Кампраміснае і палітызаванае рашэнне. Эксперты пра тое, чаму Нацбанк не змяніў стаўку рэфінансавання


Нацбанк Беларусі. Фота з архіву «Белсат»

Інфляцыя ў Беларусі расце, курс рубля моцна аслаб, а Нацбанк захоўвае стаўку рэфінансавання на мінулым узроўні.

Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банку Беларусі захоўваецца на бягучым узроўні – 7,75% гадавых. Гэта ж датычыць і працэнтных ставак па аперацыях рэгулявання ліквіднасці. Адпаведныя рашэнні прыняло праўленне Нацбанку па выніках пасяджэння 11 лістапада.

Падчас брыфінгу старшыня праўлення НБРБ Павел Калаур прызнаў, што гадавая інфляцыя перавышае прагнозныя паказнікі, рубель адносна долара істотна аслабіўся і адбыўся адток укладанняў з банкаў. Але, паводле яго, фактары, якія ляжаць у падмурку інфляцыі, носяць часовы характар і іх уплыў будзе змяншацца.

У Нацбанку чакаюць, што з другой паловы 2021 года беларуская эканоміка вернецца на «траекторыю ўстойлівага росту» і да канца наступнага года інфляцыя дасягне прагнозных паказнікаў у 5%.

Павел Калаур чакае, што абменны курс надалей не будзе ўплываць на інфляцыю, бюджэтны дэфіцыт паступова знізіцца. Сярод рызыкаў для беларускай эканомікі ён назваў перадусім нявызначанасць з прычыны пандэміі каронавіруса. Але было вырашана захаваць стаўку рэфінансавання на ўзроўні 7,75% гадавых.

Урад хоча панізіць стаўкі

На думку старшага аналітыка «Альпари-Евразия» Вадзіма Іосуба, такое рашэнне Нацбанку па захаванні стаўкі рэфінансавання «ў чарговы раз выглядае кампрамісным і часткова палітызаваным». Пра гэта ён заявіў у каментары belsat.eu.

Аналітык мяркуе, што дзейны ўрад Беларусі хацеў бы змяншэння стаўкі, каб прастымуляваць рост эканомікі.

«Справа ў тым, што розныя крэдыты, перадусім дзяржпрадпрыемствам, у тым ліку стратным, так ці інакш прывязваюць да стаўкі рэфінансавання. І зніжэнне стаўкі магло б, напрыклад, зрабіць большым таннымі крэдыты для дзяржпрадпрыемстваў», – заявіў ён.

З другога боку, у сітуацыі паскарэння рэальнай інфляцыі і таго, што рынкавыя стаўкі зараз знаходзяцца на больш высокім узроўні, лагічней было б стаўку рэфінансавання падняць, адзначыў Вадзім Іосуб. Але гэта прывяло б да росту ставак на льготнае і дырэктыўнае крэдытаванне.

Вадзім Іосуб. Скрыншот Белсат

«Таму была абраная залатая сярэдзіна. З аднаго боку, яны не зрабілі тое, што трэба было б, а з другога, не зрабілі яшчэ горш пад ціскам лабістаў і пакінулі ўсё як ёсць», – падкрэсліў аналітык.

Ён адзначыў, што падчас брыфінгу Павел Калаур заявіў, што змякчэння палітыкі ў наступным годзе не чакаюць.

«То бок, нагодаў для зніжэння ставак доўгі час у нас не будзе. Верагодна, будуць эканамічныя нагоды для таго, каб іх падняць, але зноў жа палітычныя меркаванні перашкодзяць гэта зрабіць», – дадаў Вадзім Іосуб.

Прагноз не ўлічвае рызыкі друкарскага станка

Прагнозы Нацбанку, на думку эксперта, выглядаюць даволі рэалістычнымі. Але, мяркуе ён, не ўлічаная рызыка ўключэння друкарскага станка.

«Ва ўраду вельмі амбітныя планы па эканоміцы – да канца гэтага году выйсці на ўзровень мінулага. І ў наступным годзе яны хочуць паказаць рост. Можа ўзнікнуць спакуса стымуляваць рост эканомікі за кошт эмісіі. Прыхільнікі такіх захадаў былі заўжды, але апошнія гады іх атрымлівалася стрымліваць. Калі яны атрымаюць перамогу і пройдзе нейкі варыянт эмісіі грошай, інфляцыя можа апынуцца істотна вышэй за тыя прагнозы, якія зараз агучыў Нацбанк», – падкрэсліў Вадзім Іосуб.

Палітыка больш уплывае за каронавірус

У сваю чаргу старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў таксама і рызыкі, звязаныя з палітычнай нестабільнасцю ў Беларусі ды з агульным узроўнем недаверу да фінансавай сістэмы краіны.

Леў Львоўскі.
Фота: beroc.by

«Зараз палітычныя рызыкі для Беларусі адыгрываюць вельмі негатыўную ролю. Калі казаць пра фінансавую сферу і зону наўпроставай адказнасці Нацбанку, то іх роля больш важная чым у каронавіруса», – заявіў ён.

Гэтак, паводле эксперта, працягваецца сур’ёзны адток дэпазітаў з банкаў. Іх узровень значна ніжэйшы ў параўнанні са звычайнай сітуацыяй.

«Людзі прад’яўляюць павышаны попыт на замежную валюту. Абменьваюць свае рублі на долары і вымаюць гэта разам з дэпазітамі з банкаў. Людзі, прынамсі іх вялікая частка, робяць гэта зусім не праз каронавірус, а праз наш палітычны крызіс, які спрычыніўся да росту недаверу як да цэнтральных органаў улады, гэтак і да эканамічных уладаў, у тым ліку да Нацбанку і банкаўскай сферы. Таксама частка гэтага адтоку можа быць палітычна матываваная як форма эканамічнага пратэсту», – падкрэсліў Леў Львоўскі.

Крэдыты сталі немэтазгоднымі

Агулам жа, на думку эксперта, сённяшняе рашэнне Нацбанку адносна стаўкі рэфінансавання не з’яўляецца вельмі важным.

Ён падкрэсліў, што зараз стаўка рэфінансавання не звяртае на сябе такой увагі, як традыцыйна. Аналітык адзначыў, што банкі не атрымліваюць рублёвую ліквіднасць пад стаўкі, блізкія да стаўкі рэфінансавання. У выніку сістэма камерцыйнага крэдытавання ў Беларусі практычна спынілася, бо працэнты, якія банкі вымушаныя прасіць за крэдыты, сталі ўжо эканамічна немэтазгоднымі, падкрэсліў Леў Львоўскі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў