Выявілі новыя парушэнні ў справе экс-уласніка «Мотавела» Мураўёва?


Вытворчасць на «Мотавела»

Ці мог суд спасылацца на дакументы, вынятыя з парушэннямі? Ці маюць моц сведчанні, дадзеныя без тлумачэння арт. 27 Канстытуцыі? Ці можа суд у негатыўным ключы спасылацца на ранейшую справу супраць абвінавачанага, у якой ён быў… апраўданы?

У 2017-м бізнесовец Аляксандр Мураўёў атрымаў 11 гадоў паводле гучнай «справы «Мотавела». Яму інкрымінавалі махлярства (ч. 4 арт. 209), раскраданне (ч. 4 арт. 210), ухіленне ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243).

Мы ўжо пісалі пра парушэнні ў крымінальнай справе, на якія звярнуў увагу Міхаіл Куцко – былы міліцыянт, а цяпер давераная асоба Мураўёва. Сёння публікуем пералік парушэнняў, якія, паводле Куцко, былі здзейсненыя на этапе следства і суда.

Падаем цытаты Міхаіла Куцко з удакладняльнымі пытаннямі «Белсату».

Дакументы ў скрыначцы

Куцко: На с.61 судовага выраку суд спасылаецца на пратакол вымання актаў праверкі «Мотавела». Менавіта гэтымі актамі нібыта і вызначаецца махлярская дзейнасць Мураўёва. Калі разабрацца і пачытаць пратакол вымання, то бачым, што выманне адбылося з парушэннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Парушана ч.14 арт. 210 КПК, якая прадугледжвае: усе дакументы, якія вымаюцца падчас вобшуку ці вымання, безумоўна маюць быць упакаваныя і апячатаныя.

Акты праверкі «Мотавела»

Ёсць працэдура, згодна якой дакументы падчас вымання трэба пакласці ў скрыначку ці спецпакет, напісаць запіску з тлумачэннямі «хто, што, калі» ды апячатаць. Кожнае падраздзяленне (КДБ, СК, КДК) мае для гэтага свае пячаткі. Праблем з гэтым няма аніякіх, але гэтак не зрабілі.

На этапе вывучэння следчым акты ўжо ўпакаваныя

АК: Як насамрэч адбылося выманне актаў?

МК: Згодна пратаколу вымання, акты не былі апячатаныя. Далей – цікавей. Ужо на этапе вывучэння дакументаў следчым, чароўным чынам акты ўжо знаходзяцца ў скрыначцы, з пячаткамі, датай і г.д. – усё па правілах. Такім чынам, нехта канфіскаваў дакументы, ніяк не афармляючы. Пасля – пераклаў у скрыначку і апячатаў. Узнікае пытанне: што туды маглі дакласці ці прыбраць? Ці тыя гэта дакументы?

Аляксандр Мураўёў

АК: Ці могуць падобныя дакументы, у такім выпадку, выкарыстоўвацца судом?

МК: Паводле закону, дакументы, былі вынятыя з парушэннем ч.14 арт.210 КПК, а таму, паводле арт. 105 КПК, не могуць з’яўляцца дапушчальнымі доказамі. У нашым жа выпадку менавіта гэтыя акты ляглі ў аснову абвінавачвання і згулялі ключавую ролю.

Права не даваць сведчанні супраць сябе і блізкіх

МК: Ёсць такі артыкул Канстытуцыі – 27-мы: права не даваць сведчанні супраць сябе і сваіх блізкіх. Паводле закону, яго абавязкова тлумачаць кожнаму, з каго бяруць тлумачэнні ці паказанні па крымінальнай справе. Пра тое, што чалавеку патлумачылі, сведчыць ягоны подпіс. Гэта ведае кожны студэнт юрфаку.

У нашым выпадку, было груба парушанае канстытуцыйнае права аднаго з абвінавачаных – Казіміра Мароза, экс-дырэктара «Мотавела». Яшчэ да ўзбуджэння крымінальнай справы ў яго бралі тлумачэнні ў ДФР. Яго апыталі, а вось наконт права не даваць сведчанні, іншымі словамі, маўчаць, нічога не сказалі. Ягонага подпісу няма.

Суд спасылаецца на першасныя паказанні Мароза, а сказанае падчас працэсу – не ўлічвае

АК: Гэтыя сведчанні, дадзеныя Марозам, на нешта паўплывалі?

МК: У гэтым і сутнасць. Яны пасля ляглі ў аснову выраку як доказы віны Мураўёва па частцы арганізацыі раскраданняў з «Мотавела». Гэта ёсць парушэннем арт. 195 КПК і дадзеныя тлумачэнні не могуць быць прызнаныя дапушчальнымі ў судзе доказамі.

Больш за тое, ужо на судзе Мароз казаў зусім іншыя рэчы, але суд спаслаўся на тыя ягоныя самыя першыя сведчанні, дадзеныя з парушэннямі ды без адваката.

