Спачатку бяспека, а потым выбары. Навошта Пуціну асаблівы статус ДНР/ЛНР?

video

Гадавы перапынак у спатканнях нармандскай чацвёркі і пяць гадзінаў працы ў Берліне. У чым галоўнае дасягненне кіраўнікоў Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі?

«Было даручана, каб да канца лістапада міністры замежных справаў падчас адмысловай сустрэчы зацвердзілі дарожную мапу. Першае і галоўнае. Дарожная мапа зʼяўляецца дакументам па імплементацыі ўсіх «менскіх пагадненняў», – патлумачыў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.

Гэта своеасаблівая інструкцыя, дзякуючы якой бакі вызначаць механізм выканання «менскіх пагадненняў». Але галоўнае – паслядоўнасць.

«Мы павінны паважаць паслядоўнасць крокаў менскіх пагадненняў і не забягаць наперад. У адваротным выпадку мы не зможам рэалізаваць ніводзін з гэтых крокаў», – заявіў кіраўнік Францыі Франсуа Алянд.

Пакуль пра паслядоўнасць можна толькі марыць. Дагэтуль бакі не выканалі не аднаго пункту менскіх дамоўленасцяў. Паводле іх канстытуцыйная рэформа і правядзенне мясцовых выбараў у Данбасе магчымая толькі пасля вывядзення адтуль незаконных узброеных фармаванняў. У першую ж чаргу павінны перастаць страляць гарматы, а цяжкая зброя павінна адысці ад лініі размежавання на адлегласць 50 кіламетраў.

«Ад нас патрабуюць выканання палітычнай часткі без гарантыяў бяспекі, без выканання рэжыму цішыні. У гэтых умовах Украіна не можа сабе дазволіць унясення зменаў ва ўкраінскую канстытуцыю, прыняцця нейкага асаблівага рэжыму самакіравання на акупаваных тэрыторыях», – мяркуе Марыя Золкіна з кіеўскага фонду «Дэмакратычныя ініцыятыва».

Масква хоча спачатку правесці выбары то бок легалізаваць сепаратыстаў. А таксама надаць спецыяльны статус Данбасу ў рамках Украіны. А потым усё астатняе.

«Мы пацвердзілі, што працягнем сумесную працу на палітычным трэку, у тым ліку ў плане канчатковых дамоўленасцяў аб парадку імплементацыі і ўвядзення ў дзеянне дамовы аб асаблівым статусе ў асобных раёнах Луганскай і Данецкай вобласцяў, у Луганскай народнай рэспубліцы і Данецкай народнай рэспубліцы», – заявіў падчас сустрэчы Уладзімір Пуцін.

І гэтая заява Пуціна дэманструе галоўную мэту Расеі ва Украіне.

«Мэтай гэтай ёсць усталяванне кантролю пры дапамозе самаабвешчаных утварэнняў над унутранай і вонкавай палітыкай Украіны», – упэўнены Аляксей Мельнік з «Цэнтру Разумкова».

Улады ў Кіеве лічаць, што спачатку тэрыторыю Украіны павінны пакінуць расейскія войскі а мяжа, якую кантралююць сепаратысты мусіць вярнуцца пад кантроль украінскіх памежнікаў.

«Нельга праводзіць выбары на тэрыторыі, якая не была дэмілітарызаваных, калі ня былі адведзены войскі, калі не адведзена ўзбраенне», – канстатуе Кацярына Зарэмба з Інстытуту сусветнай палітыкі.

Нармандская чацвёрка дамовіліся аб увядзенні на Данбас узброенай місіі АБСЕ, якая будзе разводзіць канфліктуючыя бакі. Але ў Данецку з гэтым не пагаджаюцца.

«Знаходжанне ўзброеных людзей на тэрыторыі ДНР у любым фармаце мы не дапусцім ні ў ніякім выпадку», – настойвае кіраўнік самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі» Аляксандр Захарчанка.

Але для Пуціна санкцыі супраць Расеі важнейшыя, чымся заявы з ДНР.

«Санкцыі эфертыўныя, бо Расея становіцца слабей. План Пуцін адносна Адэсы і Харкава ды іншых гарадоў ня рэалізаваўся. Расея спынілася ў Данецку і Луганску», – кажа Людміла Казлоўская з варшаўскага фонду «Open Dialog».

«Нам трэба працягваць гэтыя санкцыі, таму што няма іншага выхаду. Захад можа дзейнічаць толькі легальнымі спосабамі», – нагадвае літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус.

Удзельнікі нармандскай чацвёркі пераследуюць супярэчлівыя мэты а таксама па-рознаму бачаць выкананне менскіх дамоўленасцяў. Але галоўнае – яны сустракаюцца і размаўляюць, бо санкцыі ўсцяж дзейнічаюць. І альтэрнатывы нармандскаму фармату няма.

Руслан Шошын, «Белсат»

Іншыя тэмы ў праграме «ПраСвет»

Глядзі таксама
Каментары