Стабільнасць не такая ўжо і стабільная. Што паказаў месяц пасля Мачулішчаў


З дыверсіі супраць расейскага самалёта на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам мінуў ужо месяц. З гэтай нагоды карэспандэнты «Белсату» з дапамогай экспертаў вырашылі ацаніць, якія вынікі мела аперацыя для фронту ва Украіне і для палітыкі ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт-лакатар А-50.
Фота: Vladimir Gerdo / TASS / Forum

Раніцай 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах прагрымелі выбухі, пасля чаго стала з’яўляцца інфармацыя пра падарваны расейскі самалёт далёкага радыялакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛА) А-50. Адказнасць за падрыў самалёта ўзяла на сябе ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў «ByPol» на чале з Аляксандрам Азаравым.

Ускосным пацвярджэннем здарэння сталі звесткі пра перахопы ДАІ на дарогах у ваколіцах Мачулішчаў, узмацненне кантролю на памежных пунктах з Польшчай і Літвой ды сцёртыя паведамленні жыхароў у мясцовых чатах пра гукі выбухаў.

Агляд
«Новы ўзровень» і другі крэйсер «Масква». Што кажуць пра дыверсію ў Мачулішчах
2023.02.28 17:15

Але ўлады спачатку адмаўлялі інцыдэнт, а праз некалькі дзён паказалі відэа самога А-50, знятае ў прыцемках і з іншага ракурсу. У сваю чаргу «ByPol» апублікаваў відэа таго, як адмысловыя дроны заляталі на аэрадром і сядалі на самалёт. У супрацьвагу прапаганда паказала, як самалёт падымаецца ў неба і нібы аблятае дзяржаўную мяжу Беларусі. Праўда, выявілася, што борт адправіўся на авіярамонтны завод у Таганрог, дзе будуць ліквідавацца пашкоджанні. У Беларусь ён так і не вярнуўся.

А 7 сакавіка дыверсію пацвердзіў ужо і сам Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што ў выніку выбуху, які нібыта рыхтавалі СБУ і ЦРУ, у самалёта з’явіліся «драпіна і адна прабоіна ў корпусе». Таксама Лукашэнка пацвердзіў, што самалёт даслалі ў Расею «на абслугоўванне».

Магчымасці расейская авіявыведкі пагоршыліся

У каментары «Белсату» ўкраінскі вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка адзначыў, што дыверсія ў Мачулішчах не мела «глабальнага ўплыву» на ваенную сітуацыю, але памяншае якасць расейскай выведкі.

Ён нагадаў, што пашкоджаны самалёт ДРЛА А-50 выконваў перадусім выведныя функцыі і не быў баявым самалётам. Замест гэтага ён суправаджаў расейскі МіГ-31К з гіпергукавымі ракетамі Х-47М2 «Кінжал» і забяспечваў Расею дадатковымі выведнымі звесткамі. У тым ліку пра сітуацыю ў паветранай прасторы Украіны, ці ёсць дзе пагрозы для МіГ-31К, фіксаваў узлёты ўкраінскай авіяцыі, наколькі гэта пагражае МіГ-31К, раскрываў месцазнаходжанне ўкраінскай СПА.

«Таму яго адсутнасць перадусім змяншае колькасць і якасць выведных звестак, якія атрымліваюць расейскія акупацыйныя войскі», – паведаміў эксперт.

Паводле яго, МіГ-31К працягвае ўзлятаць у Беларусі, але цяпер яго суправаджаюць знішчальнікі Су-30СМ, якія прыкрываюць яго праз немагчымасць ужывання такіх сродкаў, як А-50.

«Тое, што цяпер А-50 не ўжываецца непасрэдна для падтрымання МіГ-31К, лішні раз даказвае тое, што пашкоджанні ў самалёта былі. І замяніць гэты самалёт, проста скіраваўшы ў Беларусь яшчэ адзін аднатыпны для надання падтрымання, у Расеі на сёння няма магчымасці праз абмежаваны рэсурс наяўнасці гэтых самалётаў», – распавёў Аляксандр Каваленка.

Эксперт адзначыў, што Расея ў сваёй паветранай прасторы працягвае выкарыстоўваць А-50 для выведнай дзейнасці, але робіць гэта на максімальна бяспечнай адлегласці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valery Matytsin / TASS / Forum

«Яны маюць менш магчымасці правядзення выведкі ў глыб Украіны, што ўплывае на якасць атрыманай інфармацыі. Яны ахопліваюць пераважна лінію фронту, лінію баявога сутыкнення з часова акупаванымі тэрыторыямі. І гэта ім дазваляе здзяйсняць падтрыманне сухапутных падраздзяленняў авіяцыяй, але з улікам таго, што ўсё адно адбываецца збіццё іх самалётаў, выведная інфармацыя мае не зусім высокую якасць».

Міф пра стабільнасць разбураны

Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч, у сваю чаргу адзначыў, што дыверсія ў Мачулішчах «разбурае кантэнт дзяржаўных медыяў пра стабільнасць у Беларусі, пра тое, што ўсё пад кантролем, пра тое, што беларускі рэжым моцны».

