На гэтай вайне Лукашэнка прадае зброю, паліва ды ўніформу абодвум бакам

video

Еўрапейскі Звяз заклікае ўлады Беларусі гарантаваць павагу да дэмакратыі ды правоў чалавека, пры гэтым Брусель працягне палітыку «крытычнага дыялогу» з Менскам. Пра гэта кажа рэзалюцыя, прынятая ў чацвер Еўрапарламентам. Гэта не прарыў у вонкавай палітыцы Беларусі, але працяг стабілізацыі стасункаў з абʼяднанай Еўропай. Вядома, Захад не прызнае дэмакратычнасці лукашэнкаўскіх выбараў, але сам не мае асаблівага выбару ў дачыненні з Лукашэнкам. А які выбар мае Беларусь? 

Аляксандр Лукашэнка перад паездкаю ў Маскву старанна наводзіў палітычны марафет, каб Пуцін не лічыў сябе адзіным саюзнікам. Прыняў дэлегацыю з Катару: міністра фінансаў і міністра транспарту.

«Праведзеная пэўная праца нашымі фінансавымі ўстановамі, банкамі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Катар – хоць і дзяржава гэтак званае далёкае дугі, але ўсё бліжэй да Беларусі. Апроч фінансаў ды магчымых у будучыні паставак катарскага газу, ёсць інтарэс у гандлі беларускаю зброяй і тэхналогіямі.

«Беларусь – не лідар у навуковай галіне, але пэўныя тэхналогіі, пэўныя напрацоўкі ёсць. Катар хоча стаць лідарам у галіне адукацыі ў сваім рэгіёне», – кажа эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Пасля катарцаў Лукашэнка прымаў «еўрапейскіх братоў» – дэлегацыю Камітэту палітыкі і бяспекі Рады Еўразвязу.

«Для нас аднолькава важныя стратэгічныя дачыненні з Расеяй, Кітаем, устойлівае ўзаемадзеянне з Еўрапейскім Звязам, Злучанымі Штатамі Амерыкі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Калі казаць толькі пра ўзаемны гандаль – Еўразвязу трэба, каб Беларусь прыняла еўрапейскія стандарты вытворчасці прадукцыі, напрыклад, у бяспецы прадуктаў харчавання. А Менску патрэбная новая дамова пра гандаль з Абʼяднанай Еўропай і зняцце абмежаванняў.

«Беларусь калісьці была выключаная з абагульненай сістэмы прэферэнцыяў Еўрапейскага Звязу, якая таксама ўскладняе нам гандаль. Плюс ёсць таксама еўрапейскія квоты – напрыклад, на наш тэкстыль, і афіцыйны Менск хацеў бы іх адмены», – кажа старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

І вось беларускі Борт № 1 паляцеў на Усход. Але ў Маскве Лукашэнку публічна прынізілі – спачатку ў аэрапорце сустрэлі на ўзроўні губернатара, потым Пуцін прымусіў доўга чакаць, а потым навязаў свой парадак дня. Так што выглядала, нібы Лукашэнка прыляцеў не з афіцыйным візітам, а павіншаваць Патрыярха Маскоўскага Кірыла з юбілеем. Лукашэнка праглынуў крыўду…

«Ёсць аператыўныя пытанні, якія мы мусім хутка развязаць», – нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

І больш за 5 гадзінаў гандляваўся з Пуціным, каб Расея павялічыла пастаўкі нафты. Шмат выпрасіць не ўдалося. Так што на беларускіх НПЗ цяпер вельмі чакаюць азербайджанскую нафту з танкеру, што разгрузіўся ў Адэсе. Няшмат, але хоць штосьці.

Агулам незгаворлівасць Масквы ў нафтавым пытанні робіць усё больш прыцягальнаю схему з даваннем сыравіны з Украіны – на перапрацоўванне, праз трубаправод Адэса–Броды. Украінскі рынак і так сёлета прыняў больш за 3 мільёны тонаў паліва з Беларусі. А можа быць больш.

«Украінскі раздробны паліўны рынак сёння больш як напалову – гэта беларускі бензін. І амаль напалову – дызпаліва», – тлумачыць эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Варта адзначыць і сустрэчу з кіраўніком групы кампаніяў «ІПС Груп» Енсам Хэнкелем. Лукашэнка ўгаворваў нямецкага інвестара ўзяць удзел у мадэрнізацыі «Магілёўхімвалакна».

«Бліжэйшым часам разам з нашаю кампаніяй вы, магчыма, будзеце рэалізоўваць адзін з найважнейшых праектаў, заснаваных на высокіх тэхналогіях», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Падобна, маецца на ўвазе вытворчасць поліэфірных тэкстыльных нітак. Прадукт перапрацоўвання нафты вельмі запатрабаваны ў ваенны час. З якой робяць вайсковую форму, дарэчы, на беларускай зоне. На постсавецкай прасторы мала хто робіць арміраваны гэтаю спецніткаю тэкстыль добрай якасці. А попыт увесь час расце.

«Спецвопратка, вайсковая форма, арміраваныя ніткі для спецтканінаў, пачынаючы з тэнтаў аўтамабіляў, канчаючы арміраваннем розных вырабаў у вайсковай або нафтавай галіне», – пералічвае Ігар Тышкевіч.

Калі ў Беларусі атрымаецца мадэрнізаваць вытворчасць і павялічыць выпуск арміраванага тэкстылю, то ва Украіне ўжо ёсць вялікі рынак збыту. Але хай Кіеў не спадзяецца на сапраўднае братэрства. На гэтай вайне Лукашэнка прадае зброю, паліва ды ўніформу абодвум бакам.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзіце таксама ў праграме «ПраСвет»:

  • Нафта, грошы ды арміраваны тэкстыль. Шматвектарнасць Лукашэнкі як спосаб выжыць
  • Як змагаюцца тайныя службы нашых суседзяў
  • Нямеччына і Францыя – на парозе выбараў
  • Калі абʼяднаецца Кіпр
Глядзі таксама
Каментары