Тлумачэнні Казіміра Мароза – няма радку, што яму патлумачылі арт.27 Канстытуцыі

«Аўстрыйская справа»: Мураўёў апраўданы

МК: У выраку ёсць спасылка на справу супраць Мураўёва, якая некалі была ўзбуджаная ў Аўстрыі. Там яму закідвалі, маўляў, Мураўёў нанёс страты ў колькасці $32 млн. Сэнс спасылкі ў тым, што яна мае характарызаваць абвінавачанага, як махляра, авантурыста і г.д. Маўляў, вось яно, рэцыдыў! Справа сапраўды мела месца. Але суд чамусьці змаўчаў пра тое, што ў Аўстрыі Мураўёў быў цалкам апраўданы. Ягоныя апаненты дайшлі да Вярхоўнага суду Аўстрыі, але ВС вырашыў: Мураўёў невінаваты.

АК: Такім чынам, ці карэктна было наагул даваць такую спасылку?

МК: Зразумела, што не. Гэта тое самае, што чалавека некалі звінавацілі ў забойстве, але цалкам апраўдалі. Пасля, праз гады, на яго зноў хочуць «павесіць забойства» і спасылаюцца на тое, што яго некалі судзілі па падобнай справе. Значыць, маўляў, забойца! Гэта выглядае як свядомая маніпуляцыя фактамі з мэтай стварыць адмоўны імідж чалавеку.

Былі і іншыя дробязі падобнага характару. Напрыклад, у якасці адмоўнай характарыстыкі суд спасылаецца на «адміністратыўкі» Мураўёва, нейкія парушэнні ПДР, штрафы па якіх даўно сплачаныя і пагашаныя. Я лічу, што гэта – маніпуляцыі.

Вяртаць ці канфіскоўваць акцыі?

МК: Паводле суду, Мураўёў скраў акцыі «Мотавела» у колькасці 31 269 538 штук – яны і ёсць «прадметам скрадзенага». На с.90 выраку напісана, што Мураўёў не меў на акцыі ніякага права, не з’яўляецца ўласнікам, значыць – скраў. Разам з тым, у рэзультатыўнай частцы выраку мы бачым, што акцыі нейкім цудоўным чынам апынуліся маёмасцю, на якую накладаецца канфіскацыя ў даход дзяржавы.

Такім чынам, канфіскуючы акцыі ў Мураўёва суд аўтаматычна вызнае ягонае права ўласнасці на гэтыя акцыі, бо канфіскаваць можна толькі тое, што належыць чалавеку.

АК: Можаце больш простай мовай патлумачыць?

МК: Глядзіце, злодзей крадзе тэлефон на вуліцы ў чалавека. Яго ловяць, забіраюць той тэлефон. Але, мабільнік не вяртаюць уласніку, а канфіскоўваюць у даход дзяржавы. То бок, вызнаюць права ўласнасці злодзея на скрадзенае. Гэта законна?

Такім чынам, або акцыі Мураўёў набыў усё ж такі законным чынам і яны – ягоная ўласнасць. Тады – ён не махляр. Або, калі акцыі ўсё ж такі скрадзеныя, іх нельга канфіскоўваць у даход дзяржавы, а можна толькі вярнуць уласнікам.

АК: Дык а каму менавіта трэба вяртаць? Хто ўласнік?

МК: Уласнікі розныя: ад прыватных асобаў да непасрэдна дзяржавы. З юрыдычнай кропкі гледжання важная фармулёўка: дзяржава, нават калі ў яе нешта скралі, не можа сабе гэта «канфіскаваць». Толькі вярнуць. Бо інакш, сканфіскоўваючы, дзяржава вызнае злодзеем уласніка. То бок, вызнае, што ўмоўны злодзей, які скрадзе тэлефон на вуліцы, мае на іх права. Такім чынам, Мураўёў або не махляр, або не злодзей. Суд жа закідвае яму і тое, і другое.

Састарэлыя бацькі і дзве дачкі

МК: У Мураўёва былі і абставіны, якія суд у абавязковым парадку меўся ўлічыць. Гэта – наяўнасць састарэлых бацькоў, якія знаходзяцца на ягоным утрыманні. Па 2-м выраку суд улічвае фактар бацькоў і Мураўёў атрымлівае тры гады. А вось па першым – не ўлічвае, там ён атрымлівае па максімуме. Дзе логіка? Бацькі ва ўзросце ж не маглі з’явіцца за паўтары гады, праўда?

Больш за тое, на момант вынясення першага выраку на ўтрыманні ў Мураўёва была яшчэ малалетняя дачка і адна непаўнагадовая дачка. Суд улічвае непаўнагадовую дачку (хоць не абавязаны быў гэтага рабіць), але не ўлічыў малалетняй – а гэта ўжо абавязкова – паводле п. 5 ч.1 арт. 63 КК.

АК: Як лічыце, чаму не былі ўлічаныя гэтыя абставіны? Здаецца, у чалавека забралі грошы, але… навошта даваць такі вялізны тэрмін?

МК: Чаму? Бо чалавеку трэба было даць 11 год, яго наўпрост «закаталі». Таму насоўвалі ўсё на свеце, каб дагнаць да гэтай планкі, не прынялі змякчаючыя абставіны, каб не змякчаць самога пакарання – вось і ўсё. На добры розум мае адбыцца новы суд, які ўлічыць усе парушэнні мінулага працэсу і вынесе новы вырак.

АК, фота з матэрыяламі справы прадстаўленыя Міхаілам Куцко belsat.eu

Стужка навінаў