Эксперт: варта шукаць альтэрнатыву расейскай нафце


«Нам нічога не трэба – толькі б уласную школу нафтаздабычы захаваць!». У часе сустрэчы з прэзідэнтам Татарстану Рустамам Мініханавым Лукашэнка запрапанаваў свайму калегу як мага больш шчыльную супрацу ў нафтагазавай галіне. Вядома ж, на ўзаемавыгадных умовах.

«Абʼёмы здабычы ў нас падаюць. У свой час нафту выпампавалі і вывезлі з Беларусі. Таму мы хацелі б, каб нашая кампанія знайшла ў вас абʼёмы працы. Паверце, што гэта будзе значна танней за якія заўгодна кампаніі», – прасіў у прэзідэнта кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Ці найменшы кошт заўжды гарантуе выгаду?

Нягледзячы на тое, што для Беларусі найбольш танныя і выгодныя ўсцяж застаюцца пастаўкі менавіта расейскага чорнага золата, улады краіны перыядычна шукаюць магчымасці хаця б часткова дыверсіфікаваць пастаўкі энергарэсурсаў – то ў Венесуэле, то ў Азербайджане ды Іране. І хоць аніводны з праектаў гэтак і не склаў альтэрнатывы нашым усходнім суседзям, варта шукаць далей, перакананая экспертка ў галіне энергетыкі Таццяна Манёнак. Часу для хоць якіх манеўраў у афіцыйнага Менску застаецца ўсё менш.

«Расея праводзіць рэформы ў падаткавай сферы ў нафтавай галіне. І мяркуецца, што, магчыма, з 2018-а года ці крышку пазней Расея адменіць мыты на нафту і нафтапрадукты, падвысіць падаткі ўнутры краіны», – распавяла Таццяна Манёнак.

У выніку, літаральна праз пару гадоў кошт расейскае нафты сягне сусветных коштаў і для нашай краіны. І Беларусь, страціўшы і таннае паліва, і мытныя паступленні ў бюджэт, будзе папросту вымушаная шукаць альтэрнатыўных пастаўляльнікаў энергарэсурсаў. Тады ж адгукнецца нам і датацыйная расейская «голка»: айчынны нафтаперапрацоўчы комплекс усцяж недастаткова мадэрнізаваны, каб паспяхова канкураваць на міжнародным, найперш заходнім, узроўні.

Жаданні Лукашэнкі разыходзяцца з рэальнасцю

«Гэта вельмі вялікая параза і вельмі вялікая ганьба для беларускай палітычнай эліты, для афіцыйнага Менску, што за ўсе гэтыя гады гэтак і не ўдалося наладзіць нейкія альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі энергарэсурсаў!», – упэўнены палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Між тым наколькі альтэрнатываю станецца магчымае з’яўленне «Беларусьнафты» на радовішчах у Татарстане – пытанне спрэчнае. Улічваючы, што рэспубліка ёсць суб’ектам усё той самай Расейскай Федэрацыі.

Валер Руселік, «Беслат», фота – Ройтэрз

Стужка навінаў