У БДТУ закрылі гардэроб – гардэробніца ў шпіталі з пнеўманіяй


У прэс-службе ўніверсітэту кажуць, што студэнты рэдка пакідалі рэчы ў гэтай распранальні.

У Telegram-канале «Отчислено» з’явілася інфармацыя, што ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце захварэла гардэробніца, магчыма, на каронавірус. Да інфармацыі было далучана фота з агароджаным стужкай гардэробам.

Спачатку Belsat.eu звязаўся з прарэктарам Ігарам Бахматавым.

– Мы па гэтых рэчах каментар не даем. Ніхто ў нашым універсітэце вам гэтага не скажа, – сказаў прарэктар.

Фота: Telegram-канал «Отчислено»

У прэс-службе ўніверсітэту паведамілі, што працоўнае месца гардэробніцы сапраўды абгарадзілі пасля таго, як даведаліся, што жанчына ляжыць у шпіталі з пнеўманіяй.

– Безумоўна, калі даведаліся, што яе паклалі ў шпіталь, то папросту там усё прадэзінфікавалі, гардэроб зачынілі, каб студэнты туды не хадзілі, – сказалі ў прэс-службе.

Пра тое, ці мае гардэробніца каронавірус, у прэс-службе не ведаюць.

– Мы ведаем, што яе паклалі ў шпіталь. Ведаем, што ляжыць з пнеўманіяй. Пра каронавірус афіцыйна нам нічога не дакладаюць. На працы яна была апошні раз 24 сакавіка. Пасля гэтага была на бальнічным. Наколькі нам вядома, яе забіралі [у больніцу. – Belsat.eu] ужо з дому. Яна працавала ў другім корпусе. Гэты корпус у нас не прахадны. Наколькі нам вядома, студэнты рэдка пакідаюць там курткі.

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Стужка навінаў