Расея не прыняла ад Беларусі авансу за газ і чакае поўнай аплаты


Расея чакае ад Беларусі поўнай аплаты за газ, авансавы плацеж вернуты Беларусі, паведаміў журналістам віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч.

«Складаныя перамовы. Мы не авансавы плацеж чакаем, нам не патрэбны быў авансавы плацеж. Ён вярнуўся назад ім, даўно ўжо», – сказаў Дварковіч, адказваючы на пытанне, ці атрымала Расея авансавы плацеж за газ.

Расейскі віцэ-прэмʼер адзначыў, што перамовы працягваюцца, , інфармуе расейскае агенцтва «РИА Новости».

Раней Дварковіч паведаміў, што расейскі ўрад атрымаў і абмяркоўвае прапановы Беларусі ў газавым пытанні. Пры гэтым ён адзначыў, што Расея ўсё яшчэ чакае аплаты доўгу. Ён складае $ 281 млн і ўтварыўся праз тое, што Беларусь недаплачвае за пастаўлены газ, лічачы кантрактную цану несправядлівай. У кастрычніку бакі абвясцілі аб дасягненні кампрамісу. Згодна з заявамі Менску, Масква пакідае кошт на газ на ранейшым узроўні, але дасць пэўную міжбюджэтную кампенсацыю.

У сваю чаргу Савет міністраў Беларусі 8 снежня паведаміў, што Беларусь зрабіла авансавы плацеж за расейскі газ і разлічвае, што ў адказ на гэты крок Масква адновіць абʼёмы паставак нафты.

У кастрычніку Беларусь пратэрмінавала аплату пазыкі за газ. Беларускі ўрад мусіў пералічыць «Газпрому» $ 281 млн. Пазней стала вядома, што Менск не пералічыў грошы за расейскі газ, бо чакаў падпісання «некаторых» пагадненняў.

На фоне газавых спрэчак і невыканання абавязальніцтваў па пастаўках нафтапрадуктаў Расея знізіла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ на 5,25 млн тон, праз што абрынуўся экспарт беларускіх нафтапрадуктаў. «Газавая вайна» ўжо абышлося Беларусі ў 0,3% ВУП.

У адказ на захады Расеі Беларусь з 11 кастрычніка на 50 % хацела павысіць тарыфы на транзіт расейскай нафты праз беларускую тэрыторыю. Пазней гэтую пастанову адмянілі ў абмен на аднаўленне поўных абʼёмаў паставак нафты з Расеі.

Матэрыял «Абʼектыву» пра сваркі Беларусі і Расеі праз газ і нафту:

МЯ, паводле ria.ru

Стужка навінаў