Сёлета Расея паставіць Беларусі на 25 % менш нафты, чым абяцала


Нафтагазавая спрэчка Менску з Масквой працягваецца.

У чацвёртым квартале 2016 года Расея паставіць Беларусі 3 млн тонаў нафты. Пра гэта распавёў Tut.by прэс-сакратар кампаніі «Транснефть» Ігар Дзёмін.

«Зацверджаны графік паставак нафты ў Беларусь па сістэме магістральных нафтаправодаў на чацвёрты квартал прадугледжвае пастаўку да 3 млн тонаў нафты – па 1,5 млн на кожны з вашых нафтаперапрацоўчых заводаў. У трэцім квартале, паводле графіку, У Беларусь будуць перапампаваныя 3,5 млн тонаў нафты», – распавёў прадстаўнік кампаніі.

Такім чынам да канца года Беларусь атрымае ад Расеі 18 млн тонаў нафты замест запланаваных 24 млн – на чвэрць менш, чым прагназавалася.

Аляксандр Класкоўскі пра нафтагазавую спрэчку Беларусі з Расеяй

Газавы канфлікт паміж Беларуссю ды Расеяй пачаўся з-за аплаты ў гэтым годзе. З газавым пытаннем звязанае і скарачэнне паставак нафты ў Беларусь. Віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзій Дварковіч заявіў, што Расея з-за недаплаты за газ вырашыла скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь. У Менску ж з такой пазіцыяй нязгодныя і прапануюць не звязваць газавыя пытанні з абʼёмамі пастаўкі нафты.

Чытайце таксама >>> Лукашэнка дзяржсакратару Саюзнай дзяржавы: Я не пацярплю ціску, беларусы таксама

Графік паставак нафты ў нашую краіну на 2017 год будзе вядомы ў канцы года, як паведаміў Ігар Дзёмін. Пры гэтым ён удакладніў:

«Хаця ўсялякае бывае. Часам перамовы з Беларуссю зацягваюцца, і ўсё зацвярджаецца ў студзені».

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў