Забітых і параненых ужо сотні тысяч. Што мы ведаем пра страты ў вайне Украіны і РФ


Колькасць загінулых у поўнамаштабнай вайне паміж Расеяй і Украіны, хутчэй за ўсё, пераваліла за 100 тысячаў чалавек, а з улікам параненых агульныя страты бакоў могуць перавышаць паўмільёна. Belsat.eu сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю пра чалавечыя страты на 16-м месяцы канфлікту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына разглядае фотаздымкі салдатаў, якія загінулі ў баях з расейскімі войскамі. Сцяна загінулых абаронцаў Украіны ля Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве, Украіна. 28 траўня 2023 года.
Фота: Daniel Carde / Zuma Press / Forum

Страты расейскай арміі

Журналісты выданняў Бі-Бі-Сі і «Медиазона» на дзень 9 чэрвеня здолелі высветліць імёны 25 218 загінулых расейскіх вайскоўцаў. Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах.

На падставе гэтага спісу журналісты Бі-Бі-Сі прыйшлі да высновы, што паводле найбольш кансерватыўнай ацэнкі страты расейскага войска забітымі могуць быць удвая большыя – звыш 50 тысячаў чалавек. А з улікам байцоў фармаванняў «ДНР» і «ЛНР» – больш за 66 тысячаў. Агульныя незваротныя страты журналісты ацэньваюць прыкладна на 298 тысячаў чалавек. З іх 225 тысячаў – ва ўласна расейскіх фармаваннях, без уліку «ЛДНР».

Раней амерыканскі Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS) прыйшоў да высновы, што станам на люты 2023 года з улікам байцоў «ЛДНР» ва Украіне загінулі каля 60–70 тысяч салдатаў агрэсара. А агульныя расейскія страты ацэньваліся на 200–250 тысячаў. Прычым гэтыя лічбы не ахопліваюць перыяду найбольш разлютаваных вясенніх баёў за Бахмут і пачатак цяперашняга контрнаступлення Украіны – у гэтыя перыяды якраз назіраўся рэзкі рост стратаў.

Расейскія ўлады, у сваю чаргу, апошні раз агучвалі афіцыйныя лічбы стратаў сваіх Узброеных сілаў 21 верасня: тады паведамлялася, што ва Украіне загінулі 5937 расейскіх жаўнераў. Потым яшчэ некалькі разоў Мінабароны дадавала лічбы за асобныя дні – агулам у межах 200 чалавек.

Сур’ёзна ставіцца да такіх заяваў Мінабароны РФ няма падставаў. Значна больш праўдападобнымі выглядаюць прызнанні заснавальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына. Паводле яго, толькі ягоныя найміты і толькі падчас штурму Бахмуту страцілі забітымі 20 тысячаў чалавек (палова з іх – завербаваныя вязні, палова – звычайныя найміты-кантрактнікі). Гэтая лічба шакуе сама па сабе: атрымліваецца, што за 7 месяцаў баёў за невялікі горад на ўсходзе Украіны ПВК Вагнэра страціла забітымі больш, чым увесь СССР за 10 гадоў вайны ў Афганістане (афганская вайна каштавала Маскве 15 тысячаў забітымі). Аднак і звесткі Прыгожына, хутчэй за ўсё, заніжаныя. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) кажа, што вагнэраўцы страцілі забітымі мінімум у паўтара разу болей – то бок 30 тысячаў. Звесткі Прыгожына і Гіркіна не супярэчаць інфармацыі выведкі ЗША: паводле амерыканцаў, страты акупантаў пад Бахмутам склалі больш за 100 тысяч чалавек забітымі і параненымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Свежыя магілы расейскіх салдатаў на могілках у горадзе Яфрэмаў, Тульскай вобласць, Украіна. 24 сакавіка 2023 года.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

З улікам лічбаў Прыгожына варта зноў вярнуцца да расследавання Бі-Бі-Сі і «Медыязоны». З 25 тысячаў пацверджаных выпадкаў смерцяў журналісты вылучаюцца асобна зэкаў і звычайных ПВКашнікаў – іх у спісе 4689 і 1794 адпаведна. Агулам – 6483. То бок у тры разы меней, чым заяўляў Прыгожын. Па-першае, гэта ўказвае на тое, што рэальныя страты расейцаў могуць быць не ў 2 (кансерватыўная ацэнка Бі-Бі-Сі), а ў 3 разы большыя, чым здолелі пацвердзіць журналісты. Па-другое, звяртае на сябе ўвагу доля ПВК Вагнэра ў агульнай лічбе смерцяў – прыкладна 26 %. То бок асноўная частка стратаў прыпадае зусім не на вагнэраўцаў – суадносіны прыкладна адзін да трох.

