Лукашэнка спадзяецца на пачатак «самага актыўнага дыялогу» з Польшчаю

video

Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў 5 снежня ў Менску падчас сустрэчы са спікерам польскага Сенату Станіславам Карчэўскім.

«Вельмі спадзяюся і амаль упэўнены, што ваш візіт у Беларусь будзе пачаткам самага актыўнага дыялогу паміж нашымі краінамі, – цытуе словы Лукашэнкі belta.by. – Пры ўсіх інтарэсах Польшчы і Беларусі, пагадзіцеся, дзяліць нам няма чаго. Мы заўсёды жылі ў дружбе і згодзе. У нас вельмі блізкая, а часам агульная гісторыя. І паколькі часам узнікаюць пытанні з боку Польшчы, можа быць, у нас у часткі насельніцтва, у дачыненні да нашай агульнай гісторыі, я вас хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем адчыненыя. Мы гатовыя адказваць заўсёды на пытанні і запыты польскага боку».

Кіраўнік дзяржавы таксама гаварыў пра тое, што паміж Беларуссю і Польшчай устанавіўся дастаткова высокі ўзровень гандлёва-эканамічных адносінаў. За дзевяць месяцаў 2016-га абʼём таваразвароту склаў $ 1,52 млрд, піша дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.

Падчас сустрэчы Лукашэнка заявіў, што краінам неабходна падымаць палітычныя адносіны на ўзровень эканамічных.

«Размаўляем з Аляксандрам Лукашэнкам аб узмацненні польска-беларускіх стасункаў», – напісаў у сваім «Twitterʼы» Станіслаў Карчэўскі.

Галоўным вынікам візіту прадстаўніка польскага парламенту ў Беларусь мае быць ратыфікацыя пагаднення паміж польскім і беларускім урадамі аб супрацы ў галіне адукацыі. Пагадненне датычыць абмену настаўнікаў, моладзі і студэнтаў, вывучэння польскай мовы ды навуковай супрацы.

«Мы будзем размаўляць пра легалізацыю Саюзу палякаў Беларусі, а таксама пра тое, каб маёмасць СПБ, школы і Польскія дамы, вярнуліся да сваіх законных уласнікаў – да ўправы Саюзу. Беларускія ўлады гатовыя вырашыць гэтую праблему», – сказаў Карчэўскі ў інтэрвʼю Польскаму агенцтву друку (PAP) напярэдадні візіту ў Менск.

 

У менскім аэрапорце Карчэўскага сустрэў спікер верхняй палаты беларускага парламенту Міхаіл Мясніковіч.

Дэлегацыя прадстаўнікоў польскага парламенту на чале са спікерам са Станіславам Карчэўскім будзе ў Беларусі да 6 снежня.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары