ЗША ўсё бліжэй: У Латвію прыбылі амерыканскія салдаты і танкі


Войска ЗША перапраўляе ў краіны Балтыі тысячы вайскоўцаў і сотні адзінак вайсковай тэхнікі. Танкі і БТРы – ужо дасягнулі берагоў Латвіі. На борце судна «Абяцанне свабоды» прыбылі таксама 300 амерыканскіх вайскоўцаў.

І гэта – толькі першая партыя. Агулам цягам тыдня ў гэтай балтыйскай краіне высадзяцца каля 3 тысяч жаўнераў ЗША.

«Пачатак гэтага тыдню нетрадыцыйны», – гэтак падпісаў сваё сэлфі з амерыканскім танкам на тле мэр Рыгі Ніл Ушакоў.

Важных асобаў на выгрузцы было багата.

Джон О’Конар, генерал-маёр войска ЗША:

«Сёння мы тут, каб супрацоўнічаць, навучаць і прадэманстраваць нашу рашучасць. Мы здольныя забяспечыць нашых саюзнікаў вайсковай тэхнікай, любую краіну, у любы час».

Амерыканскі афіцэр не хавае, што тэхніка патрэбна Балтыі для стрымлівання расейскай агрэсіі. Баявыя машыны будуць выкарыстаныя ў буйных манеўрах «Atlantiс Resolve» на тэрыторыі ўсіх трох краінаў Балтыі.

Раймандс Веёніс, міністр абароны Латвіі:

«Мы як прымаючы бок, разгружаем, размяркоўваем і развозім тэхніку па Латвіі і дзяржавам Балтыі. Гэта важна, бо гэта падрыхтуе нас да выканання 5-га артыкулу Паўночнаатлантычнай дамовы ў выпадку неабходнасці».

Папаўнення чакае і літоўскае ўзбраенне. У міністэрстве абароны пацвердзілі, што Літва атрымае ад Злучаных штатаў пяць танкаў Abrams і дзясятак іншых вайсковых машынаў. Напярэдадні ў Літве завяршыліся сумесныя з амерыканскімі жаўнерамі вучэнні «Аб’яднаны ўдар».

Цяпер жа літоўскі Сейм у тэрміновым парадку разглядае законапраект аб вяртанні вайсковага абавязку.

Даля Грыбаўскайце, прэзідэнт Літвы:

«Рада дзяржбяспекі пастанавіла часова ўзнавіць прызыў, што падмацуе бяспеку краіны. Патрэбна стварыць вайсковы рэзерв. Хачу нагадаць, што гэтае рашэнне найперш грунтуецца на ўласным жаданні маладзёнаў».

Літоўскія дэпутаты мусяць прагаласаваць па законапраекце да канца месяца.

На актыўны перакід амерыканскіх сілаў да сваіх заходніх межаў не маглі не адрэагаваць у Расейскай Федэрацыі. У Стаўрапольскім краі разгарнуліся артылерыйскія вучэнні з удзелам 500 вайскоўцаў, у Калінінградскай вобласці – баявая падрыхтоўка разведкавых падраздзяленняў.

Настасся Яўмен, «Белсат», Вільня

Стужка навінаў