Што трэба зрабіць, каб пачалі прызнаваць пашпарты Ціханоўскай? Інтэрв’ю з палітолагам


Складана заўважыць нейкую зразумелую стратэгію ў тым, што робіць лукашэнкаўскі ўрад. Так лічыць Ондржэй Дытрых, старэйшы аналітык парыжскага Інстытуту Еўрапейскага Звязу для доследаў у галіне бяспекі. Што мае адбыцца, каб заходнія дзяржавы пачалі прызнаваць беларускі альтэрнатыўны пашпарт? Пра гэта – інтэрв’ю Алеся Сіліча з палітолагам.

Алесь Сіліч: Якая роля ў гэтай вайне лялькі Пуціна, як называюць на Захадзе Аляксандра Лукашэнку?

Ондржэй Дытрых: У маім разуменні паводзіны Лукашэнкі працягвалі быць стабільна няўстойлівымі. Яго складана прасачыць, назіраюцца ўсё больш частыя змены ў рыторыцы. Я не веру, што па-ранейшаму ідзе гаворка пра асцярожнае балансаванне, спробы ўтрымацца на адлегласці ў дачыненнях з Масквой і заігрываць з Захадам – стратэгія, якую, як мне падаецца, спрабаваў рэалізоўваць урад Лукашэнкі даволі доўгі час. Цяпер складана заўважыць нейкую зразумелую стратэгію ў тым, што робіць лукашэнкаўскі ўрад.

А. С.: Ці магчымыя нейкія закулісныя перамовы з Лукашэнкам? Або нагул адліга Захаду, найперш Еўразвязу і ЗША, у адносінах Лукашэнкі. Калі так, то на якіх умовах? Палітвязняў вызваляць ён, здаецца, не збіраецца. Іхная колькасць толькі расце. 

О. Д.: Гэта вельмі складана ўявіць сабе пры цяперашнім узроўні палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, а таксама пасля варожых жэстаў і актаў рэжыму Лукашэнкі, здзейсненых супраць Еўразвязу і краінаў-удзельніц за апошні час. Гібрыдная тактыка ваеннага выкарыстання міграцыі і ўсё астатняе. Вельмі складана. Як вы ведаеце, доўгія гады Еўразвяз выкарыстоўваў санкцыйныя інструменты, накладаючы іх звычайна пасля выбараў, а пасля шукаючы моманту, каб паслабіць іх і ініцыяваць нейкія перамены ў кірунку паслабленняў з боку лукашэнкаўскага рэжыму. Цяпер я не бачу нічога падобнага, у тым ліку на фоне геапалітычнага канфлікту, вайны ва Украіне ды ролі, якую рэжым Лукашэнкі ў ёй адыграе.

Студыя «Белсат»
Канец ВНЖ для беларусаў? Пашпарты Новай Беларусі рыхтуюць да друку. Вечаровы эфір за 1 лістапада
2023.11.01 23:01

А. С.: Кабінет законна абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай збіраецца выдаваць беларусам, найперш тым, хто за мяжой, пашпарты новай дэмакратыянай Беларусі. Наколькі гэту ідэю магчыма зрэалізаваць?

О. Д.: Я думаю, што калі мы паглядзім на наяўныя гістарычныя прэцэдэнты, то ўбачым, што імавернасць поспеху залежыць толькі ад таго, ці будзе ўрад Ціханоўскай афіцыйна прызнаны іншымі краінамі як урад у выгнанні. Калі гэтага не адбудзецца, то магчыма рабіць тое, што робяць літоўцы – выдаваць адмысловыя падарожныя дакументы для беларусаў, якія жывуць у Літве, каб дазволіць ім вандраваць. Гэта падаецца мне другой паводле карыснасці з опцыяў.

А. С.: Святлану Ціханоўскую ўжо лічаць прэіздэнткай Беларусі. Перадусім у Бруселі, сталіцы Еўразвязу, яе называюць прэзідэнт-элект.

О. Д.: Так, але гэта не тое самае, што ўрад у выгнанні. Падчас Другой Сусветнай вайны было некалькі ўрадаў у выгнанні: напрыклад, чэхаславацкі ўрад у выгнанні. Іх афіцыйна прызнавалі ў якасці ўрадаў. Некаторыя з гэтых урадаў падпісвалі міжнародныя прававыя пагадненні, нават шматбаковыя пагадненні аб выданні падарожных дакументаў. Я думаю, што гэта складаная праблема. І, вядома, да Ціханоўскай ставяцца як да дэ-факта палітычнай прадстаўніцы краіны, Беларусі, якая ад часу выбараў застаецца ў выгнанні. Але мне падаецца, што юрыдычны акт прызнання яе кабінету ўрадам у выгнанні – неабходная ўмова поспеху гэтай ініцыятывы ў адказ на рашэнне Лукашэнкі не выдаваць пашпартоў беларускім грамадзянам за мяжой.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 2 лістапада 2023 г.

belsat.eu

Стужка навінаў