Калінкіна пра забойства Шарамета: Беларускага следу я тут не бачу


Святлана Калінкіна распавядае «Белсату», каму прызначалася бомба, ад якой загінуў Павел Шарамет.

Паліцыя кажа, што забойства – наўмыснае. Пытанне: каму прызначалася гэтая бомба – Прытуле ці Шарамету?

Мне цяжка сказаць. Але паводле водгукаў украінскіх калег і палітыкаў, Павел не быў нейкім злосным, апантаным журналістам, таму я не думаю, што менавіта яго маглі ўзрываць.

Ну, калі толькі расейскі след: Павел моцна сябраваў з Барысам Нямцовым, у іх былі сумесныя праекты – і не адзін. Жалобную цырымонію пахавання Нямцова вёў менавіта Шарамет.

Калі [разглядаць] украінскі – мне падаецца, што ў такім выпадку малаімаверна, што мэтай быў Павел.

Наколькі важная фігура ўва ўкраінскай журналістыцы ягоная грамадзянская жонка Алена Прытула, у машыне якой адбыўся выбух?

Яны была галоўнай сведкай паводле справы гібелі Гангадзэ. Да нядаўняга часу яна была галоўнай рэдактаркай «Украінскай праўды», аднаго з самых уплывовых сайтаў Украіны. Гэта вельмі вядомая асоба.

Прытула і Шарамет апошнім часам скардзіліся, што за імі сочаць. Ці можа ён нешта распавядаў вам на гэты конт?

На гэты конт у нас не было ніякіх размоваў.

Каму была патрэбная смерць Шарамета, калі ўявіць, што бомба была для яго?

Магчыма, для таго, каб дэстабілізаваць сітуацыю ўва Украіне. Шарамет – грамадзянін Расеі, бо беларускага грамадзянства яго ў свой час пазбавіў Аляксандр Лукашэнка. Калі апошнім часам ува Украіне было больш-менш ціха – нешта такое было патрэбным тым, каму не хочацца поспеху Парашэнкі і рэформаў ува Украіне.

Гэта могуць быць разборкі паміж алігархамі, бо ўва Украіне ўсе медыі так ці інакш бліжэйшыя да таго або іншага алігарха.

Ці айчынныя журналісты не глядзяць на смерць Шарамета як на спробу застрашыць беларускую журналісцкую супольнасць?

Я пакуль не бачу беларускага следу. Мяркую, што гэтай справе бліжэй да тых краінаў, дзе апошнім часам працаваў Павел – Расеі і Украіне.
Што можна сказаць з Менску? Шкада.

Гэта быў адзін з самых, а магчыма і самы яскравы прадстаўнік нашай прафесіі.

Шкада, што ён не меў магчымасці працаваць у Беларусі, а вымушаны быў з’язджаць адсюль. Шкада, што мы губляем самых таленавітых, самых яскравых – менавіта яны больш за ўсё рызыкуюць.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Святлана Калінкіна і Павал Шарамет у 2004-м выдалі кнігу «Выпадковы прэзідэнт», у якой журналісты раскрываюць феномен Аляксандра Лукашэнкі.

Глядзі таксама
Каментары