Такім чынам, параўноўваючы звесткі Прыгожына і незалежных журналістаў, можна прыйсці да высновы, што рэальная колькасць расейскіх стратаў можна складаць да 75–80 тысячаў забітымі, а з улікам групоўкі «ЛДНР» наогул дасягаць 90–96 тысяч. Паколькі на аднаго забітага падчас баявых дзеянняў звычайна прыпадае 3–4 параненых, то агульныя страты ў такім выпадку могуць быць каля 430 тысячаў чалавек.

Страты ўкраінскага войска

Наконт стратаў Украіны інфармацыі значна менш, перш за ўсё праз тое, што незалежныя журналісты і маніторынгавыя суполкі засяроджаны на аналізе стратаў агрэсара, а не таго, хто абараняецца.

Украінскія ўлады раней падкрэслівалі, што страты сілаў абароны засакрэчаныя на час ваеннага становішча. Аднак некаторыя адказныя асобы часам называюць прыкладныя лічбы стратаў. У канцы лістапада 2022 года тагачасны дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заявіў, што колькасць загінулых украінскіх жаўнераў вагаецца паміж 10 і 20 тысячамі. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк 1 снежня паведаміў, што ўкраінскія страты складаюць ад 10 да 12,5–13 тысяч загінулых.

У красавіку 2023 года міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што страты з украінскага боку падчас поўнамаштабнай вайны меншыя за колькасць загінулых у выніку землятрусу ў Турэччыне. Ахвярамі гэтай прыроднай катастрофы сталі каля 50 тысяч чалавек толькі загінулымі. Наколькі менш за гэты лік страціла Украіны, міністр не ўдакладніў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты нясуць труну вайскоўца падчас цырымоніі развітання у Львове, Украіна. 20 лютага 2023 года.
Фота: Petros Giannakouris / AP Photo / East News

Акрамя таго, станам на красавік 2023 года ва Украіне афіцыйна лічацца зніклымі без вестак больш за 7 тысяч вайскоўцаў (большасць з іх, хутчэй за ўсё, застаецца ў палоне).

У лістападзе 2022-га старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Марк Мілі заявіў, што Расея страціла больш за 100 тысяч забітымі і параненымі, а ЗСУ, імаверна, панеслі прыкладна тыя ж страты. Якое акругленне лічбаў мае на ўвазе фармулёўка «прыкладна» – зразумець цяжка. Аднак інфармацыя амерыканскай выведкі, якая трапілі ў медыі ў выніку выцеку, адназначна паказвала на тое, што страты Украіны на люты 2023-га істотна меншыя за расейскія. Як паведамляла агенцтва Reuters, у дакументах спецслужбаў ЗША ўкраінскія страты на той момант ацэньвалі на 15,5–17,5 тысяч забітымі, а з улікам параненых – ад 124,5 да 131 тысячы. Пры гэтым агульныя расейскія страты тады складалі прыкладна 189,5–223 тысячы, з іх 35,5–43 тысячы – толькі загінулымі. То бок з пункту гледжання амерыканскай выведкі суадносіны стратаў Украіны і РФ забітымі былі прыкладна 1 да 2–2,5, а з улікам параненых прыкладна 1 да 1,5 (пры гэтым незразумела, ці ўлічваліся тут загінулыя і параненыя з груповак «ЛДНР»).

Калі ўявіць, што такія суадносіны захоўваліся і пасля лютага (што зусім неабавязкова), то пры кансерватыўных ацэнках расейскіх стратаў 50–66 тысяч чалавек Украіна страціла прыкладна 20–26 тысяч жаўнераў.

