Праз даўгі за газ Расея скароціць пастаўкі нафты ў Беларусь

video

Паводле графіку аб’ём паставак у І квартале гэтага года складзе 4 мільёны тон замест запланаваных 4,5 мільёнаў. Такое рашэнне, паводле выдання «Коммерсант» звязанае з тым, што Менск не пагасіў больш $ 400 мільёнаў доўгу за газ.

Новы графік паставак перадалі беларускаму боку 28 снежня. «Коммерсант» піша, што Беларусь выказала нязгоду з гэтым рашэннем. У выпадку, калі такі ўзровень паставак захаваецца, замест чаканых 18 мільёнаў тон Беларусь можа атрымаць толькі 16.

Як паведамляе цэнтральная дыспетчарская ўправа Расеі, летась Масква скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь прыкладна на 20 %, у параўнанні з аналагічным пазалеташнім перыядам. Паводле вераснёўскай заявы прэмʼер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, гэта паглыбіла эканамічны спад Беларусі на 0.3 % Па выніках года – страты значна большыя.

Нафтагазавы канфлікт паміж Беларуссю і Расеяй цягнецца ўжо год. Дзве сталіцы так і не вырашылі пытанне па аплаце пастаўленага ў 2016-ым годзе расейскага газу.  Менск абураецца тым, што расейскія спажыўцы атрымліваюць газ паводле субсідаваных коштаў і патрабуе гэткіх жа субсідыяў для беларускіх вытворцаў, каб яны маглі канкураваць на расейскім рынку.

Калі Масква не пагадзілася, Беларусь пачала плаціць справядлівую, на свой погляд, цану ў аднабаковым парадку (не $ 132, а $ 73 за 1 тысячу кубаметраў). Расея настойвае, каб Менск плаціў кантрактавую цану.

Паводле экспертаў, Расея не мае намеру саступаць і будзе патрабаваць, каб Менск вярнуўся да дамоўленай сістэмы. 29 снежня намеснік прэмʼер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што кампраміс па нафтагазавым пытанні павінны знайсці ў першым квартале 2017 года года.

Між тым, запазычанасць за расейскі газ дасягае ўжо амаль паўмільярда долараў.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары