Старшыня Сенату Польшчы: Трапіў у «чорны спіс» Расеі, бо намагаўся наблізіць яе да Польшчы


Журналісты «Белсату» пагаварылі са старшынём польскага Сенату Богданам Барусэвічам пра тое, чаму яго незалюбіла Расея. А таксама запыталіся, якім ён бачыць адказ Еўразвязу на чарговы варожы крок Крамля.

«Белсат»: Добры дзень. Мы хацелі б пачаць размову з пытання, якім чынам вы трапілі ў расейскі чорны спіс. Якую пагрозу ў Вас убачыў Крэмль?

Богдан Барусэвіч: Я перакананы, што аказаўся ў гэтым спісе таму, што шмат гадоў працаваў дзеля набліжэння Расеі да Польшчы. З маім расейскім калегам шмат гадоў мы арганізоўвалі форум рэгіёнаў, на які прыязджалі кіраўнікі расейскіх рэгіёнаў. У нас былі вельмі добрыя парламенцкія кантакты, 10 адсоткаў сенатараў уваходзілі ў польска-расейскую групу. І гэта зрабілася нявыгадным для Расеі, трэба было паказаць Польшчу як варожую краіну. Вельмі цяжка знайсці нейкі крытэрый гэтага спісу, ён вельмі нерэгулярны. Мне падаецца, што адным з крытэрыяў маглі быць сімпатыі ці антыпатыі мясцовага амбасадара. Але мяне сітуацыя не здзівіла, бо раней мяне не пусцілі на пахаванне Барыса Нямцова. Думаю тады гэты спіс ужо стваралі. Мы негатыўна ставімся да таго, што робяць улады Расеі, Уладзімір Пуцін ва Украіне, да разнастайных парушэнняў міжнароднага права».

«Белсат»: Што ў такім выпадку можа зрабіць Польшча і ўвесь Еўразвяз? Бо ізноў назіраем чарговы, вельмі канкрэтны варожы крок Расеі ў бок Захаду.

Богдан Барусэвіч: Што датычыць Польшчы і мяне, то рэакцыя ўжо была: выклікалі расейскага амбасадара і ўручылі адпаведную ноту. Больш нічога пакуль зрабіць не магу. Але я мяркую, што выяўленне гэтага спісу, яго канструкцыя будуць мець значэнне пры дыскусіях аб санкцыях, якія адбудуцца ў чэрвені. Адмяніць іх ці працягнуць? Пазіцыя Польшчы застаецца адназначная: санкцыі мусяць застацца, пакуль ёсць расейская агрэсія ва Украіне.

«Белсат»: Крэмль вельмі абураны рэакцыяй Бруселю на чорны спіс. Там кажуць, што санкцыі Расеі – гэта адказ на тое, што раней зрабіў Брусель. Еўразвяз сам заініцыяваў палітыку санкцыяў. Чаму ў выпадку Еўразвязу мы кажам пра абгрунтаванасць санкцыяў, а ў выпадку Масквы – пра недарэчнасць?

Богдан Барусэвіч: Гэта не Еўразвяз напаў на іншую краіну, не Еўразвяз напаў на Украіну, не Еўразвяз напаў на Расею. Але гэта Расея нападае ды ваеннай сілай змяняе межы. Справа ясная: калі нехта брутальна парушае міжнароднае права – мусіць мець наступствы такіх крокаў. Але Расея, кідаючы гэты спіс на стол, нічога не выйграе. З такою пазіцыяй не ўдасца пераканаць кіраўніцтва краінаў, якія выступаюць за санкцыі, адмяніць іх.

«Белсат»: Крытыкі палітыкі санкцыяў неаднойчы казалі пра іх малую эфектыўнасць. Маўляў, санкцыі толькі злуюць Крэмль, а таму Расея робіцца ўсё больш агрэсіўная. У такім кантэксце ці сапраўды можна канструктыўна паўплываць на Расею?

Богдан Барусэвіч: Гэтыя санкцыі ўдарылі па Расеі, прычым вельмі балюча, і гэта бачна. Санкцыі маюць уплыў на эканоміку Расеі: выраслі кошты, абясцэньваецца рубель. Гэта ўсё ўдарыла па кішэні расейскіх уладаў. Адсюль і нервовая рэакцыя, адсюль і гэты чорны спіс. Але гэта адзіны сродак уплыву на Расею, які мае Еўразвяз у адказ на дзеянні Масквы. Праўда, хачу адзначыць, што санкцыі пакуль не такія і балючыя. Калі Расея пойдзе далей, то яны, вядома, будуць яшчэ мацнейшыя. Расея ж не ў стане развівацца ў ізаляцыі ад усяго свету. І гэта бачна.

«Белсат»: Ці расейкі чорны спіс можа рэальна пашкодзіць заходнім палітыкам? Ці вы асабіста адчуеце нейкае абмежаванне?

Богдан Барусэвіч: Не, я нічога не адчую. Я па-за ўплывамі расейскіх уладаў. Для мяне гэта не мае ніякага значэння. Але гэта мае негатыўнае значэнне для Расеі.

Стужка навінаў