Беларускі ўрад паабяцаў заплаціць пазыкі за расейскі газ і не заплаціў

video

«Сёння пералічваем», – гэтак міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык адказаў яшчэ ў мінулую пятніцу на пытанне аб тым, калі Беларусь пагасіць недаплату перад Газпромам за расейскі газ у памеры $ 280 млн.

Але сёння ў прэсавай службе мінэнерга заявілі, што па-ранейшаму ня маюць інфармацыі аб тым, што плацёж быў праведзены. Прэсавы сакратар Савету міністраў паведаміў, што ўрад адмаўляецца каментаваць прычыны затрымкі. У Газпроме адказалі, што сітуацыя пакуль «няясная». Раней віцэ-прэмʼер Уладзмір Сямашка казаў, што будзе дамагацца ад Расеі адтэрміноўкі па гэтым плацяжы.

Аддаць 280, каб атрымаць 400

Але сёння намеснік міністра фінансаў Расеі Сяргей Сторчак заявіў, што пакуль Менск не даплаціць $ 280 млн., Масква, у сваю чаргу не пералічыць Беларусі абяцаную субсідыю на кампенсацыю часткі цаны за газ. Паводле выдання Камерсант, яна складае больш за $ 400 млн. То бок – значна больш, чым Беларусь цяпер вінаватая Газпрому.

Між тым, афіцыйны Менск працягвае ціснуць на Расею пагрозамі, прынамсі, часткова, адмовіцца ад закупу яе энергарэсурсаў. У прыватнасці – нафты.

«Я запатрабаваў ад ураду неадкладна знайсці альтэрнатыву новую і вярнуцца да старой. Мы дамовіліся, сёння танкер ідзе праз Адэсу – мы пачнем пастаўляць праз Украіну на Мазыр нафту для перапрацоўкі. Цяпер вядуцца перамовы з Іранам», – пагражаў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамляе адміністрацыя Адэскага порту танкер з Азербайджанскай нафтай для Беларусі на 84 тысячы тон прыбыў да месца назначэння ў мінулую сераду. Адтуль груз накіроўваецца ў Беларусь па чыгунцы. Адмыслоўцы, аднак, канстатуюць, што пры існай эканамічнай мадэлі Беларусь можа закупаць па сусветных коштах толькі нязначную долю вуглевадародаў, бо дзяржаўны сектар, які, у нашай краіне, складае больш за 70% ад эканомікі, не ў стане працаваць без расейскай энергетычнай субсідыі.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота – censoru.net

Глядзі таксама
Каментары