«Высвятляецца, што гэты кантроль не вельмі і моцны. І стабільнасць беларуская парушаная, а Беларусь уцягнутая ў гэтую вайну, хоць улады казалі, што Беларусь не ваюе», – заявіў ён.

Праўда, намеснік начальніка факультэту Генштабу Узброеных сілаў Беларусі Андрэй Багадзель распавядаў 15 сакавіка, што пасля атакі на А-50 у Мачулішчах былі праведзеныя праверкі «практычна ўсіх ахоўных аб’ектаў» у Беларусі.

«І вынік паказаў тое, што мы былі гатовыя. Прычым праверка праводзілася не паводле гэтага ж сцэнара, а праходзіла паводле комплекснага сцэнара. Яна паказала, што сістэма працуе. Гэта значыць, мы былі гатовыя да гэтага», – заявіў ён у эфіры ОНТ.

Тое ж, што быўшы гатовымі, беларускія войскі нічога не папярэдзілі, вайсковец патлумачыў тым, што «трэба было перабудаваць сваю свядомасць на новы лад». Дый увогуле дыверсія адбылася «ў мірны час».

Дыверсія як нагода для рэпрэсіяў

Таксама Лукашэнка 7 сакавіка заявіў пра затрыманне выканаўцы – украінскага дыверсанта Мікалая Швеца і больш як 20 ягоных беларускіх «суўдзельнікаў». Быў узмоцнены памежны кантроль, ставіліся блокпасты на дарогах. Спачатку людзей затрымлівалі пад Менскам, але затым хваля рэпрэсіяў пакацілася і па іншых рэгіёнах краіны.

Калі спачатку перадусім прыходзілі да ўладальнікаў дронаў, страйкбалістаў, стралкоў і аматараў рэканструкцыі, то пасля пайшлі агулам па ўсіх, хто раней хоць неяк быў заўважаны ў пратэставай актыўнасці. Звесткі пра аблавы прыходзілі з самых розных гарадоў. У Маскве затрымалі нават памочніка старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, былога першага намесніка міністра інфарматызацыі і сувязі Беларусі Дзмітрыя Шадко.

З новымі ператрусамі і затрыманнямі сутыкнуліся журналісты недзяржаўных выданняў у Вялейцы, Слуцку, Бабруйску.

Марина Золотова, главный редактор TUT.BY и политзаключенная
Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

Такім чынам, адзначыў Валер Карбалевіч, улады паспрабавалі выкарыстаць дыверсію супраць расейскага самалёта на сваю карысць.

«Маўляў, бачыце, мы ўвесь час казалі, што нам пагражаюць, што вакол ворагі, што NATO і Украіна вось-вось збіраюцца напасці і перыядычна нападаюць, пятая калона ўвесь час шкодзіць. І вось дыверсія ў Мачулішчах пацвярджае гэтую версію. І таму трэба мацаваць бяспеку, трэба надаваць надзвычайныя паўнамоцтвы сілавым структурам, трэба перыядычна кашмарыць грамадства, асабліва тых, хто нейкім чынам трапляе пад падазрэнне, якія калісьці дзесьці ў пратэстах», – заявіў палітолаг.

І тое, «што адбываецца масавая зачыстка ў краіне, што хапаюць людзей у розных гарадах, гэта наўрад ці палепшыла пазіцыі дэмакратычных сілаў», мяркуе ён.

«То бок чым большыя рэпрэсіі ў краіне, тым меншыя магчымасці нейкіх дзеянняў, нейкага пратэсту, нават схаванага. Таму цяжка ўявіць, што гэтая падзея ўзмацніла дэмакратычныя сілы», – адзначыў Валер Карбалевіч.

Пры гэтым ён не думае, што гэта падзея паўплывала на стаўленне Украіны да беларускіх дэмакратычных сілаў, у тым ліку да каманды Святланы Ціханоўскай і да ўзначаленага ёю Аб’яднанага пераходнага кабінету, прадстаўнік якога Аляксандр Азараў якраз і браў адказнасць за атаку на расейскі выведны самалёт.

Пакуль жа беларускія праваабаронцы працягваюць падлік звестак пра вядомыя рэпрэсіі ў Беларусі за апошні месяц. Сваю справаздачу з канкрэтнымі лічбамі яны абяцаюць бліжэйшымі днямі. Тым часам аўтар тэлеграм-каналу «Белорусский порядок» мяркуе, што гэтымі ўзмоцненымі рэпрэсіям ўлады не толькі адказваюць на дыверсію ў Мачулішчах, але і прэвентыўна зачышчаюць тых, хто можа аказаць супраціў, каб далей пракруціць «канчатковае вырашэнне беларускага пытання».

Разбор
Экшан у Мачулішчах: сабралі галоўныя пытанні да версіі беларускіх сілавікоў
2023.03.13 12:12

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў