«Турыстаў няма, арэнда расце, беларусы менш ходзяць па барах…»


Ці адбілася сітуацыя з вірусам, межамі ды валютай на барах і кавярнях? Карэспандэнты «Белсату» прайшліся па піцейных установах старога цэнтру Горадні суботнім вечарам, каб паразмаўляць з адміністратарамі, барменамі ды наведнікамі.

Пачынаем з утульнай кавярні «Авакава» на Кірава. У памяшканні ніводнага наведніка. Затое, на барнай стойцы – антысептык. Бармен з сумам распавядае, што час працы ў будні давялося скараціць на гадзіну. Як будзе ісці справа далей – не ведае.

Кавярня «Авакава»: людзей няма, але антысептык – ёсць. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У бары «Куба», адным з традыцыйных тусовачных месцаў, людзі ёсць. На першы погляд здаецца, што нічога не змянілася. Дзяўчаты і хлопцы за стойкай, вялікая кампанія ў куце. Афіцыянтка кажа, што сітуацыя не крытычная, але колькасць наведнікаў усё адно скарацілася прыкладна на траціну.

Бар «Куба»: наведнікаў стала менш на траціну. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Паперка не прыходзіла, таму ставім кальяны – чаму не?»

«Hookah Place» – кальянная, таксама ў цэнтры. Ля ўваходу паляць некалькі маладзёнаў. Цікава, што тут мы сустрэлі адзінага за ўвесь вечар хлопца ў масцы. Рэшта, відаць, не пераймаецца такімі дробязямі.

Адміністратарка з «Hookah Place» кажа, што кальяны ў іх падаюць, як і раней, ніякіх лістоў з забаронамі не прыходзіла. Яна з гонарам дэманструе антысептык пры ўваходзе. Сама дзяўчына ў чорных медычных пальчатках. Што да часу працы, то зменаў пакуль няма, аналізуюць сітуацыю.

Кальянная «Hookah Place»: кальяны пакуль ніхто не прыбіраў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Яшчэ адзін бар, дзе падаюць кальяны, – «First». Усярэдзіне ніводнага чалавека, нібыта пасля выбуху нейтроннай бомбы. Бармена Улада знаходзім у суседнім памяшканні: грае з сябрамі ў більярд. Ён кажа, што пуста не заўсёды, бывае, і заходзіць народ, але менш.

«Паперка не прыходзіла ніякая, таму ставім кальяны надалей. Чаму б і не, калі не забаранілі? У Менску ўжо пачынаюць, у Горадні недзе прыходзілі лісты, але да нас – не. Кропкава хіба. Антысептык мы са сваёй ініцыятывы паставілі, ніхто не прымушаў, бо мы і за грошы, і за посуд бярэмся», – кажа Улад.

«Калі каранціну не ўвядуць, то самі ўвядзем – для сябе»

Паводле Змітра Захаркі, уладальніка «Нашай Кавы» і «Справы» ў самым сэрцы гораду, сітуацыя на ягоным бізнесе адбілася рэзка негатыўна.

Пустыя столікі ў зазвычай поўных барах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Турыстаў няма, арэнда расце, беларусы таксама асцярожнічаюць і менш ходзяць у такія ўстановы. Значна менш! Чакаем, якая будзе сітуацыя. Калі да нас усё ж прыйдзе эпідэмія ў маштабе навалы, тады будзем прыпыняць працу. Нават калі каранціну не ўвядуць, то самі ўвядзем – для сябе», – кажа Зміцер.

Некаторыя кавярні скарацілі час працы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Са словаў Захаркі, ён разам з іншымі ўласнікамі бараў і кавярняў, якія месцяцца ў вялізным будынку былой фабрыкі «Акцэнт», ужо падрыхтавалі ліст арэндадаўцу, каб той знізіў кошты на арэнду – прынамсі, да нейкага вырашэння сітуацыі.

#stayhome, бадун і дзе знайсці працу, калі ўсё лясне?

Бліжэй 10–11-й вечара горад усё ж ажывае, аднак маштабы не тыя, што раней. Савецкая вуліца поўная моладзі, але людзі часцей бяруць тую ж каву з сабой. Тут і фактар добрага надвор’я, і віруса, і скарачэння рэжыму працы кавярняў. Напрыклад, папулярная «Кавярня на Віленскай» (былая «Цікава) цяпер працуе з 14-й да 22-й, хоць раней у суботы была адкрытая з 11-й ажно да 2-й ночы.

За ўвесь вечар мы сустрэлі ўсяго аднаго маладзёна ў масцы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Заходзім у бар «Корица». Зазвычай у пятніцу і суботу тут носа не ўбіць – цяпер жа людзі ёсць, але небагата. Музыка, жарты, нібыта ўсё як заўсёды. Разам з тым, калі нехта чхае ці кашляе, то просіць прабачэння – гэта штосьці новенькае.

«А што нам? Хадзілі і ходзім надалей. Субота ж… Мы тут як у падводным чоўне, нічога не страшна!» – кажа маладзён побач. Міжсобку за цыгарэтай на вуліцы людзі гавораць хутчэй пра эканамічныя беды, чым пра вірус: як заплаціць за кватэру, або як шукаць працу, калі ўсё лясне.

А яшчэ жартам абмяркоўваюць моду на #stayhome – папулярны лозунг нашага часу: «Ну глядзі, знаёмая посціць у Instagram, як яна ўсю пятніцу тусіла: клубы, кактэйлі, дыджэй – усё як заўжды. А ўжо сёння, у суботу, яна з дому кідае фотку з гарбатай ды відам з вакна з гэштэгам #stayhome. Мода такая! Толькі тут не пра каранцін і вірус, а пра бадун! Вось такі «стэй гоўм»…

Шмат моладзі шпацыруе па вуліцах, а вось у памяшканні заходзяць радзей. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў