Дэлегацыя польскіх дэпутатаў прыедзе ў Беларусь


Прадстаўнікі польскага парламенту на чале са спікерам Сенату Станіславам Карчэўскім з 4 па 6 снежня будуць знаходзіцца з афіцыйным візітам у беларускай сталіцы.

Галоўным вынікам візіту мае быць ратыфікацыя пагаднення паміж польскім і беларускім урадамі аб супрацы ў галіне адукацыі. Пагадненне датычыць абмену настаўнікаў, моладзі і студэнтаў, вывучэння польскай мовы ды навуковай супрацы.

«Мы будзем размаўляць пра легалізацыю Саюзу палякаў Беларусі, а таксама пра тое, каб маёмасць СПБ, школы і Польскія дамы, вярнуліся да сваіх законных уласнікаў – да ўправы Саюзу. Беларускія ўлады гатовыя вырашыць гэтую праблему», – сказаў Карчэўскі ў інтэрвʼю Польскаму агенцтву друку (PAP).

Спікер Сенату таксама плануе абмеркаваць перспектывы трансляцыі польскага тэлеканалу «Polonia» у Беларусі.

Нагадаем, што 30 лістапада ў польскай газеце «Nasz Dziennik» зʼявілася інфармацыя (без спасылкі на крыніцу) аб перамовах афіцыйнага Менску і Варшавы пра дазвол на вяшчанне для польскага тэлеканалу, але пры ўмове скарачэння вяшчання тэлеканалу «Белсат».

Станіслаў Карчэўскі плануе сустрэцца з кіраўніком Беларусі, прэмʼер-міністрам Андрэем Кабяковым, а таксама кіраўнікамі Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Міхаілам Мясніковічам ды Уладзімерам Андрэйчанкам.

Таксама спікер польскага Сенату плануе наведаць Курапаты ды сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, піша svaboda.org.

Напярэдадні візіту ў Беларусь спікер польскага Сенату даў інтэрвʼю выданню «Беларусь сегодня».

«Беларусь ужо 25 гадоў зʼяўляецца суверэннай дзяржавай, і трэба ставіцца з павагай да яе выбару, нават калі хтосьці з ім не згодны або лічыць яго спрэчным. Еўрапейскі звяз перажывае крызіс, бо ягоныя эліты занадта мала ў апошні час прыслухоўваліся і маглі распазнаць чаканні звычайных людзей», – заявіў у размове з sb.by Станіслаў Карчэўскі.

ЮВ, belsat.eu, паводле PAP, sb.by

Стужка навінаў