Запавольванне інфляцыі не азначае, што тавары стануць дзешавець, рост коштаў працягваецца


Прэм’ер-міністр Беларусі Рамана Галоўчанка рапартуе, што ў Беларусі дасягнулі рэкордна высокага ўзроўню сярэдняга заробку. Таксама, паводле прэмʼера, значна скарацілася інфляцыя. Але пры гэтым афіцыйная статыстыка сведчыць, што насамрэч рэальны заробак у Беларусі змяншаецца. У эфіры «Белсату» эканаміст патлумачыў, чым абумоўленае такое разыходжанне словаў чыноўніка і рэчаіснасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На паседжанні Савету Міністраў прэмʼер Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ў краіне па выніках першага кварталу бягучага году выконваюцца ўсе сацыяльныя задачы дзяржавы. Прэмʼер-міністр лічыць, што ў Беларусі назіраецца станоўчы тэмп росту рэальных прыбыткаў насельніцтва. Але адначасова з гэтым афіцыйная статыстыка дэманструе, што ў Менску рэальныя заробкі скараціліся больш чым на 7 %.

Эканамістка Аліса Рыжычэнка ў эфіры «Белсату» тлумачыць, што калі разлічваюць рэальныя прыбыткі насельніцтва, то разлічваюць не толькі рэальны заробак, але таксама і пенсіі, прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасці. І ў Менску, паводле эксперта, сёлета зафіксавалі вельмі малы прырост фонду заробкаў.

«Гэта абумоўленае адтокам высокакваліфікаваных і высокааплатных спецыялістаў. Другі момант – у Менску, як у сталіцы, шмат кампаніяў з замежнымі інвестыцыямі, дзе заробкі прывязаныя да курса замежнай валюты. І калі адбываецца індэксацыя, а ў нас курс вагаўся, адбываліся змены. Яшчэ адзін момант – прыбытак ад прадпрымальнікаў», – кажа эканамістка

Hавiны
ВУП Беларусі працягвае скарачацца
2023.05.17 20:50

Паводле Алісы Рыжычэнка, бізнес у рэгіёнах і ў сталіцы працуюць крыху іначай. У рэгіёнах бізнесоўцы працуюць да апошняга, бо няма альтэрнатывы, няма працы, таму нягледзячы на рост падаткаў, на пагаршэнне ўмоваў, яны далей працягваюць працу. А ў Менску не. У прадпрымальнікаў ёсць больш альтэрнатывы, вакансіяў.

«І калі існуюць абмежаванні для вядзення ІП, людзі зачыняюць свой бізнес і ўладкоўваюцца на працу. Але закрыццё ІП і пераход на наёмную працу не перакрывае адток кадраў, які назіраем цяпер у сталіцы. Мы ведаем, што ў Менску найбольш скараціўся бізнес у параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Такое было летась і бачым цяпер. Калі зачыняюць бізнес – скарачаецца колькасць працоўных месцаў і агульны разлік рэальных прыбыткаў насельніцтва становіцца меншым», – кажа эксперт.

Пры гэтым менавіта ў сталіцы назіраецца найбольшая міграцыя. І тое, што людзі з’язджаюць, не азначае, што вакансіі з’яўляюцца.

«Я казала, што бізнес скарачаецца, унутраны попыт скарачаецца, бізнес прыпыняе працу. Там, дзе адбываецца адток кадраў, не заўсёды вакансіі застаюцца. Яны закрываюцца. Найбольш адток мы маем менавіта ў сталіцы. Насамрэч, калі «BEROC» кажа, што з’ехалі каля 150 тысяч чалавек з Беларусі, то мне падаецца, што насамрэч гэтая лічба можа быць нават у два разы большай. Бо ўлічваць усіх, хто з’ехаў – проста не магчыма», – кажа Аліса Рыжычэнка.

Таксама, паводле субяседніцы «Белсату», інфляцыя ў Беларусі ў сакавіку-красавіку пачала скарачацца за кошт высокай базы мінулага году і паказала рост рэальных прыбыткаў па краіне ў цэлым. Гэты рост склаў 0,3 %. Калі б не было мінулагодняй высокай базы па інфляцыі, то мы б і цяпер бачылі зніжэнне рэальных прыбыткаў насельніцтва.

Каментар
«Пазітыў ляжыць на складах». Прэм’ер Беларусі распавёў пра рэкордныя поспехі эканомікі, аднак змаўчаў пра праблемы
2023.05.17 20:09

Увогуле, кажа эканаміст, агучаныя Галоўчанкам лічбы штучна малююцца з дапамогай ручнога рэгулявання коштаў, з улікам высокай базы мінулага году. Таму не варта асабліва разлічваць на поспехі.

«Сярэдні заробак у памеры 627 долараў – гэта насамрэч сумная сітуацыя. Бо ў Польшчы сярэдняя пенсія складае больш за тысячу долараў. Таму калі мы параўноўваем сваю краіну з афрыканскімі краінамі, то можа і ёсць станоўчы момант. Была раней задача дасягнуць паказніка ў памеры 500 долараў сярэдняга заробку. Вось яны і хваляцца, што перакрочылі гэтыя 500 долараў», – кажа эканаміст.

Інфляцыя, паводле Галоўчанкі, зніжаецца, гэта падаецца як дасягненне. Але, звяртае ўвагу Аліса Рыжычэнка, гэтае запавольванне зусім не азначае, што прадукты і тавары стануць таннець. Проста іх падаражэнне будзе больш павольным, чым летась. Кошты працягнуць расці. Эксперт таксама прагназуе, што хутчэй за ўсё да сярэдзіны году будзем бачыць зніжэнне паказнікаў інфляцыі, а далей з жніўня-верасня зноў выйдзем на рэалістычныя лічбы, якія не будуць адлюстроўваць усю сітуацыю праз рэгуляванне з боку дзяржавы. Але гэты эфект высокай базы адыдзе і мы пабачым рэальную сітуацыю.

Аналітыка
Будзем п’янымі і дурнымі? Медыцына і адукацыя Беларусі працягваюць дэградаваць
2023.05.11 10:34

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў