Першы беларускі чыноўнік назваў «фэйкам» інцыдэнт з расейскім самалётам у Мачулішчах


Намеснік міністра замежных справаў Беларусі Юрый Амбразевіч 28 лютага першым з беларускіх афіцыйных асобаў пракаментаваў меркаваную атаку на самалёт «А-50»: сказаў «Reuters», што ўпэўнены ў непраўдзівасці заяваў аб дыверсіі партызанаў.

Юрый Амбразевіч на 77-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Нью-Ёрк, ЗША. 8 снежня 2022 года.
Фота: mfa.gov.by

«Улічваючы адсутнасць афіцыйнай рэакцыі, я глыбока перакананы, што гэта чарговы фэйк, нацэлены на падкрэсліванне пэўных недахопаў у нацыянальнай бяспецы», – сказаў журналістам Юрый Амбразевіч наконт меркаванай дыверсіі.

Беларускія ўлады сапраўды не каментавалі здарэнне, аб якім стала вядома 26 лютага. Аб’яднанне былых сілавікоў «ByPol» заяўляе, што дыверсанты з дапамогай дронаў падарвалі ў Мачулішчах расейскі самалёт «А-50» – вайсковы «лятучы радар», які выкарыстоўваюць у вайне ва Украіне.

Наўпроставых доказаў таго, што дыверсія сапраўды была, няма. Аднак на спадарожнікавых здымках бачна, што самалёт як мінімум пераставілі на нязвыклае месца пасля дня меркаванай атакі, а неўзабаве па заяве «ByPol» Аляксандр Лукашэнка раптоўна склікаў нараду з кіраўніцтвам сілавых структураў.

Агляд
«Новы ўзровень» і другі крэйсер «Масква». Што кажуць пра дыверсію ў Мачулішчах
2023.02.28 17:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў