КДБ затрымаў у Менску яшчэ аднаго грамадзяніна Украіны – дырэктара заводу з Данецкай вобласці

Абноўлена

У Беларусі знік яшчэ адзін грамадзянін Украіны – беларускія спецслужбы затрымалі кіраўніка прадпрыемства ПАО «Завод уцяжарвальнікаў» (г.Канстанцінаўка Данецкай вобласці).

Пра гэта гаворыцца ў лісце на імя амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма ад 16 лістапада, якое ёсць у распараджэнні кіеўскага выдання «Левы бераг» (LB.ua.)

У звароце, падпісаным выконваючым абавязкі старшыні праўлення гэтага завода А. Казьменкай, сцвярджаецца, што дырэктар ПАО «Завод уцяжарвальнікаў» Аляксандр Скіба прыбыў у Менск 15 лістапада ў камандзіроўку на перамовы з ААТ «Менскі трактарны завод», з якім ва ўкраінскага прадпрыемства існуе дамова аб пастаўках прадукцыі, якая выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці беларускага завода.

Скіба вылецеў з Кіева ў Менск 15 лістапада ў 14:20 і прыбыў туды ў 16:15 таго ж дня паводле мясцовага часу. Назад вярнуцца ён збіраўся ў той жа дзень, пра што ён паведаміў па тэлефоне ў 19:20.

Аднак у наступны раз на сувязь Скіба выйшаў ужо раніцай – ён патэлефанаваў жонцы з чужога беларускага нумару і паведаміў, што яго затрымалі супрацоўнікі КДБ Беларусі.

«Спрабуючы даведацца лёс нашага супрацоўніка я звярнуўся па тэлефоне, знойдзенага ў інтэрнеце, да аператыўнага дзяжурнага Упраўлення КДБ Беларусі ў г.Менск з запытам у затрыманні нашага супрацоўніка. Чалавек, які прадставіўся намеснікам аператыўнага дзяжурнага, пацвердзіў мне факт утрымання нашага супрацоўніка ў гэтай установе », – гаворыцца ў лісце.

Пры гэтым прадстаўнік КДБ Беларусі не паведаміў прычынаў і мэты затрымання, паабяцаўшы ператэлефанаваць калі ўзнікне такая неабходнасць.

Выконваючы абавязкі дырэктара ПАТ «Завод уцяжарвальнікаў» з Канстанцінаўкі Данецкай вобласці Аляксей Казьменка пацвердзіў затрыманне Аляксандра Скібы ў інтэрв’ю belsat.eu.

«Пакуль што нам вядома толькі тое, што наш дырэктар затрыманы КДБ, падрабязнасцямі на дадзены момант дзяліцца не хочам у мэтах бяспекі ягонай сям’і. Сёння да яго ў СІЗА накіруюцца адвакаты, не прызначаныя дзяржавай», – паведаміў выконваючы абавязкі дырэктара завода Аляксей Казьменка.

Казьменка падкрэсліў, што затрыманы «ніколі не цікавіўся палітыкай» і, хутчэй за ўсё, неаднаразова наведваў Беларусь з працоўнымі камандзіроўкамі. Пры гэтым праблем з беларускімі спецслужбамі і праваахоўнымі органамі Скіба ніколі не меў.

На пытанне, якія версіі затрымання разглядае кіраўніцтва прадпрыемства, Казьменка адказаў:

«Мы спадзяемся, што гэта непаразуменне. Магчыма, гэта звязана з эканамічнай прычынай, канкурэнцыяй. Цяжка цяпер сказаць..».

Прадстаўнік заводу адзначыў, што чуў пра затрыманага 25 кастрычніка ў Менску карэспандэнта «Украінскага Радыё» Паўла Шаройку, «чытаў пра гэта на навінавых рэсурсах», аднак не звязвае паміж сабой гэтыя затрыманні.

Як распавёў TUT.BY амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, пра затрыманне яму стала вядома ў суботу, 18 лістапада.

«Я адразу ж звязаўся з калегамі з беларускага МЗС. На жаль, яны не валодалі якой-небудзь інфармацыяй. Не далі інфармацыю і ў КДБ », – адзначыў дыпламат.

«Мы накіравалі ноту з патрабаваннем растлумачыць, за што быў затрыманы грамадзянін Украіны, і што яму інкрымінуюць. Мы таксама запатрабаваў дапусціць да затрыманага консула і сваякоў », – дадаў Кізім.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, якая ёсць у амбасадара Украіны, дырэктару ўкраінскага завода інкрымінуюць дачу хабару.

Belsat.eu працягне сачыць за развіццём сітуацыі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары