«Ужо нікуды не паляціць». «ByPol» паведамляе пра падрыў расейскага самалёта ў Мачулішчах


На аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам учынены падрыў расейскага самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50, сцвярджае ў сваім Telegram-канале аб’яднанне «ByPol» са спасылкаю на ўдзельнікаў плана «Перамога». Паводле гэтай інфармацыі, пашкоджанні сур’ёзныя, і «самалёт дакладна ўжо нікуды не паляціць».

Самалёт-лакатар А-50У.
Фота: Дзяржаўная расейская карпарацыя «Ростех»

У выніку двух выбухаў пацярпелі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджаная авіёніка і радыёлакацыйная антэна.

У момант падрыву побач працавала снегаўборачная тэхніка, якую зачапіла выбухной хваляй.

«Беларускія партызаны паслядоўныя ў выгнанні фашыстаў са сваёй зямлі», – адзначаецца ў паведамленіі «ByPol».

«Беларускі Гаюн» не выключае версію, што выбухоўку на самалёт скінулі з паветра.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў у сваім канале «WarGonzo» заявіў, што атрымаў ад сваіх крыніцаў у Беларусі пацверджанне інфармацыі пра выбухі. Самай верагоднай версіяй ён называе атаку беспілотнікаў. Здарэнне ў Мачулічшах ягоныя крыніцы параўноўваюць з інцыдэнтамі ў Саратаве ў снежні летась, калі ў выніку двух атак дронаў загінулі тры асобы, шэсць пацярпелі, была пашкоджаная тэхніка.

Паводле розных звестак, сёння жыхары Мачулішчаў чулі ці то два, ці то тры выбухі. У раёне авіябазы заўважылі сілавікоў са зброяй і ў бронекамізэльках, перасоўванне вайсковых МАЗаў, машын Следчага камітэту і хуткай дапамогі, у небе – верталёт. Інспектары ДАІ спыняюць аўтамабілі і маршруткі, правяраюць дакументы і багажнікі, у некаторых – нават мабільныя тэлефоны.

Telegram-канал «МотолькоПомоги» піша, што «па кватэрах пачаў хадзіць АМАП у поўным рыштунку», і некага шукаюць. У сілавікоў нібыта ёсць нейкі «бчб-спіс».

У мясцовым чаце выдаляюць усе паведамленні відавочцаў пра здарэнне і праверкі на дарогах.

Такія самалёты-лакатары называюць «паветраным штабам» Паветрана-касмічных сілаў Расеі. Яны забяспечваюць суправаджэнне цэляў, кіраванне знішчальнікамі, навядзенне, а таксама ранняе выяўленне і супрацьдзеянне паветраным пагрозам. А-50 цяпер выкарыстоўваецца падчас бамбавання Украіны.

Расея мае 9 такіх бартоў. Вытворчасць аднаго каштуе каля 330 млн долараў.

Абноўлена
Telegram-канал «Беларусь за МКАДам» напісаў пра тры выбухі на аэрадроме ў Мачулішчах
2023.02.26 16:02

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў