паведамляе Медуза.

Арцём Чайка – бізнэсовец, сын генпракурора Расеі Юрыя Чайкі. Ён і яго брат Ігар сталі шырока вядомыя пасля фільма Фонду барацьбы з карупцыяй (заснаванага Аляксеем Навальным) «Чайка», у якім сцвярджалася, у прыватнасці, што ён можа мець дачыненне да рэйдарскага захопу бізнесу.

Сам Арцём Чайка гэтыя абвінавачванні абвяргае. Санкцыі ЗША ён назваў спробай аказаць ціск на расейскую пракуратуру.

Адзначым, што Арцём Чайка ўзначальвае байкерскі клуб H.O.G. Iron Birds, які з 2014 году з’яўляецца адным з арганізатараў фестывалю H.O.G. RallyMinsk. Структуры, звязаныя з Чайкам, таксама з’яўляюцца спонсарамі дадзенага мерапрыемства ў беларускай сталіцы.

Як паведамляюць байкерскіх інтэрнэт-сайты, гасцей і ўдзельнікаў фестывалю заўсёды вітае асабіста Аляксандр Лукашэнка. У 2017 годзе перад удзельнікамі фестывалю выступаў прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь.

Паводле СМІ, Арцём Чайка падтрымлівае сяброўскія адносіны з Віктарам Лукашэнкам, які таксама захапляецца матацыкламі – Лукашэнка і Чайка некалькі разоў разам траплялі ў абʼектывы фота- і відэакамераў падчас байкерскіх мерапрыемстваў.

Арцём Чайка (у чорных акулярах) і Віктар Лукашэнка. Фота – TUT.BY, Зміцер Брушко

Усяго пад санкцыі ЗША 21 снежня трапілі 15 чалавек з розных краінаў, а таксама больш за 30 кампаніяў. Сярод фігурантаў «чорнага спісу» – дачка нябожчыка прэзідэнта Узбекістана Гульнара Карымава, былы прэзідэнт Гамбіі Яйя Джаму, сербскі гандляр зброяй Слабадан Тешич і былы камандзір кіеўскага «Беркуту» Сяргей Кусюк.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары