Нафта і газ падзялілі Маскву і Менск. Саюзнікі будуць судзіцца


Стаўкі падвышаюцца. Калі на сённяшніх перамовах у Маскве Крэмль не пойдзе на саступкі ў нафтагазавым пытанні, афіцыйны Менск з наступнага тыдня ў паўтара раза павялічыць плату за расейскі нафтавы транзіт.

На развязанне пытання да выходных надзея, аднак, малая – праз параўнаўча невысокі ўзровень перамоўнікаў. Беларускую дэлегацыю гэтым разам ачольвае не звыклы ў гэтай функцыі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, а міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык.

Пачынаючы з вясны Беларусь, у аднабаковым парадку, недаплочвае за расейскі газ, аргументуючы, што цана мусіць быць зніжаная на 40 % – бліжэй да расейскага ўзроўню. На сённяшні дзень, паводле Мінэнерга РФ, беларуская запазычанасць блізкая да $ 300 млн. Дагэтуль усе аптымістычныя заявы Менску аб кампрамісе з Масквой у гэтым пытанні…

Спрэчкі выклікалі падзенне беларускай эканомікі

Беларусь ужо чацвёрты месяц цярпіць ад змяншэння паставак расейскай нафты на айчынныя нафтаперапрацоўчыя заводы.

«На 2.5 млн. тон яны зменшылі пастаўкі ў трэцім квартале. І, пакуль, папярэдне, на 0.5 млн. тон змяншаюць у чацвёртым квартале пастаўкі нафты сырой на нашыя два НПЗ», – зазначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Шыцько.

Паводле прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіміра Кабякова, у ліпені, жніўні ды верасні змяншэнне паставак нафты выклікала падзенне эканомікі Беларусі на 0.3 %.

«У нас важная частка бюджэту гэта – тарыфы на нафтапрадукты. Паколькі ў бюджэце не будзе грошай, не будзе грошай на сацыяльную падтрымку, падтрымку тарыфаў, падтрымку пенсіянераў і.г.д», – патлумачыла Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка кампаніі «Beroc».

Беларусь наносіць удар у адказ

У адказ Беларусь у паўтара раза павялічыла плату для расейскага боку за транзіт. Паводле пастановы, абнародаванай Менскам першага кастрычніка, новыя расцэнкі набудуць моц у панядзелак.

Расейскі трубаправодны аператар «Транс Нафта», аднак, гэты тарыф не прызнаў і вярнуў дакумент у Менск непадпісаным. Акадэмічны дырэктар даследніцкага цэнтру «Beroc» адзначае – паводле ранейшых беларуска-расейскіх пагадненняў гэта робіць пастанову нелегітымнай.

Праз трубаправоды «Дружба», якія ідуць па тэрыторыі Беларусі, Расея экспартуе каля чвэрці сваёй нафты. Адмыслоўцы нафтавага кансалтынгавага агенцтва «Аргус Медыя» сцвярджаюць, што перанакіраванне яе экспарту з трубаправоду на мора невырашальна паўплывае на рэнтабельнасць расейскіх нафтавых кампаніяў. Кантроль за транзітам газу – нашмат мацнейшы рычаг, але Менск яго страціў, прадаўшы ў 2011 годзе «Газпрому» айчынную газатранспартавую сістэму.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – uatoday.tv

Стужка навінаў