Сямашка распавёў, калі спадзяецца вырашыць нафтагазавы канфлікт з Расеяй


Намеснік прэмʼер-міністра Беларусі заявіў, што кампраміс па нафтагазавым пытанні павінны знайсці ў першым квартале 2017 года года.

«Мы не губляем аптымізму, працуем з расейскімі калегамі сістэмна і намагаемся ісці шляхам кампрамісаў як у сваіх фармулёўках, так і разліках. Мы і цяпер шукаем усе магчымыя крыніцы і механізмы, каб выйсці на ранейшыя дамоўленасці па выраўноўванні ўмоў гаспадарання ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюзу і прыйсці спачатку да адзінага рынку электраэнергіі, а затым газу і нафты», – адзначыў Уладзімір Сямашка ў каментары «Белта».

Нафтагазавы канфлікт цягнецца ўжо год. Менск з пачатку 2016-га спрабаваў дабіцца зніжэння цаны на расейскі газ з $ 132 да $ 73 за 1 тысячу кубаметраў. Паводле расейскага боку, сума недаплаты за пастаўлены ў Беларусь газ складала $ 281 млн. У трэцім квартале 2016 года праз запазычанасць расейскі бок скараціў пастаўкі нафты з 5,3 млн тон да 3,5 млн.

Пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што спрэчка паміж Расеяй і Беларуссю ўрэгуляваная. Менск адмяніў рашэнне аб павышэнні тарыфаў на транзіт расейскай нафты, а Расея паабяцала аднавіць абʼёмы паставак паліва беларускаму боку.

7 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вядзе перамовы аб пастаўках таннай нафты з Ірану, «які проста мітусіцца ў пошуках, куды паставіць нафту і гатовы нам зніжаць цану». Таксама ў кастрычніку Беларусь купіла ў Азербайджану больш за 80 тысяч тонаў нафты.

Стужка навінаў