Праўда, улады Украіны ніколі не прызнавалі такіх суадносінаў: прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў канцы верасня заяўляў, што расейцаў на вайне загінула ў пяць разоў больш. У Мінабароны Украіны ўвесну 2023-га сцвярджалі, што часам бываюць дні, калі расейцы на асобных кірунках губляюць у 10 разоў больш жаўнераў. Уявім, што гэта сапраўды так. Аднак у такім выпадку з улікам інфармацыі Генштаба ЗСУ, які заяўляе пра 222 тысячы зліквідаваных акупантаў, атрымліваецца, што страты Украіны мусілі скласці ад 22 (1 да 10) да 44 тысяч (1 да 5) чалавек.

Страты цывільнага насельніцтва

Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (OHCHR) станам на 18 чэрвеня заяўляла пра 9083 пацверджаныя выпадкі гібелі цывільных асобаў ва Украіне. Яшчэ 15 790 мірных жыхароў, паводле падлікаў ААН, былі параненыя. Але звесткі OHCHR далёка не вычарпальныя – іх варта ўспрымаць хутчэй як мінімальную планку, што прызнаюць самі аўтары. Звесткі аб некаторых раёнах, дзе ішлі інтэнсіўныя баявыя дзеянні, затрымоўваюцца. У прыватнасці, гэта датычыць, напрыклад, такіх мясцовасцяў, як Марыупаль, Севераданецк, Лісічанск і Папасная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына плача перад часткова разбураным жылым домам пасля расейскага ракетнага абстрэлу. Славянск, Украіна. 14 красавіка 2023 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

Якраз там, імаверна, цывільнае насельніцтва зазнала найбольшыя страты. Толькі ў Марыупалі ў выніку аблогі ды амаль трохмесячных баёў, паводле мясцовых уладаў, маглі загінуць каля 22 тысячаў мірных жыхароў.

У студзені 2023 года камандуючы ўзброенымі сіламі Нарвегіі генерал Эйрык Крыстаферсен (Eirik Kristoffersen) ацаніў сукупныя страты мірнага насельніцтва Украіны на 30 тысяч чалавек.

У лютым 2023-га кіраўнік дэпартаменту Офіса генпракурора Юрый Белавусаў заявіў у інтэрв’ю «The Independent», што за год вайны было знойдзена 10 тысяч целаў, а 21 500 чалавек лічацца зніклымі без вестак. Агульныя страты сярод цывільнага насельніцтва за год вайны маглі скласці да 100 тысяч чалавек загінулымі, мяркуе Белавусаў.

Высновы

Такім чынам, усе існыя ў адкрытых крыніцах лічбы стратаў украінскага войска, расейскага войска і цывільнага насельніцтва ўмоўна можна падзяліць на тры катэгорыі:

1) Мінімальныя ацэнкі – гэта бясспрэчныя лічбы, якія немагчыма паставіць пад сумнеў. Да іх адносіцца пайменны спіс загінулых, складзены Бі-бі-Сі і «Медыязонай», звесткі назіральнікаў ААН, а таксама асобныя публічныя заявы прадстаўнікоў Расеі і Украіны, якія дакладна не зацікаўлены ў завышэнні ўласных стратаў. На падставе гэтых звестках можна прыйсці да высновы, што агульныя цывільныя і вайсковыя страты падчас вайны склалі 70–75 тысяч чалавек забітымі – гэта мінімальна магчымая планка.

2) Кансерватыўныя ацэнкі – гэта лічбы, якія пакуль немагчыма дакументальна пацвердзіць, аднак яны найбольш праўдападобныя. Гэтыя ацэнкі строга карэлююцца з базавымі звесткамі і арыентаваныя на сярэднія паказнікі. Да іх адносяцца высновы расследавання Бі-Бі-Сі і «Медыязоны», звесткі замежных спецслужбаў і аналітычных цэнтраў. На падставе гэтай інфармацыі можна казаць, што агульныя цывільныя і вайсковыя страты падчас вайны склалі 110–120 тысяч чалавек забітымі.

3) Максімальныя ацэнкі таксама адштурхоўваюцца ад базавых звестак, аднак арыентуюцца на самыя высокія з магчымых разлікі. Калі кіравацца гэтымі ацэнкамі, можна дапусціць гібель больш чым 220 тысяч цывільных і вайскоўцаў. У такім выпадку з улікам параненых агульныя страты могуць складаць звыш паўмільёна чалавек.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў