Міністэрства абароны Беларусі абвясціла новы этап правярання баявой гатовасці


У траўні пачнецца новы этап правярання баявой гатовасці Узброеных сілаў РБ. Цяпер правераць падраздзяленні рэагавання на крызісныя сітуацыі. На зборы выклічуць каля 1000 вайсковаабавязаных. Пра гэта паведамляе Мінабароны.

Артысты ансамблю песні і танца забаўляюць вайскоўцаў на правяранні боегатовасці.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

3 траўня Міністэрства абароны РБ паведаміла аб правядзенні ў гэтым месяцы чарговага этапу «комплекснага правярання баявой гатовасці вайсковых частак і падраздзяленняў, што залучаюцца для рэагавання на крызісныя сітуацыі». Правяранне пройдзе ў першую чаргу ў вайсковых частках і падраздзяленнях, размешчаных у Гарадзенскай, Берасцейскай і Менскай вобласцях.

Для правярання збіраюцца выкарыстаць некалькі вайсковых палігонаў. Адметнасцямі новага этапу правярання стануць стварэнне народнага апалчэння і ўдзел вайсковай авіяцыі Расеі.

«Адной з асаблівасцяў комплекснага правярання будзе апрабацыя фармавання атрадаў народнага апалчэння і выкананне імі вучэбна-баявых задачаў у інтарэсах падтрымання ваеннага становішча. Акрамя таго, экіпажы ВПС і войскаў СПА ва ўзаемадзеянні з экіпажамі ВКС РФ будуць ажыццяўляць выкананне задачаў патрулявання паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.

Будуць задзейнічаны падраздзяленні ВПС і войскаў СПА, сілаў спецыяльных аперацыяў Узброеных сілаў, аператыўных камандаванняў, ракетных войскаў і артылерыі, таксама будуць залучаныя і падраздзяленні забеспячэння. Паведамляецца, што для ўдзелу ў правяранні выклічуць з запасу да 1000 вайсковаабавязаных.

Нагадаем, што папярэдні этап правярання завяршыўся 2 траўня, выкліканых з запасу вайсковаабавязаных пачалі адпраўляць дамоў. Правяранне доўжылася месяц, пачалося яно 3 красавіка 2023 года.

Hавiны
У Беларусі з войска пачалі адпраўляць дадому «партызанаў»
2023.05.02 16:58

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў