Нож у спіну і пацалункі. Складанасці пошуку нафтавай альтэрнатывы


[/vc_column_text][vc_column_text]На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка больш за 5 гадзінаў трымаў у адным пакоі дзясяткі расейскіх журналістаў і распавядаў ім пра вечнае сяброўства Беларусі і Расеі. Заадно перадаваў мэсіджы для Масквы.

Паводле Лукашэнкі, Крэмль свядома абмяжоўвае магчымасці беларускіх здабывальных кампаніяў на расейскіх нафтавых радовішчах, каб ціснуць на Менск продажам вуглевадародаў. Таму Беларусь сурʼёзна разглядае варыянт паставак даражэйшай нафты праз Украіну, з якой Расея фактычна ваюе.

Ён сам падсадзіў Беларусь на расейскую нафтагазавую іглу, а цяпер спрабуе зняць залежнасць. У гэтую сераду Аляксандр Лукашэнка прыгразіў Маскве вярнуцца да паставак не расейскай сыравіны з Украіны да Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу – праз трубаправод Адэса-Броды або чыгуначным транспартам. Бо Масква не далівае абяцанай нафты праз трубу «Дружба», каб прымусіць Менск заплаціць спрэчную запазычанасць за газ.

«Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы павінныя былі перапрацаваць сёлета 24 млн. тонаў нафты. Першае паўгоддзе яны перапрацавалі амаль 12 мільёнаў тон, а вось у 3-м і 4-м квартале Расея недапастаўляе нафту, і ў выніку беларускія НПЗ вымушаныя знізіць перапрацоўку амаль у 2 разы», – мяркуе эканамічная аглядальніца, эксперт у энергетыцы Таццяна Манёнак.

Мы гэта ўжо праходзілі падчас папярэдніх нафтагазавых войнаў, яшчэ пры дарагой нафце, нагадвае Лукашэнка. Можам паўтарыць. Раней куплялі сыравіну ў Венесуэле, цяпер да паставак гатовыя Азербайджан і Іран.

«Танкер з азербайджанскай нафтай ужо перапрацаваны на Мазырскім НПЗ – 84,7 тысячы тон. Гэта прыкладна 2,5 дні працы на Мазырскім НПЗ. Гэта недастаткова. Канешне ж, калі казаць аб сурʼёзнай альтэрнатыве, то відавочна, што трэба ўключаць у працу нафтапровад. Гэта будзе больш танна», – кажа Таццяна Манёнак.

Уключыць нафтаправод на поўную магутнасць прапаноўвае і сам Кіеў. Гэта выгодна і эканамічна, і палітычна для абодвух краінаў, кажа Ігар Тышкевіч.

«Украіна прапаноўвае Беларусі не толькі выкарыстоўваць трубаправод для прапампоўвання, але і перапрацоўваць украінскую нафту, якую Украіна набыла або здабыла, на Мазырскім заводзе па давальніцкай схеме», – сцвярджае эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Давальніцкая схема значыць: вы нам нафту, мы вам саляру. І ўсе пры грошах. А кампанія «Беларуснафта», якая ўжо некалькі гадоў паціху здабывае сыравіну на ўкраінскай зямлі, на гэтым тыдні паабяцала ўжыць там свае ўласныя тэхналагічныя аперацыі – пад кодавай назвай СКІФ – у здабычы нафты са складаных запасаў. Будуць бурыць пласт на 100 метраў упоперак свідравіны.

Апроч энергетыкі, Беларусь і Украіна актыўна працуюць над агульнымі праектамі ў ваеннай прамысловасці, у навуковым ды транспартным сектары. Заўважныя зрухі ў перадавой лагістычнай галіне – рачных грузаперавозках.

«Той самы Мазырскі НПЗ мае 2 баржы, якія транспартуюць бензін і дызельнае паліва або да гораду пад Кіевам – Украінка – або крыху ніжэй па Дняпры», – распавядае Ігар Тышкевіч.

Адзін з самых амбітных праектаў з удзелам Беларусі, Украіны і Польшчы ды прыцягненнем грошай Еўразвязу гэта аднаўленне рачнога маршруту Е-40. Воднае спалучэнне між Балтыйскім і Чорным морам праз Варшаву, Берасце, Пінск, Кіеў і Дняпро – гэта магчымасць вазіць грузы ў абодвух кірунках у разы танней, чым чыгункай ці фурамі. Праект цалкам упісваецца ў палітыку дэманстратыўнай шматвектарнасці Лукашэнкі. Усім ён сябар і партнёр, хоць да раны прыкладвай.

«Ва Украіне шмат хто пужае – вось зараз Лукашэнка Пуціна падтрымае і калі з поўначы націсне, то Украіны не будзе. Я ўжо ім апраўдваюся, у каторы раз кажу: я не паеду на танку ў Кіеў. На трактары прыеду», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Але як сябар Лукашэнка падвёў украінцаў. У аўторак беларускі прадстаўнік у ААН спрабаваў заблакаваць рэзалюцыю аб парушэнні правоў чалавека ў Крыме, дзе далучэнне паўвострава Расеяй прапісана, як часовая акупацыя. Заблакаваць не выйшла, дык Менск прагаласаваў супраць, разам з Масквой.

«Мы адстойваем права ўсіх постсавецкіх краінаў мець незалежную вонкавую палітыку і мусім даносіць гэта да нашых партнёраў. А што датычыць пазіцыі Беларусі, то мы расцэньваем гэта як нож у спіну», – кажа віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Украіны Ірына Герашчанка.

Нож у спіну Кіеву, затое братнія пацалункі для Масквы. А цяпер дайце нафты, хто колькі можа.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Чаму чачэнцаў з Беларусі не ўпускае Польшча? Якія беларускія прадукты любяць у Латвіі?

Стужка навінаў